Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларуская моладзь так шмат хварэе?


Юлія Шарова, Менск Толькі 30 адсоткаў маладых людзей у Беларусі можна лічыць практычна здаровымі. Усе астатнія маюць рознага кшталту хранічныя захворваньні ці іншыя адхіленьні. Такія зьвесткі агучыў першы намесьнік міністра аховы здароўя Віктар Колбанаў. Найчасьцей моладзь да трыццаці год пакутуе на хваробы дыхальных шляхоў, мае праблемы са зрокам і страваваньнем.

Праблемы са здароўем маюць 70 адсоткаў маладых людзей – называючы гэтую лічбу Віктар Колбанаў адштурхоўваецца ад статыстыкі зваротаў у менскую студэнцкую паліклініку студэнтаў-першакурсьнікаў. Але намесьнік міністра аховы здароўя лічыць, што такія дадзеныя можна ў прынцыпе сьмела экстрапаляваць на ўсю краіну. Хранічныя хваробы дыхальных шляхоў, вачэй і страваваньня былі ў маладых людзей заўсёды, аднак цяпер да гэтых праблемаў далучаецца яшчэ й эндакрынныя захворваньні ды злаякасныя новаўтварэньні – яны сустракаюцца ўсё часьцей.

Што да прычынаў такой вялікай колькасьці нездаровых сярод моладзі, то спадар Колбанаў называе тут экалёгію, спадчыннасьць (беларуская нацыя напрацавала ў гэтым сэнсе не найлепшы патэнцыял) ды “хваробу цывілізацыі” – маларухомы лад жыцьця.

(Колбанаў: ) “Найноўшыя тэхналёгіі, кампутарныя тэхналёгіі, тэлевізія, канечне ж, шмат у чым скарачаюць магчымасьць рухомага ладу жыцьця ў моладзі. Сёньня можна ўбачыць аксэлератаў: гэта высокія й худасочныя, а іншая катэгорыя – наадварот, з атлусьценьнем. Гэта таксама маларухомы лад жыцьця й недастатковая фізычная актыўнасьць”.

Сярод фактараў, якія не спрыяюць умацаваньню здароўя, спэцыяліст называе таксама шкодныя звычкі. На пачатку гэтага году на ўліку ў наркалягічных дыспансэрах было больш за 14 тысяч падлеткаў з наркатычнай ды алькагалічнай залежнасьцю. Прычым са словаў спадара Колбанава, каб атрымаць рэальную колькасьць наркаманаў і алькаголікаў сярод падлеткаў, трэба гэтую лічбу памножыць на пяць.

Як спэцыялісты ацэньваюць рэпрадуктыўнае здароўе беларускай моладзі? У Беларусі сёньня моладзьдзю лічацца людзі ва ўзросьце ад 15 да 31 году – такіх 2,3 мільёны чалавек. Улічваючы тое, што нараджальнасьць у краіне наагул зьніжаецца, рэпрадуктыўнае здароўе маладых людзей таксама мэдыкаў хвалюе – нацыя старэе, і праз некалькі дзесяцігодзьдзяў беларускіх пэнсіянэраў папросту ня будзе каму карміць. Пакуль на ўзровень нараджальнасьці маюць уплыў больш сацыяльныя фактары – на гадаваньне дзіцяці няма грошай, альбо маладыя людзі імкнуцца пажыць для сябе.

Разам з тым у Беларусі вельмі шмат гэтак званых “падлеткавых цяжарнасьцяў” сярод дзяўчат ва ўзросьце ад 15 да 19 гадоў. Тут у нас адзін з самых высокіх у Эўропе паказьнікаў – 43 такіх цяжарнасьці на 1000 дзяўчат.

У падлеткаў і моладзі па-ранейшаму часта знаходзяць вэнэрычныя захворваньні – паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, летась было зарэгістравана 200 выпадкаў сыфілісу й 300 выпадкаў ганарэі ў непаўнагадовых. Таму спадзявацца на тое, што пакаленьне сёньняшняй слабой і хваравітай моладзі народзіць здаравейшых дзяцей, не выпадае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG