Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто адказны за сьмерць трох вучняў і настаўніка ў краснапольскай школе?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве пачаўся судовы працэс, на якім разглядаецца справа краснапольскай школы №1, дзе сёлета 27 студзеня адбылася трагедыя: перакрыцьці столі абрынуліся ў спартовую залю, дзе ў той момант займаліся дзьве клясы. Загінулі чатыры чалавекі — настаўнік і тры школьнікі.

Судовы працэс аб трагедыі ў краснапольскай школе закрыты, адвакаты абвінавачаных выступілі катэгарычна супраць прысутнасьці журналістаў у залі суду. На лаве падсудных — восем чалавек, гэтыя людзі — супрацоўнікі будаўнічых арганізацыяў Магілёўскай вобласьці і ўстановаў, якія кантралююць якасьць будаўніцтва.

Нагадаем, што школа №1 у Краснапольлі была знакамітым раённым даўгабудам, яе нарэшце адчынілі толькі тры гады таму. Абвал столі й гібель людзей у новым будынку сталіся шокам. Улады выплацілі пацярпелым грашовую кампэнсацыю — на ўсіх 20 мільёнаў рублёў. Школу пасьля экспэртызы адрамантавалі, і 1 верасьня дзеці пайшлі вучыцца.

Сёньня з раённага цэнтру ў Магілёў прыехалі 36 чалавек, столькі пацярпелых фігуруюць у судовым працэсе. Гэта родныя настаўніка і трох школьнікаў, якія загінулі, падлеткі, якія атрымалі цялесныя пашкоджаньні, і іх бацькі, якія прадстаўляюць інтарэсы сваіх непаўнагадовых дзяцей.

(Спадарыня: ) “Прыехалі на суд, таму што нейкая справядлівасьць павінна перамагчы”.

(Іншая спадарыня: ) “Спадзяемся, суд вырашыць”.

Бацькі дзяцей, якія пацярпелі, гавораць пра ўрокі краснапольскай трагедыі:

(Спадарыня: ) “Хацелася б, каб такіх памылак, якія былі зробленыя пры будаўніцтве нашай школы, нідзе не паўтарылі. Каб нашы дзеці ішлі ў школу, і мы былі спакойныя за ніх, што яны былі здаровыя і ў бясьпецы”.

Судзьдзя Магілёўскага абласнога суду Міхаіл Мельнікаў, які старшынюе на працэсе, мяркуе, што разбор будзе доўгі і прысуду можна чакаць не раней чым празь месяц.
XS
SM
MD
LG