Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даў рэкамэндацыі дзяржаўнаму тэлебачаньню, як асьвятляць рэфэрэндум


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка наведаў Белтэлерадыёкампанію. Афіцыйнай падставай візыту прэсавая служба Лукашэнкі называе выпрацоўку шляхоў разьвіцьця нацыянальнага тэлебачаньня. Незалежныя назіральнікі зьвязваюць прыезд кіраўніка дзяржавы з кампаніямі плянаваных парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму.

Супрацоўнікі тэлебачаньня ў прыватных размовах апавядаюць, што з самай раніцы гублялі час, каб патрапіць на працу: служба аховы прэзыдэнта даглядала і асабістыя рэчы, і студыйныя касэты.

Сам Лукашэнка правёў у высотным будынку на вуліцы Макаёнка болей за пяць гадзінаў. На сустрэчу, апроч кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі, былі запрошаныя таксама рэдактары ўсіх буйных дзяржаўных газэт. Асноўная тэма гутаркі — парлямэнцкія выбары і канстытуцыйны рэфэрэндум. Афіцыйныя паведамленьні пра сустрэчу стрымана-ляканічныя. Падкрэсьліваецца толькі тое, Лукашэнка папярэдзіў: агітаваць трэба акуратна, каб не настроіць супраць сябе людзей, якіх улада хоча падцягнуць да сябе і не раздражняць прыхільнікаў, а такіх, паводле Лукашэнкі, у краіне 60–65%.

Былая дыктарка Беларускага тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка называе візыт Лукашэнкі ў Белтэлерадыёкампанію папулісцкім.

(Бандарэнка: ) “Гэта акцыя, каб, зноў жа, спадабацца свайму “любімаму народу” — як Лукашэнка любіць казаць. Маўляў, паглядзіце, ён нават не агітуе, каб за яго галасавалі. Але гэта няшчыра, гэта ўсё піярскія справы. Усё роўна будуць ціснуць, усё роўна ня будуць даваць магчымасьці кандыдатам ад дэмакратычных сілаў выйсьці наперад. І ўлада, і Цэнтарвыбаркам зрабілі ўсё, каб кандыдатаў падзяліць на сваіх і на чужых. Для сваіх дарожка засланая чырвоным дываном, а мы прабіваемся як толькі можам”.

Палітоляг Віталь Сіліцкі зьвязвае паездку Лукашэнкі ў Белтэлерадыёкампанію толькі з падрыхтоўкай да рэфэрэндуму.

(Сіліцкі: ) “На карысьць кандыдатаў усё зробіць выбарчая камісія. Таму ў дадзеным выпадку гутарка можа ісьць толькі пра рэфэрэндум. Магчыма, штосьці ён ухваліць, нейкія дасьць парады… Але відавочна, да чаго гэта прывязана. Відавочна, што будзе задзейнічаная сыстэма кнутоў і пернікаў. І, зусім ня выключана, што ў такой справе Лукашэнка проста жадае ўсё сам кантраляваць”.

Тым часам, назіральнікі канстатуюць, што прапагандысцкая кампанія на карысьць патрэбнага Лукашэнку выніку рэфэрэндуму набірае абароты. На ўсіх каналах няспынна паказваюць сацыяльнага характару ролікі, якія ўслаўляюць прэзыдэнта. Узрастае колькасьць перадач пра выдатныя посьпехі краіны за часам Лукашэнкі й пра тое, як Расея пераймае вопыт упарадкаваньня ўлады, апрабаваны ў Беларусі. Адначасна больш рэзкім становіцца і тон шматлікіх гэтак званых аналітычных перадач БТ, у якіх зьневажаецца апазыцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG