Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся выступы кандыдатаў у дэпутаты па тэлебачаньні й радыё


Валер Каліноўскі, Менск З 20 верасьня пачынаюцца выступы кандыдатаў у дэпутаты на дзяржаўным тэлебачаньні й радыё. Кандыдаты атрымаюць 5 хвілінаў эфіру кожны на ня самых папулярных каналах, да таго ж іх чакае і рэдакцыйная цэнзура.

Адным зь першых запісаў свой выступ на тэлеканале “Лад” лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Але яму не далі гарантыі, што выступ ягоны пойдзе ў эфір. Перад запісам да кожнага кандыдата ад апазыцыі падыходзіць юрыст і нагадвае, што ягоны выступ можа быць зьняты з эфіру, калі там будуць заклікі да зьмяненьня дзейнага ладу, распальваньня сацыяльнай варожасьці й да т.п. А Аляксандру Дабравольскаму ўвогуле параілі ня згадваць Аляксандра Лукашэнку і ініцыяваны ім рэфэрэндум.

Апазыцыянэры, якія ня мелі трыбуны ў дзяржаўных СМІ цягам апошніх гадоў, скарысталіся прадстаўленым ім правам, аднак ня маюць асаблівых ілюзіяў наконт уплывовасьці іх выступаў. Гаворыць кандыдат ад БНФ Валянціна Сьвяцкая, якая сёньня запісвала свае выступы на тэлеканале “Лад”і радыё “Сталіца”:

(Сьвяцкая: ) “Нам далі такі эфір, што як кажуць, адмовіцца нельга, але ж карысьці ён ніякай нам не прынясе. Мала хто глядзіць гэтыя каналы”.

Сёньня былі агучаныя першыя вынікі незалежнага маніторынгу асьвятленьня кампаніі ў правядзеньні парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў беларускіх СМІ. Маніторынг, які праводзіць БАЖ, нечакана зафіксаваў невялікую ўвагу дзяржаўных СМІ да выбарчай тэмы ў першыя тыдні кампаніі. Акрамя таго, большасьць дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ выявілі перадузятасьць у асьвятленьні выбарчых падзеяў. Гаворыць каардынатар незалежнага маніторынгу Алесь Анціпенка:

(Анціпенка: ) “Дзяржаўныя СМІ ствараюць скажоную карціну апанэнтаў. Выбарцы пазбаўленыя мажлівасьці мець поўную, дакладную і своечасовую інфармацыю адносна выбарчага працэсу, адносна ўдзельнікаў гэтага выбарчага працэсу, і рэпрэзэнтацыя гэтых удзельнікаў не зьяўляецца дакладнай”.

Спадар Анціпенка зазначыў, што паводле вынікаў апрацоўкі публікацыяў на выбарчую тэматыку арганізатары маніторынгу прыйшлі да высновы, што дзяржаўныя СМІ не адлюстроўвалі інтарэсаў усіх сацыяльных групаў насельніцтва і нават выкарыстоўваліся ўладамі ў якасьці інструмэнту ўласнай палітычнай рэклямы. Алесь Анціпенка паведаміў, што іх маніторынг выбараў і рэфэрэндуму будзе працягвацца да 16 кастрычніка.

Ці могуць зьмяніць такую сытуацыю ў дзяржаўных СМІ прадстаўленыя кандыдытам у дэпутаты выступы па тэлебачаньні й радыё? Меркаваньне лідэра БНФ Вінцука Вячоркі, кандыдата ў дэпутаты па адной зь менскіх акругаў:

(Вячорка: ) “Ніякай канкурэнцыі гэтыя пяціхвілінныя выступы на ня самым папулярным канале і ў найменш глядзельны час афіцыйнай прапагандзе не складуць. Афіцыйная прапаганда ў найлепшы эфірны час запоўненая прапагандысцкімі фільмамі альбо кліпамі, якія выходзяць у эфір па найбольш глядзельных каналах, і абсалютна зразумела, што пяціхвілінкі для менчукоў на “Ладзе”, а для неменчукоў на абласных каналах зробленыя для адчэпнага, для супакаеньня міжнароднай грамадзкай думкі”.

Вінцуку Вячорку і іншым дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты давялося некалькі дзён дамагацца, каб у рэдакцыі газэты “Рэспубліка” прынялі іх заяўкі на публікацыю перадвыбарчых праграмаў. Толькі пасьля звароту кандыдатаў у ЦВК і Мінюст у газэце пагадзіліся выканаць Выбарчы кодэкс і пастанову ЦВК. У панядзелак у рэдакцыі паведамілі, што ўсе заяўкі апазыцыянэраў зарэгістраваныя і канфлікт вычарпаны.
XS
SM
MD
LG