Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне зарэгістраваныя тры кандыдаты ад БНФ з шасьці


Сяргей Астраўцоў, Горадня На Гарадзеншчыне ў перадвыбарчую кампанію ўступілі дзевяць прадстаўнікоў кааліцыі “5+”, амаль палова зь іх – прадстаўнікі Партыі камуністаў. Зь пяці яе вылучэнцаў чатыры былі зарэгістраваны кандыдатамі. Не зарэгістравалі толькі кіраўніка абласной арганізацыі партыі Анатоля Іванчыка – у абласным цэнтры. Што датычыць самой Горадні, то тут на тры гарадзкія акругі зарэгістраваныя два сябры партыі БНФ “Адраджэньне”.

Прадстаўнікі “5+” сабраліся ў Горадні й падсумавалі вынікі рэгістрацыі. З шасьці сябраў партыі БНФ яе прайшлі тры – два ў абласным цэнтры і адзін у Смаргоні, зь іх толькі Мікола Воран вылучаўся менавіта ад партыі. Ён – кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі БНФ, балятуецца ў 51-й Занёманскай акрузе. Вось як ён зьбіраецца праводзіць сваю агітацыю:

(Воран: ) “Я падтрымліваю праграму “5 крокаў да лепшага жыцьця”. Што гэта значыць? Гэта значыць, што неабходна змагацца за дастойныя пэнсіі, за высокія заробкі. Неабходна мацаваць сувэрэнітэт Беларусі, змагацца супраць бюракратыі, каб вывесьці Беларусь з багны, з гэтага застою. Каб даць магчымасьць чалавеку выпрастаць плечы, і каб ён адчуў сябе чалавекам, годным чалавекам на нашай свабоднай і незалежнай зямлі”.

Ягоны калега па партыі прафэсар Алесь Астроўскі балятуецца ў 53-й Гарадзенскай Паўночнай акрузе. Пункты ягонай праграмы наступныя:

(Астроўскі: ) “Я ў сваёй праграме хачу растлумачыць людзям, што для таго, каб мы жылі добра, трэба каб усе разумелі, што самым галоўным у нашай дзяржаве зьяўляецца само грамадзтва. Другая істотнейшая рэч – гэта незалежнасьць Беларусі. Трэцяя рэч – гэта лёзунг “уладу бюракратыі – пад кантроль грамадзтва”. Чацьверты лёзунг – гэта “даць уласнасьць людзям”. І апошні лёзунг – гэта “аздаравіць культурна-інфармацыйнае асяродзьдзе, у якім мы жывем”.

Гэта былі пункты праграмы прафэсара Астроўскага. Апроч камуністаў і сябраў БНФ на Гарадзеншчыне яшчэ зарэгістраваны: у Горадні – сацыял-дэмакрат Валянцін Аськірка, у Лідзе – Марына Багдановіч ад АГП, а ў Мастоўскай акрузе Алесь Зарэмбюк ад “Маладой Беларусі”. АГП таксама будзе кіравацца праграмай “5 крокаў да лепшага жыцьця”.

А хто зь вядомых людзей трапіў у лік кандыдатаў, якія удзельнічаюць у выбарчай кампаніі? У Ваўкавыску, напрыклад, добра ведаюць Мікалая Аўтуховіча, у Горадні – Алеся Астроўскага. Досыць вядомым чалавекам ёсьць незалежны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч. А вось Тадэвуша Гавіна не зарэгістравалі. Сёньня раніцай ён і некаторыя іншыя незарэгістраваныя прэтэндэнты будуць у Цэнтрвыбаркаме прысутнічаць пры разглядзе сваіх скаргаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG