Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Менскай вобласьці ЦВК задаволіў 5 скаргаў кандыдатаў, у тым ліку трох сябраў апазыцыйных партыў і пратэстанцкага сьвятара


Валер Каліноўскі, Менск Цэнтарвыбаркам знайшоў парушэньне закону шэрагам акруговых камісіяў Меншчыны падчас рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. З 14 скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў задаволена 5, у тым ліку сьвятара пратэстанцкай царквы і некалькіх апазыцыянэраў.

Зарэгістраваныя прадстаўнік “Народнай грамады” Анатоль Букас і сябра АГП Віктар Гарбачоў з Барысава, Пётар Голасаў зь Дзяржынску, незалежны кандыдат Уладзімер Жыткевіч з Пухавіцкага раёну і сьвятар грамады Хрысьціянаў поўнага Эвангельля зь Дзяржынску Мікалай Козел. ЦВК выявіў парушэньні закону і неабгрунтаванасьць рашэньняў адпаведных акруговых камісіяў, якія папярэдне адмовілі ім.

Разам з тым ЦВК падчас свайго вечаровага паседжаньня сам выявіў факт подкупу выбаршчыкаў-салдат, якім бясплатна паказалі кіно, а таксама прыняў да разгляду рашэньне юрыдычнай управы Менскага аблвыканкаму ад 16 верасьня, які зьліквідаваў юрыдычны адрас суполкі “Народнай грамады” ў Мар’інай Горцы. Апошняе выклікала вострую дыскусію, але рашэньне па скарзе было адмоўнае. Найбольш скаргаў было з Пухавіцкай акругі. Гаворыць сябра ЦВК з дарадчым голасам Міхаіл Пліска:

(Пліска: ) “Відавочна, што дзейнічае нейкая замова, як, напрыклад, сёньня па Пухавіцкай акрузе, бо, зразумела, там ідзе Катляроў, дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў”.

ЦВК сёньня адмаўляў у рэгістрацыі ня толькі з прычыны памылак падчас збору подпісаў і няправільна аформленых дэклярацыяў, але і з-за старых пашпартоў грамадзянаў, якія падпісваліся за кандыдата. Ад апошняга пацярпеў прадстаўнік БСДГ Мікалай Арцюхоў зь Нясьвіскай акругі.
XS
SM
MD
LG