Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знайшлі вінаватага ў крымінальнай справе намесьніка дырэктара МТЗ – расейца, які вывез з заводу 400 трактароў “Беларусь”


Любоў Лунёва, Менск Менская гарадзкая пракуратура паставіла кропку ў крымінальнай справе супраць намесьніка генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу Івана Літошкі. Арыштаваны чалавек, які з дапамогай падробленага дакумэнту вывез з тэрыторыі заводу 400 трактароў “Беларусь” агульным коштам на 11 мільярдаў рублёў.

Сьледчыя менскай пракуратуры арыштавалі грамадзяніна Расеі Віктара Фабрычнага. Яго абвінавачваюць у махлярстве. Сьледзтвам даказана, што год таму спадар Фабрычны прапанаваў кіраўніцтву заводу падпісаць дакумэнты на пастаўкі трактароў “Беларусь” некалькім расейскім фірмам. Махляр запэўніў намесьніка дырэктара, што грошы пералічаць на рахунак заводу адразу пасьля таго, як фірмы атрымаюць прадукцыю. Іван Літошка даў дазвол на вываз 400 трактароў з тэрыторыі заводу.

Афэра раскрылася пасьля таго, як у часе фінансавай праверкі інспэктары не знайшлі папераў, якія бы пацьвердзілі сапраўднасьць угоды. Намесьніка дырэктара МТЗ арыштавалі. Суд пакараў яго пазбаўленьнем волі на 7 гадоў за злоўжываньне службовым становішчам. Праваахоўчыя органы займаліся пошукам 400 трактароў у Расеі. Высьветлілася, што спадар Фабрычны скарыстаўся звычайнай схемай: грошы пакупнікі трактароў пераводзілі на рахунак “фірмаў на адзін дзень”. На сёньняшні дзень большую частку грошай удалося вярнуць. Паводле беларускага закону грамадзяніну Расеі Віктару Фабрычнаму за махлярства пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Але на лёс асуджанага намесьніка дырэктара гэта не паўплывае.

Адвакат Алена Сапега кажа, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае абавязковай папярэдняй аплаты:

(Сапега: ) “Паколькі ўгоду заключылі з грамадзянінам Расейскай Фэдэрацыі, то на момант яе заключэньня неабходна было толькі, каб расейская фірма на момант падпісаньня была ў рэгістры і зьяўлялася платнікам падаткаў. Згодна зь беларускімі нормамі заканадаўства, на такія ўгоды распаўсюджваецца валютны кантроль. Паколькі прадукцыю паставілі без папярэдняй аплаты, то грошы абавязаны былі пералічыць праз 60 дзён. Але нават калі гэты тэрмін прайшоў, гэта не дае падставаў прыцягнуць чалавека да крымінальнай адказнасьці”.

Паводле Крымінальнага кодэксу можна асудзіць чыноўніка, калі ён загадзя ведаў, што грошы за тавар не паступяць.

Справу намесьніка генэральнага дырэктара МТЗ Івана Літошкі распачалі празь некалькі месяцаў пасьля таго, як арыштавалі генэральнага дырэктара прадпрыемства Міхаіла Лявонава. Яна адна са шматлікіх крымінальных справаў супраць прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу: кіраўнікоў Беларускага мэталюргічнага заводу, заводу аўтаматычных лініяў, Беларускай чыгункі, аб’яднаньня “Атлянт”, галоўных лекараў другога і чацьвертага клінічных шпіталёў. Усіх іх яднае адзін артыкул — злоўжываньне службовым становішчам.
XS
SM
MD
LG