Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы маем адну стабільнасьць – гэта беднасьць і нашае бяспраўе”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 20 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Добры вечар, паважанае Радыё Свабода! Я хачу выказацца на вашае пытаньне, ці зьменіцца да лепшага нашае жыцьцё ад зьмены ўлады. Я лічу, што зьменіцца да лепшага, калі прыйдзе да ўлады дэмакрат. І выбар ёсьць. У нашую краіну пойдуць інвэстыцыі, будуць прынятыя лепшыя законы для разьвіцьця прыватнага бізнэсу, будуць адноўленыя тры галіны ўлады, і пачуецца на нашых вуліцах родная мова; зьявяцца беларускамоўныя навучальныя ўстановы, усё тое, што было на пачатку 90-х гадоў і зараз душыцца сёньняшняй уладай.

Сёньняшняя ўлада гаворыць пра стабільнасьць. Але мы маем адну стабільнасьць – гэта беднасьць і нашае бяспраўе. Нас пераводзяць на кантракты, каб лягчэй было выкінуць з працы. А тэрарызму ў нас няма дзякуючы нашай незалежнасьці, дзякуючы Віскулям і Шушкевічу, а не Лукашэнку, які даўно абмяняў бы нас на прэзыдэнцкую пасаду ў Расеі. Дзякуй”.

(Ільля Копыл: ) “Прывітаньне, Свабода! Ня трэба спадзявацца на тое, што мы зьменім прэзыдэнта, і ўсё адразу будзе добра. Трэба рыхтавацца да таго, што будзе напачатку горш, чым зараз. Па-першае, спатрэбіцца шмат сродкаў і высілкаў, каб адбудаваць усё тое, што разбурыў Лукашэнка і каб дагнаць краіны Ўсходняй Эўропы, ад якіх мы адсталі на гадоў 10-15. Па-другое, ня трэба спадзявацца, што нашае насельніцтва зрабіла нейкія высновы і абярэ на пасаду прэзыдэнта разумнага чалавека. Да ўлады рвуцца і Гайдукевіч, і Калякін. Пры такім раскладзе прыйдзецца пачынаць усё спачатку. Калі ў 1994 годзе выбіралі першага прэзыдэнта, у першым туры я галасаваў за Зянона Пазьняка, а ў душы прасіў Бога, каб яго не абралі. І вось чаму. У Беларусі, як у ніякай іншай рэспубліцы, усе бакі жыцьця былі так ахутаны павуцінай КГБ, што пачаўся б сабатаж, і зь Зянонам Пазьняком зрабілі б тое самае, што зрабілі з Гамсахурдзія ў Грузіі й з Алфібеем у Азэрбайджане. У другім туры я выбары байкатаваў.

Трэба рыхтавацца, што 2006 год будзе самым змрочным годам у нашым жыцьці. Але хачу абнадзеяць слухачоў, што самы цёмны час – гэта час перад сьвітанкам. Добрай ночы. Дзякуй.”

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаныя суайчыньнікі і супрацоўнікі Радыё Свабода! На пытаньне тыдня, ці пагоршыцца сытуацыя з сыходам Лукашэнкі, адказаў сам Лукашэнка: “Пагоршыцца!” А пагаршаць яго будуць структуры, якія зьнішчылі Захаранку, Ганчара, Завадзкага і іншых. Абараняць дэстабілізатараў будуць тыя ж, хто абараняе іх і цяпер. І яшчэ хачу прапанаваць людзям пастарэлага ўзросту, абаронцам трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэкі: запытайцеся ў сваіх дзяцей і унукаў, ці хочуць яны жыць і далей у напалову ў п’яным калгасе Беларусь. Не цягніце іх у ўчорашні дзень! Дайце ім магчымасьць будаваць краіну, жыцьцё ў якой будзе для іх у радасьць! Шчасьця вам! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Вось я цяпер слухаю вас. Праслухаў пра чачэнскія ісламскія падзеі. Зь якой асалодай у голасе вашыя карэспандэнты, вашыя вядучыя гэта паведамляюць! І ўвогуле, рабяты, задумайцеся, пра што вы кажаце і як вы кажаце! Задумайцеся! Грошы ня ўсё вырашаюць! Ня трэба ж дурыць людзей, як вы дурыце! Я слухаю сталічнае радыё, тэлебачаньне – і выключаю, бо там балды столькі гоняць! І думаў, што хоць у вас ёсьць нешта разумнае. Але і тут не знайшоў разумнага ні-чо-га! Задумайцеся, рабяты! Будзьце здаровы!”

(Спадарыня: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! Я наконт пытаньня, ці зможа наступны кіраўнік палепшыць становішча ў Беларусі. А гэта будзе залежаць, я лічу, ад самога таго чалавека, ад яго якасьцяў, характару. І, наогул, я паставіла б пытаньне інакш: “Якім павінен быць наступны кіраўнік дзяржавы?” На мой погляд, ён павінен быць абавязкова з высокім інтэлектам, розумам, хоць на траіх дзялі, сумленным, высакародным, высокадухоўным, шчырым, хрысьціянінам і абавязкова беларусам па паходжаньні. Каб яго карані ішлі глыбока ў нашае мінулае. І яшчэ – быць псыхічна здаровым, зь яснай галавой. Вось тады будзе карысьць нам усім і нашай Беларусі. А гэта чалавек па сутнасьці будзе антыподам цяперашняму, так званаму кіраўніку. Дзякуй. Усяго добрага. Свабоды ўсім на нашай роднай зямлі!”

(Спадар: ) “Пагаварыце вы пра дасягненьні рэспублікі, пра “Дажынкі”! Дык вы толькі ўсякую гразь гаворыце й больш нічога!”

(Спадар: ) “Дыктатарскія й аўтарытарныя рэжымы самі па сабе зьяўляюцца тэрарыстычнымі. І гучаць заявы іх кіраўнікоў, што яны адмаўляюцца весьці перамовы зь іншымі, так бы мовіць, незаконнымі тэрарыстамі. Гэтыя крывадушнікі адмаўляюцца нават слухаць удзельнікаў сваіх дэманстрацыяў, пікетаў, забастоўшчыкаў, галадоўнікаў. Лукашэнка распавядае, асуджае тэрарызм у іншых краінах. А сам што робіць? Ён ня слухаў забастошчыкаў-машыністаў мэтро, галадоўнікаў-дэпутатаў, Фралова, Парфяновіча, Скрабца. Дыктатары ў краінах СНД самі зьяўляюцца тэрарыстамі, разам зь Фідэлям Кастрам на Кубе, Паўночнай Карэі, Хусэйнам і Мілошавічам. Яны прыкідваюцца авечкамі, быццам яны ахвяры тэрарызму. На самой справе самі дыктатары і параджаюць гэты тэрарызм. Дзякуй.

Ганебна, што ў нашых школах на Беларусі навучаньне вядзецца не на роднай беларускай мове, а на расейскай. Лічу, што гэта моўнае злачынства супраць беларускага народу і яго будучыні. І падвоенае злачынства, што навучаньне нашых дзетак вядзецца па расейскіх падручніках прарасейскіх цароў-імпэратараў, зьнішчальнікаў Беларусі, а не па сваіх беларускіх аўтарах. Інтэнсіўная русыфікацыя Беларусі вядзецца па загаду Лукашэнкі, які зьнішчае Беларушчыну і ператварае Беларусь у дзевяносты суб’ект расейскай фэдэрацыі. За такую здраду радзіме трэба адказваць як належыць! Размова пра трэці тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі – гэта зьдзек зь беларусаў за іх рахманасьць. Дзякуй.”

(Рысевец Уладзімер: ) “Толькі што пачуў па расейскай Свабодзе голас беларускага журналіста Ігара Карнея. І гаворыць ён “Республика Белоруссия”. Я чуў і раней тое самае, але думаў што ня так нешта пачуў. А тут я ўжо добра пачуў. Дык вось, хачу запытаць у яго: што ж тады, і Іван Кэнэдзі трэба казаць, калі ён хоча ўсё перакладаць на нейкую іншую мову? Беларусь жа не перакладаецца! Хай яны там называюць “Белоруссия” – дык гэта іхняя справа. Але ж па-беларуску ён кажа Беларусь. Дык чаму ў яго на сёньня такія двайныя стандарты? Ну, і шмат чаго яшчэ да журналістаў ёсьць. Але, ладна, пакуль што ўсё”.

(Спадар: ) “Паважаная Свабода! Я мяркую, што без Аляксандра Лукашэнкі Беларусь паступова пачала б рабіць кропку за кропкай на шляху рэформаў да эканамічных пераўтварэньняў. Натуральна, што ў дэмакратычных сілаў ёсьць праграма, ёсьць нармалёвая, эканамічная, сацыяльная праграма разьвіцьця Беларусі. І тое, што нейкія кажуць, асабліва гэты змагар, які кажа, што бяз Лукашэнкі Беларусь прападзе. Гэта глупства! Гэта чарговая афёра! Гэта проста нажыва для прастакоў! Прастакоў багата, якія бяз Лукашэнкі як бяз Сталіна. За Сталіна плакалі і зараз амаль што рыдаюць за Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча. Беларусь не прападзе, а наадварот, пачне паступова разьвівацца і пачне расквітаць. Пакуль Беларусь трымаецца за кошт нафты й даляраў, якія кідае Расейская Імпэрыя за тавары Беларусі. Ёсьць у нас талковыя пасьпяховыя людзі, якія павінны кіраваць краінай: Марыніч, Уладзімер Колас, Ярашук Аляксандар.

Я думаю неабходна зараз скарыстаць магчымасьць байкоту, бо рэфэрэндум пройдзе пад назіраньнем Ярмошынай і Лукашэнкі асабіста, і як Лукашэнка захоча, так і пройдзе рэфэрэндум. Байкот – гэта таксама палітычная справа. Але гэтую палітычную справу байкотам патрэбна было рабіць раней, пачаць яе пасьлядоўна, пасьлядоўна працаваць зь людзьмі, пасьлядоўна працаваць менавіта зь людзьмі, якія праходзяць па кантракту. Зараз жа ў выбарчых камісіях практычна ўсе людзі, якія на кантрактнай сыстэме знаходзяцца. Яны баяцца зірнуць у будучыню, баяцца сказаць “не”, баяцца пачаць супраціў супраць гэтага агіднага, брыдкага рэжыму, які ўсталяваўся на Беларусі і, відаць, будзе яшчэ вельмі доўга турбаваць талковых прыстойных людзей. Калі не зарэгістравалі нават Юрыя Хадыку, такога паважанага, такога талковага мужнага чалавека!

Слухаў Валянціна Голубева. Дзякуй Валянціну Голубеву за тое, што ён падзяліўся сваімі думкамі, сваім меркаваньнем. Голубеў сапраўды талковы чалавек, паважаны чалавек, разумнік! Я яго ў першую чаргу цаню за тое, што ён зразумеў, што гэтыя псэўдавыбары да дабра не давядуць, што ў гэтыя псэўдавыбары гуляць нельга, што гэты рэжым скарыстае магчымасьць для сябе, і патрапяць у палату прадстаўнікоў практычна адны лізаблюды. Голубеў сапраўды разумнік! Сапраўды, калі слухаеш такіх мужных, прыстойных людзей, якія ня думаюць, што ўлада дзеля ўлады, а думаюць за будучыню краіны, таму і не ідуць на гэтыя псэўдавыбары. Вось за гэта яму дзякуй, вялікае дзякуй! Малайчына Голубеў! Дай Бог вам крэпкага здароўя і доўгіх гадоў жыцьця!”

(Спадар: ) “Хачу прапанаваць Лукашэнку, каб ён адмяніў Канстытуцыю беларускую, а замест яе ўзаконіў Статут калгаса Гарадзец Шклоўскага раёну – і праблемы будуць зьнятыя. Дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG