Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пачалася агітацыйная кампанія ў Магілёўскай вобласьці?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Пачалася агітацыйная кампанія ў выбарах дэпутатаў беларускага парлямэнту. У гарадах Магілёўскай вобласьці агітацыя кандыдатаў у дэпутаты толькі набірае абароты.

Наглядная агітацыя ў Магілёве пакуль абмяжоўваецца невялікімі плякатамі з датай выбараў. Мясцовыя газэты друкуюць паведамленьні выбарчых камісіяў ды інфармацыйных агенцтваў.

У эфіры абласнога радыё і тэлебачаньня ўвечары 20 верасьня першым разам выйшлі праграмы пад застаўкай “Выбары”. Пяць хвілін даецца для выступленьня кожнаму кандыдату. Тэлепраграма пачынаецца а 18-й гадзіне. Незалежны кандыдат з Бабруйскай Сельскай акругі Алесь Чыгір адмовіўся ад выступленьня.

(Чыгір: ) “Выступы кандыдатаў у дэпутаты адбываюцца ў той час, калі на тэлебачаньні дэманструюцца любімыя для выбаршчыкаў сэрыялы. Асноўная іэта маёй кампаніі — гэта “door to door”, ад дзьвярэй да дзьвярэй”.

На сустрэчах з выбаршчыкамі робіць націск у сваёй агітацыйнай кампаніі і Рыгор Костусеў, кандыдат ад Партыі БНФ ў Шклоўскай акрузе.

(Костусеў: ) “У раённых цэнтрах людзі ўжо трошкі ведаюць пра выбары, а на вёсцы амаль нічога. На вёсцы людзі пакуль ня ведаюць, што будуць выбары. Будзем аб’яжджаць вёскі й сутракацца зь людзьмі”.

Кандыдаты ад дэмакратычных партыяў гавораць, што гэтымі днямі фактычна ідзе толькі падрыхтоўка да агітацыі, робяцца ўлёткі, расклад пікетаў і сустрэчаў з выбаршчыкамі. Найбольшую актыўнасьць цяпер выяўляюць дэпутаты парлямэнту папярэдняга скліканьня, якія сталі кандыдатамі. Напрыклад, у падтрымку Натальлі Аўдзеевай, якая балятуецца ў Магілёўскай Цэнтральнай акрузе, у мінулыя выходныя выступаў духавы аркестар.

Між тым, дэмакратычныя кандыдаты лічаць, што асноўная агітацыйная кампанія — гэта апошнія два тыдні перад выбарамі, і менавіта на гэты пэрыяд яны плянуюць актыўную працу з выбаршчыкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG