Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На разглядзе скаргаў у Цэнтарвыбаркаме пашанцавала толькі аднаму кандыдату, а Скрабец паказаў фотаздымак дома, якога "не існуе"


Уладзімер Глод, Менск Пашанцавала толькі кіраўніку абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімеру Чырвоненку. 13 апэляцыяў Цэнтральная выбарчая камісія не задаволіла. Адну справу — намесьніка старшыні АГП Яраслава Раманчука накіравалі на дадатковае дасьледаваньне. Што тычыцца скаргі народнай артысткі Зінаіды Бандарэнкі, то яна, паводле інфармацыі Лідзіі Ярмошынай, паступіла ў ЦВК толькі 20 верасьня, і таму будзе разглядацца пазьней.

Сярод тых, каму 21 верасьня Цэнтарвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі, дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, першы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін, актывіст Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік, старшыня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі АГП Юры Істомін, лекар Генадзь Урбановіч ды іншыя.

На паседжаньні Цэнтарвыбаркаму найбольш эмацыйна паводзіў сябе Сяргей Скрабец. Ягоны выступ часу ад часу перапыняўся сьмехам. Дэпутат прывёў такі факт: 11 подпісаў жыхароў дому па адрасе горад Ліда, вуліца Качана, дом 6, корпус 1 у ягоную падтрымку прызналі несапраўднымі, бо, паводле даведкі гарадзкога Бюро рэгістрацыі і тэхнічнай інвэнтэрызацыі, такога дому ў Лідзе нібыта няма. А дэпутат паказаў усім прысутным фатаздымкі дома, на якім выразна відаць шыльда з гэтым адрасам, а ў пашпартах жыхароў дома пазначана менавіта такая прапіска. Аднак нават гэтыя аргумэнты спадару Скрабцу не дапамаглі.

Дэпутат лічыць, што супраць яго Цэнтарвыбаркам выканаў палітычную замову.

(Скрабец: ) “Подпісамі яны не абмежаваліся. Мяне вырашылі цалкам абдурыць. Калі я рыхтаваў дэклярацыю, я не спадзяваўся на сваю памяць і таму выбраў адпаведныя даведкі. Пасьля высьветлілася, што бугальтэрыя сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў забылася ўлічыць матэрыяльную дапамогу. Я лічу, што маёй віны тут няма”.

У часе разгляду скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ад Гарадзенскай вобласьці вельмі часта ўзьнікалі сытуацыі, калі адна й тая ж арганізацыя выдавала па дзьве, а часам нават і па тры, даведкі, паводле якіх за адзін і той жа час адна й тая ж асоба зарабіла розныя сумы грошай. Гэтую недакладнасьць ставілі ў віну кандыдатам у дэпутаты.

Сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк некалькі разоў зьвяртаў увагу сваіх калегаў, якія маюць у ЦВК паўнаважны голас, на гэтую, зь ягонага пункта гледжаньня, недарэчнасьць:

(Нісьцюк: ) “Ёсьць два артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць пакараньне за парушэньне выбарчага заканадаўства — 191 і 192. 192-гі прадугледжвае адказнасьць за махлярства з дакумэнтамі падчас выбараў. І калі адна й тая ж асоба, якая нясе адказнасьць за тыя паперы, што падпісвае й падае, на працягу аднаго месяца выдае два розныя дакумэнты, то гэта азначае, што адзін зь іх фальшывы. Па-першае, нельга абвінавачваць у гэтым патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. А па-другое, трэба заводзіць крымінальную справу, бо адна з гэтых папераў не адпавядае рэчаіснасьці”.

Менавіта блытаніна зь лічбамі перашкодзіла стаць кандыдатамі ў дэпутаты Раісе Масько, Анатолю Іванчыку ды некаторым іншым патэнцыйнам прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты з Гарадзеншчыны.

Яшчэ адна сяброўка ЦВК з дарадчым голасам, сакратар Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган, пасьля завяршэньня паседжаньня заўважыла, што старшыні акруговых камісіяў вельмі многае вырашалі так, як ім гэта патрэбна. І вось якім чынам Алена Скрыган тлумачыць іхную зацікаўленасьць:

(Скрыган: ) “Прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў не ўвайшлі ў склад акруговых выбарчых камісіяў Гарадзенскай вобласьці. Таму не зьдзівіла, калі старшыня адной з камісіяў, дакладаючы аб матывах адмовы кандыдату ў дэпутаты, увесь час гаварыла: мая камісія, мае сябры камісіі. Гэта ніколькі не зьдзіўляе, бо так яно і ёсьць. У выніку гэта “мая камісія” рашае ўсё так, як хоча старшыня камісіі. А старшыня камісіі робіць так, як яму загадваюць зьверху. Калі бы ў камісіі былі прадстаўнікі палітычных партыяў, гэта ўжо не была бы “мая камісія”.
XS
SM
MD
LG