Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

22 верасьня 1943 году фашысты расстралялі ў Менску тры тысячы мірных грамадзянаў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 22 верасьня

22 верасьня 1939 году Чырвоная Армія заняла горад Беласток. Цяперашні польскі Беласток у тыя часы быў заселены пераважна беларусамі. Нездарма і народны сход насельніцтва Заходняй Беларусі, які вітаў аб’яднаньне Беларусі ў адну краіну, адбываўся ў Беластоку. Але гэты сход адбудзецца пазьней, а 22 верасьня з прыходам савецкіх вайскоўцаў у Беласток быў завершаны падзел Польшчы паміж СССР і гітлераўскай Нямеччынай.

22 верасьня 1943 году фашысты расстралялі ў Менску тры тысячы мірных грамадзянаў. Гэта была карная акцыя ў адказ на зьнішчэньне папярэдняй ноччу гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Міну ў ложак Кубэ падклала падпольшчыца Алена Мазанік, якая працавала ў Кубэ пакаёўкай. Мазанік удалося ўратаваць сваё жыцьцё.

22 верасьня 1903 году нарадзіўся беларускі пісьменьнік Хвядос Шынклер. Шынклер прыйшоў на сьвет у Заслаўі пад Менскам. Пасьля навукі працаваў у беларускіх літаратурных выданьнях, уваходзіў у літаб’яднаньне “Маладняк” і пісаў празаічныя творы. У часе другой сусьветнай вайны загінуў на фронце пад Сталінградам.

Сярод знакамітых людзей, што нарадзіліся 22 верасьня ў розныя гады, згадаем трох літоўцаў, якія ўсе зьявіліся на сьвет менавіта ў гэты дзень. Гэта мастак і кампазытар Мікалоюс Чурлёніс, двойчы прэзыдэнт і цяперашні прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас і, нарэшце, самы знакаміты літоўскі опэрны сьпявак Віргіліюс Нарэйка.

А яшчэ 22 верасьня нарадзіліся ангельскі фізык Майкл Фарадэй, які адкрыў электрамагнітную індукцыю і прыдумаў генэратар; начальнік генэральнага штабу гітлераўскай арміі фэльдмаршал Вільгельм Кейтэль і амэрыканскі сьпявак і актор Дзін Рыд, які быў папулярны ў Беларусі за савецкім часам.
XS
SM
MD
LG