Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне на вуліцах: "Як вы ставіцеся да магчымасьці ўвядзеньня пажыцьцёвага прэзыдэнцтва ў Беларусі?"


Ганна Соусь, Менск З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Як ставіцеся да магчымасьці ўвядзеньня пажыцьцёвага прэзыдэнцтва ў Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Магчыма, абсалютна магчыма. Але я супраць. А што ён зрабіў добрага для ўсіх? Я думаю, што гэта ня толькі мая думка, але й думка ўсяго студэнцтва. Але ён будзе абраны”.

(Спадар: ) “Гэта вы глупства гаворыце. Правакацыйнае пытаньне. Такога прэзыдэнта няма нідзе і быць ня можа ў Эўропе і ў сьвеце. Толькі каралі пажыцьцёвыя”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, гэта правільна. Калі чалавек можа, няхай кіруе”.

(Спадар: ) “Канечне, адмоўна, таму што гэта не адпавядае нормам дэмакратыі”.

(Спадарыня: ) “Адмоўна. Трэба, каб і іншыя прыйшлі, з новымі думкамі. Адзін чалавек ня можа ўсё жыцьцё кіраваць”.

(Спадар: ) “Будзем, як у Іраку”.

(Спадар: ) “А як прэзыдэнт ставіцца, так і мы паставімся. Так у нас у краіне заведзена”.

(Спадарыня: ) “Неяк пакаленьні мяняюцца, і ў людзей павінен быць выбар”.

(Спадарыня: ) “Калі будзе пажыцьцёвы прэзыдэнт, ён будзе як цар. Я думаю, што гэта вельмі дрэнна”.

(Спадар: ) “Павінна быць так, як напісана ў Канстытуцыі, а ня гэтыя рэчы”.

(Спадар: ) “Я ўвогуле супраць Лукашэнкі, мне ён не падабаецца. Але я думаю, што лепш за яго ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Тое, што ён зрабіў за 10 гадоў, не было нічога добрага й ня будзе”.

(Спадар: ) “Прэзыдэнт павінен мяняцца часам. Проста народ павінен сам выбіраць прэзыдэнта, а не прэзыдэнт сам сябе выбіраць. І тое, што ён сам сябе ставіць, сьведчыць пра дыктатуру”.

(Спадарыня: ) “Мы, навучэнцы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, ставімся абсалютна адмоўна. Гэта зьява недэмакратычная. І што цікава, што людзям гэта абсалютна ўсё роўна”.

(Спадарыня: ) “Я таксама вельмі адмоўна стаўлюся да гэтай зьявы. Я лічу, што гэта проста непавага да свайго народу і да галоўнага дзяржаўнага закону, да Канстытуцыі”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што так не павінна быць. Трэба саступаць іншым. Усё ж адзін чалавек ня можа ўвесь час быць пры ўладзе і дыктаваць свае ўмовы”.

(Спадарыня: ) “Станоўча. Нам хапае, пэнсіянэрам, шкадаваць пакуль няма аб чым”.

(Спадарыня: ) “Пажыцьцёвага… Катэгарычна супраць. Што значыць пажыцьцёвага? Я лічу, што павінны мяняцца людзі, больш сьвежыя… Я ня тое што супраць прэзыдэнта, але я лічу, што пажыцьцёва нельга”.
XS
SM
MD
LG