Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля тэрарыстычнага акту ў Бэслане гомельскія мытнікі зрабілі больш жорсткім кантроль на мяжы з Украінай


Казімір Яноўскі, Гомель У чым выяўляецца падвышаная пільнасьць гомельскіх мытнікаў – можа, яны набываюць нейкую найноўшую апаратуру дзеля праверкі багажу тых, хто едзе праз беларуска-ўкраінскую мяжу? Прынамсі, у асяродку гамельчукоў, што даволі часта перасякаюць беларуска-ўкраінскую мяжу, сапраўды пашырыліся размовы пра тое, што на пераходзе “Новая Гута” мытнікі сталі выкарыстоўваць рэнтгенаўскую апаратуру дзеля праверкі багажу.

Аднак намесьнік начальніка Гомельскай мытні Міхаіл Мятлікаў паведаміў, што ніякай дадатковай апаратуры мытнікі не набывалі. Пераход “Новая Гута” канчаткова здадзены толькі летась і тэхніка тут стаіць даволі сучасная. Проста мытнікі пасьля чарговага тэрарыстычнага акту ў Расеі распачалі больш мэтанакіравана выкарыстоўваць наяўную рэнтгенаўскую тэхніку дзеля дасьледаваньня багажу:

(Мятлікаў: ) “З Украінай у нас ёсьць неабходнасьць зрабіць больш жорсткім кантроль. І мы гэта робім. Але ня шляхам набыцьця нейкай найноўшай апаратуры, а за кошт арганізацыйных мераў. Больш дасканала робім дагляд, выкарыстоўваючы наяўную апаратуру, набытую яшчэ да Бэсланскай трагедыі. З Украіны вязуць нямала такіх рэчаў, што выклікае цікавасьць ня толькі ў нашай службы. Пры тым, вязуць кантрабандным спосабам”.

Паводле яго, абараняць Беларусь ёсьць ад чаго і ад каго. Празь мяжу кантрабандным чынам некаторыя “дзяльцы” імкнуцца нелегальна перапраўляць наркотыкі, безакцызныя цыгарэты, сьпіртовыя напоі, фальшывую валюту. І робяць гэта ня столькі ўкраінцы, колькі расейцы, прыбалты ды іншыя транзытныя пасажыры.

Чым абярнулася гэтая пільнасьць мытнікаў для шэраговых людзей? Апошнім часам гамельчукі нярэдка скардзяцца на тое, што на беларуска-ўкраінскай мяжы ўтвараюцца чэргі. Распавядае жыхар Гомелю, вядомы палітык Віктар Карнеенка:

(Карнеенка: ) “Мне даволі часта даводзіцца бываць ва Ўкраіне. Пераважна з прычыны бытавых пытаньняў. Там больш танныя харчовыя прадукты. Выгодна закупіць іх у Чарнігаве ці тут, побач з Гомелем. У параўнаньні з украінскай мытняй і памежнікамі, беларускі бок вельмі моцна бюракратызаваў гэтую працэдуру. Стаяць іншым разам велізарныя чэргі. Вельмі пільна ідзе дагляд, як быццам гэта не партнэрская краіна, а цэнтар сусьветнага тэрарызму”.

Такая пільнасьць, аднак, існуе толькі на паўднёвай мяжы. На ўсходзе з Расеяй мяжа адсутнічае наогул, хаця менавіта адтуль вядуць у Беларусь шматлікія шляхі рознага кшталту нелегалаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG