Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Навасяду і Лапіцкаму адклалі рэгістрацыю на пяць дзён?


Уладзімер Глод, Менск Некаторым удзельнікам выбарчай гонкі акруговыя камісіі далі адтэрміноўку. У гэты сьпіс трапілі дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд, намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яўген Лабановіч, актывіст дэмакратычнага руху з Жодзіна Аляксей Лапіцкі ды некаторыя іншыя.

Выбарчы кодэкс дазваляе ў некаторых выпадках вырашаць праблему рэгістрацыі кандыдатаў на дэпутацкі мандат яшчэ празь пяць дзён пасьля афіцыйнага завяршэньня гэтай працэдуры. Затрымка справы Ўладзімера Навасяда зьвязаная перадусім з тым, што выбарчая камісія Менскай-Купалаўскай акругі 16 верасьня быццам бы ня мела адпаведнай даведкі са сталічнага бюро рэгістрацыі й тэхнічнай інвэнтарызацыі. Аднак дэпутат сьцьвярджае іншае:

(Навасяд: ) “У БРТІ яны атрымалі адказ, прычым там стаіць прозьвішча чалавека, які атрымаў паперы. Іншая справа, што дакумэнты чамусьці забіраў ня сябра нашай акруговай камісіі, а з суседняй акругі. І гэта было 13 верасьня”.

Яшчэ ўвечары 16 верасьня спадар Навасяд прынёс у акруговую камісію неабходную даведку, аднак камісія пакуль не прымае рашэньня:

(Навасяд: ) “Яны ў пятніцу спрабавалі сабраць камісію, але ў іх не хапіла для кворуму аднаго сябра. Яны спасылаліся на тое, што хтосьці на лецішча паехаў, хтосьці яшчэ некуды. Я ім адказваю: конкурс у акруговую камісію быў вялікі, калі вы ня можаце, дык трэба сыходзіць, у вас лецішча, у мяне выбары. Потым яны ў суботу спрабавалі сабрацца, але тады ўсяго чатыры асобы зьявіліся”.

Адрозна ад Уладзімера Навасяда, пакуль патэнцыйны кандыдат па Жодзінскай выбарчай акрузе Алесь Лапіцкі ўвогуле ня ведае, у чым яго падазраюць:

(Лапіцкі: ) “Падчас рэгістрацыі мне абвясьцілі, што ўсе мае дакумэнты адпавядаюць сапраўднасьці, таму да іх ніякіх пытаньняў няма. Але вось, на жаль, да нас трапіў ліст аднаго грамадзяніна, якога мы ня можам вам паказаць. І не паказалі яго мне нават здалёк. Таму патрабуецца дадатковая праверка”.

Усе патэнцыйныя кандыдаты, якія атрымалі адтэрміноўку, спадзяюцца атрымаць рашэньне камісіяў 21 верасьня.

На фотаздымку: Уладзімер Навасяд
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG