Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шалёных ваўкоў у Брагінскім раёне более, але кіраўніцтва Камчарнобылю не ўспрымае праблему сур’ёзна


Казімір Яноўскі, Гомель У Брагінскім раёне за застрэленых ваўкоў паляўнічым выдаюць у якасьці ўзнагароды бычкоў. Такім заахвочваньнем гаспадаркі хочуць абараніцца ад нашэсьця лясных драпежнікаў, якія наносяць асабліва вялікую шкоду жывёлагадоўлі.

Няўжо ваўкі сапраўды так ускладняюць жыцьцё жывёлаводам, што калгасы павінны выбіраць: лепей аддаць бычка паляўнічаму, чымсьці шэраму драпежніку? Такую дылему сапраўды вырашалі нядаўна ў сельгаскаапэратыве “Рудня Жураўлёва”. Па просьбе кіраўніцтва паляўнічыя сталі ладзіць начныя засады блізу фэрмаў, каб пакараць няпрошаных лясных драпежнікаў. Вэтэрынару й паляўнічаму спадару Хадаску ўдалося-такі забіць дарослую ваўчыцу. Ён і атрымаў у якасьці ўзнагароды ацалелага бычка.

Але гэта не азначае, што, так бы мовіць, “воўчае пытаньне” ўжо вырашана. Распавядае жыхарка Рудні Жураўлёвай спадарыня Міроненка, якая сама пацярпела ад нападу ваўка:

(Міроненка: ) “У нас ваўкоў страх як багата. Выюць у Кружках – лесе такім. А цялят часта-часта рвуць”.

Ва ўправе райсельгасхарчу сьцьвярджаюць, што кожны год ваўкі загрызаюць да 90 галоў маладняку. Чым тлумачыцца павелічэньне папуляцыі шэрых драпежнікаў?

Значная частка Брагінскага раёну (Хойніцкага і Нараўлянскага таксама) пасьля Чарнобыльскай катастрофы адышла да Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. Акурат у запаведніку, дзе забаронена гаспадарчая дзейнасьць, і стала надзвычай хутка павялічвацца папуляцыя ваўкоў. Распаўсюд іх ідзе і на сумежныя з запаведнікам тэрыторыі.

Раней кожную зіму ў запаведніку з дапамогаю гелікаптэра вёўся мэтанакіраваны адстрэл шэрых драпежнікаў. Гелікаптэр замаўляўся Камчарнобылем – гаспадаром запаведніка. Але калі былога дырэктара запаведніка ды некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў са сталіцы абвінавацілі ў браканьерстве з прымяненьнем гелікаптэра, Камчарнобыль стаў перасьцерагацца ад такога змаганьня зь перанасяленьнем ваўкоў у чарнобыльскай зоне.

Гаворыць кіраўнік Брагінскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Фёдар Бабранок:

(Бабранок: ) “Гэтага зьвера ў нас шмат. Вялікі прыток ідзе з запаведніка. У запаведніку дзейнічае рэжым “зоны”. Канешне, трэба было б змагацца ўсім. Але гэту праблему кіраўніцтва Камчарнобылю не ўспрымае сур’ёзна. Былі лісты з райвыканкаму, зьвярталіся да іх. Аднак усё гэта перавялі ў сьмяшкі”.

Рэжуць ваўкі па шмат дзесяткаў галоў жывёлы ня толькі ў Брагінскім, але і ў суседніх Хойніцкім і Нараўлянскім раёнах. І тут я мушу сказаць яшчэ пра адну акалічнасьць: перанасяленьне ваўкоў ды іншых жывёлін у радыяцыйным запаведніку і на прылеглых да яго тэрыторыях спрычынілася й да пашырэньня шаленства сярод зьвяроў, ваўкоў у тым ліку. Пра гэта я распавядаў больш за год таму. Шалёныя драпежнікі нападаюць ня толькі на жывёлу, але нярэдка й на людзей, і гэта асабліва небясьпечна.
XS
SM
MD
LG