Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарная агітацыя: на вёсках людзі слухаюць прамовы абыякава й ня вераць у лепшую будучыню


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У выбарчай кампаніі пачаўся пэрыяд агітацыі. Кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту сустракаюцца з выбаршчыкамі, прадстаўляюць свае праграмы. Які расклад кандыдатаў у Магілёўскай вобласьці?

На 13 выбарчых акругаў Магілёўшчыны зарэгістраваны 41 кандыдат у дэпутаты. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у рэгіёне будуць змагацца за мандат 15 вылучэнцаў палітычных партыяў, 7 зь якіх – лібэрал-дэмакраты. Зарэгістраваныя 4 прадстаўнікі АГП й па адным кандыдату ад ПКБ, Народнай грамады, БСДГ і БНФ.

У Клічаўскай выбарчай акрузе балятуецца Вадзім Папоў, сьпікер Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня: ягонай саперніцай будзе Людміла Гушча, вылучэнка Народнай грамады. Аднак найбольш цікавая сытуацыя склалася ў Шклоўскай выбарчай акрузе, дзе зарэгістраваны 4 кандыдаты – Уладзімір Канаплёў, віцэ-сьпікер парлямэнту, і тры прадстаўнікі палітычных партыяў – ЛДП, АГП і БНФ.

Уладзімір Канаплёў супрацьпаставіў аргумэнтам сапернікаў сілу мастацтва “зорак” беларускай эстрады. Гаворыць кандыдат ад БНФ Рыгор Костусеў:

(Костусеў: ) “Канаплёў гэтыя канцэрты правёў ужо ў Круглянскім, Бялыніцкім і Шклоўскім раёнах – гэта дакладна ведаю. Яны гэта зрабілі падчас пачатку навучальнага году, гэта былі сустрэчы з настаўнікамі й канцэрты для іх. Два дні быў у цэнтры Шклова вялікі канцэрт”.

Выбарчая праграма самога Рыгора Костусева адрозьніваецца тым, што ён патрабуе строга спытаць з начальнікаў за становішча, у якім цяпер апынулася Беларусь. І яго ніводны выбаршчык не пераблытае зь іншымі кандыдатамі, бо Костусеў вядзе агітацыю на беларускай мове.

Удалося зарэгістравацца ў Магілёўскай вобласьці і некалькім незалежным кандыдатам, якія карыстаюцца падтрымкай дэмакратычных сілаў.Юрыя Грынявецкага з Бабруйску падтрымлівае Народная грамада. Андрэя Юркова з Горак і Алеся Чыгіра, якія зарэгістраваны ў Бабруйскай сельскай акрузе – партыя БНФ. Гаворыць Алесь Чыгір:

(Чыгір: ) “Мая праграма мае больш сацыяльны накірунак. Я іду як незалежны кандыдат, і ў гэтым таксама ёсьць плюс. Бо людзі на сёньняшні дзень апалітычныя, і яны як бы жадаюць бачыць новых людзей”.

Алесь Чыгір у сваёй праграме робіць націск на стварэньне ў гарадах жыльлёва-камунальных таварыстваў, а на сяле – на захаваньне ФАПаў, дзе кожны вясковец можа атрымаць першую мэдычную дапамогу. Цяпер іх актыўна скарачаюць, і гэта хвалюе сялянаў.

Увогуле. сельскія выбаршчыкі мала ведаюць пра выбарчую кампанію Й не цікавяцца ёй. Як распавёў мне кандыдат з Горацкай выбарчай акругі Аляксандар Галакціёнаў, у вёсках людзі нібыта слухаюць прамовы, але неяк абыякава, і практычна не задаюць пытаньняў. У самога Галакціёнава склалася такое ўражаньне, што сяляне страцілі веру ў лепшую будучыню. Вылучэнец АГП прапануе ім наступныя сродкі для выратаваньня:

(Галакціёнаў: ) “Я прапаную ствараць умовы для таго, каб была праца й добры заробак, а каб яе хапала не на адзін месяц, а на значна большае, чым хапае сёньня. Праца, заробак, законнасьць”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG