Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане перамаглі прапрэзыдэнцкія сілы, а АБСЭ заявіў, што выбары не былі дэмакратычнымі


Юры Дракахруст, Прага На выбарах у ніжнюю палату парлямэнту Казахстана, якія адбыліся ўчора, перамогу атрымалі прапрэзыдэнцкія партыі. Назіральнікі АБСЭ і Рады Эўропы заяўляюць, што казахстанскія выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам.

Першае месца, набраўшы 43% галасоў, заняла партыя “Атан” (“Бацькаўшчына”), кіраваная прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым. На другім месцы з 18% галасоў апынулася партыя “Асар” (“Разам”) дачкі кіраўніка дзяржавы Дарыгі Назарбаевай. Такім чынам праўладныя сілы будуць дамінаваць і ў ніжняй палаце парлямэнту.

Аднак посьпеху дамаглася і апазіцыйная партыя “Ак Жол” (“Сьветлы шлях”). За яе выказаліся 16% казахстанскіх выбаршчыкаў. Назіральнікі адзначаюць, што апазыцыйнасьць партыі “Сьветлы шлях” – даволі памяркоўная. Яна ўстрымлівалася ад наўпроставай крытыкі прэзыдэнта, а адзін з сустаршыняў партыі Алтінбек Сарсенбаеў летась быў прызначаны міністрам інфармацыі. Сёньня ён заявіў, што падаў у адстаўку з пасады міністра на знак пратэсту супраць несправядлівых выбараў.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Казахстану назвала выбары “бліскучымі”.

Міжнародныя назіральнікі ацанілі хаду выбараў інакш.

За хадой выбараў у Казахстане сачыла болей за 300 назіральнікаў ад АБСЭ і Рады Эўропы. Яны адзначылі пэўны прагрэс у параўнаньні з папярэднімі выбарамі: падчас перадвыбарчай кампаніі не была зачыненая ніводная газэта, зьмены ў выбарчае заканадаўства надалі больш правоў назіральнікам.

Разам з тым паводле назіральных місіяў АБСЭ і Рады Эўропы хада перадвыбарчай кампаніі суправаджалася істотнымі парушэньнямі прынцыпаў справядлівасьці і дэмакратызму. Улады ўжывалі запалохваньне выбаршчыкаў. Мэдыі падчас кампаніі аддавалі відавочную перавагу прапрэзыдэнцкім партыям. Дарэчы, Дарыга Назарбаева зьяўляецца кіраўнічкай самага буйнога ў Казахстане мэдыяголдынгу, у склад якога ўваходзяць тэлеканалы, радыёстанцыі, вядучыя газэты і інфармацыйная агенцтва.

Кіраўнік групы назіральнікаў АБСЭ Ігар Осташ падсумаваў высновы назіраньня наступным чынам.

(Осташ: ) “Парлямэнцкія выбары 19 верасьня ў Казахстане не адпавядалі стандартам дэмакратычных выбараў, прынятым АБСЭ і Радай Эўропы. Быў відавочным дэфіцыт празрыстасьці пры прыняцьці важных рашэньняў адносна выбараў. Больш таго, гэтыя рашэньня не абнародваліся своечасова. Аднак мы сапраўды адзначаем некаторыя паляпшэньні ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі”.

Некаторыя экспэрты выказваюць меркаваньне, што 40-гадовая Дарыга Назарбаева можа ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2006 году і зьмяніць на гэтай пасадзе свайго бацьку. Яна адмаўляе гэтыя чуткі і заяўляе, што казаць пра іншага ўладнага кандыдата на выбарах 2006 году наіўна.

Нурсултан Назарбаеў кіруе Казахстанам з 1989 году, спачатку як лідэр рэспубліканскай кампартыі, потым як прэзыдэнт краіны. Ён ўжо працягваў тэрмін свайго прэзыдэнцтва праз сумнеўны рэфэрэндум, нядаўна ён заявіў пра намер удзельнічаць і ў прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG