Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі й Васільеў чакаюць разгляду сваіх касацыйных скаргаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Кіраўнікі страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі й Аляксандар Васільеў два тыдні назад атрымалі прысуд — два гады зьняволеньня кожнаму за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Абодва, а таксама іхны адвакат Аляксандар Бірылаў падалі касацыйныя скаргі на рашэньне Ленінскага раённага суду.

Валеры Леванеўскі ўжо закончыў знаёміцца з матэрыяламі судовага паседжаньня: гэта больш за сто рукапісных старонак. Сёньня ў турме, у асобным пакоі іх вывучаў Аляксандар Васільеў. Абодва яны цяпер чакаюць разгляду сваіх касацыйных скаргаў. Гаворыць адвакат Аляксандар Бірылаў:

(Бірылаў: ) “І цяпер, пасьля азнаямленьня з пратаколам судовага пасяджэньня, пасьля разгляду заўвагаў, якія будуць намі пададзены, будзе прызначаны разгляд справы ў абласным судзе”.

Паводле адваката, гэта адбудзецца, хутчэй за ўсё, тыдні праз два-тры. Леванеўскі й Васільеў пакуль застануцца ў сьледчым ізалятары.

(Бірылаў: ) “Яны будуць знаходзіцца там, але прысуд яшчэ не набыў законнай сілы. І да разгляду Гарадзенскім абласным судом касацыйных скаргаў, ён яшчэ лічыцца неправамоцным, гэта значыцца, яны яшчэ не асуджаныя”.

Пра апошнія навіны гаворыць жонка Валерыя Леванеўскага Марына:

(Леванеўская: ) “Учора атрымалі ліст ад Валеры. Ён піша, што ў яго ўсё добра, толькі хвалюецца: як у нас справы? Просіць Валера, каб пісалі яму часьцей, яму так спакойней сядзець. Перажывае за нас: як мы безь яго справімся і выжывем?”

Сын Валерыя Леванеўскага Ўладзімер зазначае, што бацька сядзіць ужо амаль пяць месяцаў.

(Леванеўскі: ) “Галоўнага ў сям’і няма, і мы нават ня ведаем што рабіць. Але неяк круцімся, выжываем, шукаем нейкую часовую працу”.

Маці Ўладзімера стаіць на ўліку ў бюро працаўладкаваньня, атрымлівае 20 тысяч рублёў дапамогі на беспрацоўе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG