Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія хоча атрымаць інфармацыю пра будаўніцтва чатырох ГЭС на Заходняй Дзьвіне


Юры Сьвірко, Менск МЗС Латвіі накіравала беларускаму боку ноту, якой папрасіла даць дадатковую інфармацыю пра пляны будаўніцтва гідраэлектрастанцыяў на Заходняй Дзьвіне, якая ёсьць галоўнай ракой Латвіі й называецца там Даўгава.

Латвія зацікаўленая “рабіць максымум, каб у Беларусі не пабудавалі ГЭС бязь яе ведама”. Кіраўнік латвійскага МЗС Артыс Пабрыкс на сустрэчы з калегамі зь іншых краін Балтыі й Скандынавіі ўжо абмяркоўваў у мінулым месяцы беларускі праект пабудовы гідраэлектрастанцыяў, і міністры з усіх гэтых дзяржаваў Эўразьвязу пагадзіліся, што Латвія павінна як мага хутчэй узяць удзел у гэтым праекце. Паводле зьвестак Рыгі, ужо ў 2008 годзе першая ГЭС будзе пабудаваная ў Полацку, потым — адразу дзьве станцыі ў Бешанковічах і Віцебску, а ў 2016 годзе ГЭС зьявіцца амаль на самай мяжы з Латвіяй — у Верхнядзьвінску.

Як распавёў Радыё Свабода кіраўнік дэпартамэнту аховы асяродзьдзя аднайменнага латвійскага міністэрства Роландс Бэбрыс, Рыга хоча мець падрабязную інфармацыю пра тэхнічныя парамэтры плянаваных электрастанцыяў, беларускае заканадаўства й мажлівасьці Латвіі ўзяць удзел у экспэртызе праектаў. Паводле спадара Бэбрыса, беларускае заканадаўства адстае гадоў на пятнаццаць ад нормаў Эўразьвязу, у які сёлета ўвайшла Латвія.

Спадар Бэбрыс цяпер знаходзіцца на міжнародным сэмінары ў Эстоніі, на якім абмяркоўваюць пытаньні аховы водных басэйнаў і на якім прысутнічаюць прадстаўнікі Расеі, але зь Беларусі нікога няма. Наконт плянаў пабудовы ГЭС на Заходняй Дзьвіне Роландс Бэбрыс сказаў:

(Бэбрыс: ) “Гэта, вядома, сувэрэннае права Беларусі як сувэрэннай дзяржавы рабіць на сваёй тэрыторыі ўсё, што яна жадае, але ёсьць міжнародныя канвэнцыі кшталту той, што датычыць трансгранічнай ацэнкі ўплыву на асяродзьдзе. Беларусь яе таксама падпісала, але, праўда, пакуль не ратыфікавала. Нармальна, калі краіна падпісвае й далей дзейнічае ў духу канвэнцыі”.

Паводле Роландса Бэбрыса, яшчэ ў чэрвені Латвія накіравала адпаведны ліст Беларусі, дзе запытала пра ГЭС і нагадала пра двухбаковую дамову аб Даўгваве—Заходняй Дзьвіне, праект якой ужо ўзгоднены. Адказу не было, і 5 жніўня Рыга даслала другі ліст на тую ж тэму, пасьля чаго праз гадзіну атрымала адказ, які ў Латвіі ацанілі пазытыўна, бо Менск пагадзіўся на супрацоўніцтва й супольную ацэнку. Аднак рэальныя крокі ў гэтай справе зробленыя не былі, таму МЗС Латвіі вырашыла афіцыйна нагадаць пра гэта Менску. Беларускае МЗС заяўляе, што гэтай ноты яшчэ не атрымала. Яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных сказаў:

(Савіных: ) “Праект будаўніцтва ГЭС на Дзьвіне знаходзіцца пакуль у стадыі праектаваньня. Абсалютна відавочна, што ўжо на гэтай стадыі будуць прадугледжаныя ўсе патрабаваньні экалягічнага характару”.

Спадар Савіных выказаў упэўненасьць, што пабудова ГЭС ня выкліча нэгатыўных наступстваў па іншы бок мяжы, бо на станцыях будзе нізкі напор вады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG