Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за сьвіньняў ня быў зарэгістраваны адзіны прадстаўнік АГП у Гомельскай вобласьці


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Сёньня камісія Палескай выбарчай акругі №45 анулявала рэгістрацыю кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Мікалая Гаўрыленкі адзінага на Гомельшчыне прадстаўніка Аб`яднанай грамадзянскай партыі. Гэтым разам ў выбарчы працэс умяшаліся звычайныя сьвіньні.

У Мазыр, дзе знаходзіцца Палеская выбарчая акругі №45, Мікалай Гаўрыленка прыехаў зь Лельчыцкага раёну, каб зарэгістраваць сваіх давераных асобаў. Аднак на паседжаньні камісіі, якую ачольвае старшыня Мазырскага райсавету Леанід Грыцэнка, кандыдата ў парлямэнт спадара Гаўрыленку абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ўвёў камісію ў зман. Паказаў у дэклярацыі даход ад продажу сьвіней, якіх выгадаваў у сваёй прыватнай гаспадарцы ў вёсцы Мілашэвічы. Тамтэйшы ж сельскі Савет падаў у акруговую выбарчую камісію даведку, што сьвіньні кандыдата ў парлямэнт Гаўрыленкі на ўліку ня значыліся. На гэтай падставе акруговая камісія анулявала рэгістрацыю.

На паседжаньні камісіі разам зь Мікалаем Гаўрыленкам прысутнічаў кіраўнік абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Леанід Арлоў:

(Арлоў: ) “Як мне патлумачыў сам Мікола, сельскі Савет два разы на год абходзіць прыватныя гаспадаркі і перапісвае. Летам: хто, колькі і чаго пасеяў – бульбы, жыта, кукурузы. Зімою: у каго і якая жывёла ёсьць. Але яны гэтага не рабілі, хаця павінны былі зрабіць. Весьці ўлік, усю гэтую статыстыку. Ну і далі статыстыку, што ў яго няма сьвіней. На падставе гэтага сьвінства Гаўрыленку зьнялі з рэгістрацыі”, – распавёў нашаму радыё спадар Арлоў.

Цяпер у Палескай выбарчай акрузе застаўся толькі адзін прэтэндэнт у парлямэнт. Гэта дзейны дэпутат Сяргей Касьцян. Ён ужо восьмы прадстаўнік ад улады, які балятуецца ў рэгіёне на безальтэрнатыўнай аснове.

Мікалай Гаўрыленка будзе абскарджваць адмену ягонай рэгістрацыі кандыдатам. Іншыя 11 незарэгістраваных прадстаўнікоў АГП ўжо падалі скаргі ў Цэнтрвыбаркам на нематываваныя дзеяньні акруговых камісіяў.
XS
SM
MD
LG