Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Цэнтрвыбаркам ужо паступіла каля 200 скаргаў ад незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія пачынае разгляд апэляцыяў ад незарэгістраваных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. На вечар 20 верасьня ўжо мелася каля 200 адпаведных зваротаў. Таму Цэнтрвыбаркам мяркуе працаваць увесь гэты тыдзень штодзённа. Якім чынам будуць групавацца скаргі й наколькі яны тыповыя?

Усе апэляцыі папярэдне падзеленыя па рэгіёнах. І вось сёньня першымі разглядаюцца скаргі незарэгістраваных кандыдатаў з Гарадзенскай і Менскай абласьцей. А наколькі апэляцыі з гэтых рэгіёнаў зьяўляюцца тыповымі, я спытаў сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка. Вось што ён адказаў:

(Лазавік: ) “Сказаць, што ёсьць нейкія тыповыя адказы ў рэгістрацыі было б не зусім правільна. Хаця ўсе іх можна кваліфікаваць па трох напрамках: першы – недакладныя дадзеныя ў анкетах, другі – недакладныя дадзеныя ў дэклярацыях, і трэці – няякасныя падпісныя лісты, у якіх існуе больш за 15% не адпавядаючых рэчаіснасьці подпісаў”.

А вось што кажуць пакуль яшчэ патэнцыйныя кандыдаты на дэпутацкія мандаты, якія спадзяюцца сёньня дамагчыся праўды ў Цэнтрвыбаркаме. Гаворыць Пётр Голасаў, якому адмовілі ў рэгістрацыі ў Дзяржынскай сельскай акрузе:

(Голасаў: ) “У перадапошні дзень рэгістрацыі мяне запрасілі да старшыні акруговай выбарчай камісіі і паказалі нейкую паперу. Гэта была ксэракопія нейкага праекту, па якім я атрымаў нейкія грошы, і там быццам ёсьць мой подпіс і г.д. Але сама папера састаўленая вельмі некампэтэнтна, там пададзеныя няправільныя каардынаты – ці то фонд, ці то фізычная альбо юрыдычная асоба, якая ўвогуле не існуе. І таму я вымушаны быў адказаць: я ня ведаю, якім чынам гэты дакумэнт зьявіўся на сьвет. Таму я не маю ніякага дачыненьня да гэтых папераў, ніякіх прыбыткаў я ня меў і нічога ад падаткавых органаў ня ўтойваў”.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, з 692 патэнцыйных кандыдатаў на дэпутацкія мандаты акруговыя камісіі зарэгістравалі толькі 359, крыху больш за палову. Амаль дзьве траціны з тых, каму адмовілі ў рэгістрацыі, абскарджваюць гэтае рашэньне ў Цэнтрвыбаркаме.
XS
SM
MD
LG