Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пры атручваньні грыбамі магчымыя галюцынацыі й спыненьне сэрца


Іна Студзінская, Менск Нават старажылы не прыгадваюць такога ўраджаўнага на грыбы году. Зь лесу грыбы вязуць кашамі, вёдрамі, мяхамі. Сёлета вельмі багата высыпала баравікоў. Дый надвор’е стаіць надзіва спрыяльнае, сонечнае. Дні цёплыя, а ночы прахалодныя, таму грыбы чыстыя, не чарвівыя. Вось толькі па атручваньнях грыбамі сёлета ў Беларусі таксама пастаўлены рэкорд. Больш за 300 чалавек трапіла ў шпіталі, колькасьць памерлых набліжаецца да двух дзесяткаў. У чым прычыны такога ўсплёску атручваньняў?

Штодня ў аддзяленьне таксыкалёгіі Менскага шпіталю хуткай дапамогі паступае да 20 чалавек з атручваньнямі грыбамі. У панядзелак толькі за тры гадзіны – з 9-й да 12-й – трапіла 13 чалавек. І атручваюцца ня толькі бледнымі паганкамі й мухаморамі, але й баравікамі, падбярэзавікамі, красьнюкамі. Гутару з намесьнікам загадчыка таксыкалягічнага аддзяленьня Валянцінай Нікіціч:

(Карэспандэнтка: ) “Вось вы сьцьвярджаеце, што атручваюцца ў асноўным ядомымі грыбамі. У чым прычына?”

(Нікіціч: ) “Іх няправільна гатуюць. І яшчэ: забываюцца, што грыбы – гэта грубая ежа, і хворым на гастрыт, халецыстыт, панкрэатыт іх лепш ня ўжываць. Нават калі яны іх дастаткова адвараць, а потым падсмажаць, усё роўна могуць быць і ваніты, і панос, і цяжар, і ўзьдзьмуцьце жывата”.

Мэдыкі апошнім часам фіксуюць вельмі шмат атручваньняў і так званымі ўмоўна ядомымі грыбамі. Некаторыя грыбы, якія часьцяком ўжывалі ў ежу, цяпер канчаткова аднесьлі да атрутных.

Вельмі распаўсюджанае сёлета атручваньне сьвінушкамі, ці капыламі, капытамі, кавалямі – у розных мясцовасьцях гэты грыб завецца па-рознаму. Дарэчы, адзін наш калега ў выхадныя атруціўся менавіта сьвінушкамі, ці капыламі. Уражаньні – жудасныя, сьцьвярджае ён:

(Алег: ) “Я прачнуўся ўначы, зразумеў, што нічога ня бачу. Потым пайшоў з пакою. І відаць, страціў прытомнасьць. Бо жонка потым сказала, што мяне не было хвілін 20, а мне падалося, што прайшло імгненьне. Уражаньні такія пры атручваньні грыбамі – як пры моцным атручваньні алькаголем, толькі яшчэ горшыя. Магчымы галюцынацыі, спыненьне сэрца. Хаця я ўсё рабіў быццам бы правільна – двойчы адварыў гэтыя капылкі. Лепш гэтыя рызыкоўныя грыбы ня браць, абыходзіць бокам”.

А вось што пра ўмоўна ядомыя грыбы, і ў прыватнасьці, пра сьвінушку, кажа доктар-таксыколяг Валянціна Нікіціч:

(Нікіціч: ) “Гэта зараз лічыцца неядомым грыбам. Таму што гэты грыб выклікае сэнсыбілізацыю арганізму, альбо алергізацыю. Паўторны прыём выклікае алергічную, анафілягічную рэакцыю. Таму сьвінушка цяпер лічыцца неядомай. Таксама ў веснавы пэрыяд страчкі, смарчкі. Раней яны лічыліся ўмоўна ядомымі. Цяпер яны аднесеныя да разраду атрутных”.

Дарэчы, умоўна ядомымі лічацца й грузды. Але іх трэба правільна гатаваць – тры дні вымачваць, а потым саліць. А яшчэ пра што нагадваюць дактары: усе грыбы трэба двойчы адварыць па 20 хвілінаў, адвары зьліць, і толькі потым смажыць. І сыраежкі ў тым ліку – нягледзячы на назоў, іх абавязкова трэба адварыць спачатку.

Цікава, што доктар Валянціна Нікіціч кажа, што самі таксыколягі ўжываюць толькі шампіньёны з крамы, дзе ёсьць сэртыфікат і гарантыя. Бо нават для адмыслоўца часьцяком вельмі цяжка адрозьніць ядомы грыб ад паганкі-двайніка.

Грыбоў-двайнікоў існуе вельмі шмат. Бледная паганка зялёная і сыраежка зялёная, бледная паганка белая і шампіньён, ці пячурыца, ёсьць мухамор паганкападобны і сыраежка жоўтая, мухамор чырвоны і сыраежка залаціста-чырвоная, серна-жоўтая апенька і летняя апенька. Перачны грыб вельмі падобны на баравік і на махавік. Белы грыб яшчэ падобны і на сатанінскі грыб. Днямі ў аддзяленьні таксыкалёгіі памерла жанчына, якая атруцілася паганкай, якую прыняла за сыраежку. Муж яе, дзякуй богу, папраўляецца. Дык вось ён распавёў, што бледная паганка салодкая, са смакам ляснога арэху і пахам чэзлай ружы.

І прыканцы распавяду пра адзін вельмі арыгінальны спосаб праверкі грыбоў, пра які мне распавёў мовазнаўца, заўзяты грыбнік Іван Яшкін. Ён цягам 30 гадоў езьдзіў у дыялекталягічныя экспэдыцыі ў вёскі і зьбіраў гісторыі пра грыбы, назовы грыбоў, стравы з грыбоў. Іван Яшкін сьцьвярджае, што самы надзейны спосаб праверкі грыбоў – каты. Раней у вёсцы насмажаць грыбоў, і даюць кату. Калі кот не атруціцца, можна ўжываць і людзям. Магчыма, гэта і негуманна, але ж ў мэдыцыне выкарыстоўваюць пацукоў.

І яшчэ адна перасьцярога ад Івана Яшкіна: некаторыя грыбы нельга ўжываць з алькаголем. Ёсьць грыб, які па-руску завецца “навозник белый”, а па-беларуску “гнаявік”. Нельга ім закусваць ні віно, ні гарэлачку. Так што з усімі грыбамі, нават традыцыйна ядомымі, трэба быць вельмі асьцярожнымі і пільнымі.
XS
SM
MD
LG