Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата ў дэпутаты прымусілі зьмяніць тэкст свайго звароту да выбарцаў


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Ад кандыдата ў дэпутаты Анатоля Ляўковіча, які прадстаўляе Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю “Народная Грамада”, акруговая камісія запатрабавала ўнесьці зьмены ў свой зварот да выбарцаў. У іншым выпадку апазыцыйнаму палітыку паабяцалі скасаваць рашэньне пра ягоную рэгістрацыю ў якасьці кандыдата.

Анатоль Ляўковіч зарэгістраваны кандыдатам ў дэпутаты ў Белавескай выбарчай акрузе №7, якая месьціцца ў Камянцы. Ужо напачатку агітацыйнай кампаніі яго прымусілі зьмяніць зьмест свайго звароту да выбарцаў.

Распавядае спадар Ляўковіч:

(Ляўковіч:) “Сёньня я зрабіў запіс на радыё, але пасьля гэтага, праз тры гадзіны патэлефанавалі з акруговай камісіі і настойліва прапанавалі зьняць частку тэксту. А калі я не пагаджуся, будзе ставіцца пытаньне на камісіі аб маім зьняцьці з выбараў. У гэтай сваёй прамове я даю ацэнку бяздарнаму кіраўніцтву, кажу пра беспрацоўе, жабрацкія заробкі і падсумоўваю ўсё гэта наступнымі словамі, якія патрабуюць зьняць:

Я адрасую свой пасыл тым, хто так бяздарна кіруе нашай краінай! Слухайце манголы, туркі, эфіёпы, Як вы дапусьцілі, давялі, Каб у самым цэнтры матухны Эўропы Гэтак не па-людзку мы жылі.

Вось менавіта гэты кавалак тэксту мне прыйдзецца зьняць”.

Старшыня акруговай выбарчай камісіі Віктар Грыцук лічыць, што ў яго былі падставы патрабаваць зьменаў у радыёзвароце кандыдата Ляўковіча.

(Грыцук: ) “Такія словы двухсэнсоўныя, якія ён выкарыстаў і палічыў, што ўсе вакол – ідыёты, нельга ўжываць. Я іх папярэдзіў падчас паседжаньня камісіі пры рэгістрацыі: я чалавек новы, першы год і, калі ласка, рабіце ўсё са здаровым сэнсам, карэктна і згодна Выбарчага кодэксу. А не – мы яго проста здымем з рэгістрацыі”.

У Белавескай выбарчай акрузе, якая аб''ядноўвае Камянецкі ды Пружанскі раёны, зарэгістраваныя чатыры кандыдаты. Цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Зінчанка, абраньне якога на новы тэрмін падтрымліваюць мясцовыя ўлады, ад зваротаў да выбарцаў праз радыё і тэлебачаньне адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG