Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высачэзны помнік Сталіну прастаяў у Менску восем гадоў


Галіна Жарко, Менск 21 верасьня 1952 гада ў Менску на Цэнтральным пляцы з пампэзнай ўрачыстасьцю адкрылі помнік Сталіну, прымеркаваўшы гэтую падзею да пачатку работы 20 зьезда Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі. Загалоўкі й артыкулы газэт таго часу сьведчылі аб непахіснай вернасьці ідэям адзінае партыі і ўсенароднай гарачай любові да самага мудрага й справядлівага правадыра. Больш чым праз паўстагодьдзя ўхваленьне заслуг асобы ізноў загучала ў стылістыцы 1950-х.

Зьбіраючы матэрыял пра адкрыцьцё помніка Сталіну, я праглядала верасьнёўскія пэрыёдыкі за 52 год і зусім не дзівілася, што ляўрэат сталінскае прэміі Заір Азгур – аўтар помніка – пачаў артыкул такімі словамі: “Многа год я працаваў над стварэньнем любімага вобраза вялікага правадыра й настаўніка працоўных усяго сьвету, таварыша Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна”.

Далей скульптар расказваў нейкія цікавыя дэталі, напрыклад тое, што бронзавая фігура мела 9 мэтраў вышыні. Пастамэнт – удвая вышэй. Былі й фотаздымкі сапраўды высознага помніка. І вось пасьля ўсяго прачытанага пра помнік правадыру зь нейкім дзіўным пачуцьцём пазнаваньня ўспрымаліся цытаты з нашых цяперашніх газэт. Ну хоць бы такая са “Звязды”: “Кіраўнік дзяржавы маленькіх задач не ставіць... Прэзыдэнт бачыць далей за нас, і погляд гэты на пэрспэктыву; ён лепш і больш рэальна ацэньвае магчымасьці рэспублікі.” І гэтак далей. 4 верасьня 2004 году.

Альбо вынікі сацыялягічнага апытаньня (таксама ў “Звяздзе”), што зьявіліся на другі дзінь пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму: “Эксперты “Экаама” (дарэчы, што за “Экаам” – даведацца пакуль не ўдалося) выявiлi, што большасьць насельнiцтва краiны зьвязвае станоўчыя зьмены ў дзяржаве зь дзейнасьцю Аляксандра Лукашэнкi. Гэтак мяркуе 70,4 працэнта анкетаваных”.

Памятаюць жыхары Менску памятаюць аб тым бронзавым Сталіне, што паўстаў у 52-м на Цэнтральным пляцы, хоць прастаяў пастаўлены “на вякі” грандыёзны помнік толькі 8 гадоў пасьля сьмерці правадыра. Яго зруйнавалі за адну ноч, якраз перад “кастрычніцкімі”, і дэманстрацыя працоўных 1961 году прайшла па ўжо пустым Цэнтральным пляцы, голасна вітаючы іншага кіраўніка.

Але вось цікавая рэч: у старажылаў Менску я пыталася пра помнік, а яны мне расказвалі зусім іншае – пра сваю маладосьць, пра нейкія адметнасьці тых гадоў. Пра жыцьцё. І ня больш за два словы пра бронзавую фігуру на пастамэнце. Вось паслухайце ўспаміны прафэсара Алега Лойкі.

(Лойка: ) “Калі помнік Сталіну паставілі неяк ня ў памяці. У нас падзея была, калі хлеб патаньнеў. У крамах хлеба не хапала. Стаялі ў чэргах па дзьве гадзіны. А ў нас сэсія – няма калі. Куплялі танную салаку. Увесь наш правіянт. Рэгулярна хадзілі разьбіраць руіны. Яшчэ ў 1937 Сталін сказаў: “жиць стало лучше, жить стало веселей”. Тады вельмі “весела” было –самы “хапун”. Але мы, пасьляваеннае пакаленьне, “хапуна” не адчулі”.

Ну вось, засталіся ўспаміны пра “хапун”, чэргі, руіны пасьляваеннага Менску... І над усім гэтым паўстала бронзавая фігура Сталіна – яшчэ пры жывым, дарэчы, правадыры. Натуральна, на Цэнтральнай плошчы падчас адкрыцьця помніка гучалі голасныя вітаньні ў ягоны гонар...

Каб там зрабіць тады сацыялягічнае апытаньне, дык была б зафіксаваная 100 працэнтная народная любоў. А вось дзе рабіў апытаньне таямнічы беларускі незалежны аналітычны цэнтар “Экаам” – невядома. Але вынікі апытаньня, надрукаваныя ў верасьнёўскім дзяржаўным друку сьведчаць: “Калi б выбары прэзыдэнта Беларусi праходзiлi ў гэты час, за цяпер дзеючага кiраўнiка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку прагаласавала б 66,5 працэнта насельнiцтва краiны”. Усё ж такі ў нас 2004 год...
XS
SM
MD
LG