Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзь разважае пра рэфэрэндум, школьную форму, інтэрнаты, ўраджай, гісторыю і жаночую прыгажосьць


Франак Вячорка, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

Гаворкі пра рэфэрэндум

Рэфэрэндум абвешчаны, па дзяржаўных каналах круцяць агітацыйныя ролікі “За моцную і квітнеючую Беларусь”, у афіцыйных мэдыях шараговыя выбарцы бяспрэчна “за” трэці тэрмін, а незалежныя экспэрты прагназуюць усясьветнае непрызнаньне вынікаў галасаваньня. На такім тле зрэдку згадваюць, што за час кіраваньня спадара Лукашэнкі ў Беларусі вырасла цэлае пакаленьне моладзі, якое іншага прэзыдэнта й ня ведае, і пра тое, што падаўжэньне паўнамоцтваў спародзіць новую хвалю эміграцыі. І першай зь Беларусі паедзе моладзь. Мы скіраваліся на вуліцы Менску. Цікавімся меркаваньнямі юнакоў і дзяўчатаў.

(Вячорка: ) “Як ты паставіўся да нядаўна абвешчанага рэфэрэндуму?”

(Хлопец: ) “Ні для каго ў нашае краіне не было сакрэтам, што Лукашэнка хоча зьмяніць Канстытуцыю. Мяркую, што калі яму надакучыць быць прэзыдэнтам, ён зробіць зь Беларусі манархію і стане імпэратарам”.

(Вячорка: ) “Калі народ падтрымае ініцыятыву прэзыдэнта, і ён зможа балятавацца на наступны тэрмін і, мала таго яго, абяруць, у такім выпадку, якая будзе пэрспэктыва?”

(Хлопец: ) “Гэтая сыстэма стане яшчэ больш жорсткай. Калі ідэалягічна пачнуць прамываць людзям мазгі, я ня ведаю, ці будзе ў Беларусі вольнае і больш-меньш здольнае разважаць пакаленьне”.

(Дзяўчына: ) “Мне абсалютна не падабаецца ідэя зьмены Канстытуцыі, бо гэта самы асноўны і самы нерухомы дакумэнт, і зьмяняць яго проста так — гэта няправільна”.

(Вячорка: ) “А ты адчуваеш нейкую агітацыю?”

(Дзяўчына: ) “Савецкі мазгаклёп! У мяне сёньня на лекцыі быў такі мазгаклёп. Мне распавядалі, якія ў нас будуць высокія заробкі і пэнсіі, якая будзе нізкая інфляцыя, як у нас усё добра, які ў нас выдатны прэзыдэнт”.

(Вячорка: ) “Як ты ўспрыняў ідэю абвяшчэньня рэфэрэндуму?”

(Другі хлопец: ) “О-о-ой! Мне пафігу, я цяпер адсюль звальваю на чатыры гады. Галоўнае, каб яго тут не было праз гэты час”.

(Другая дзяўчына: ) “Некаторым на гэта абсалютна напляваць. Для некаторых гэта сталася прадказальным, але галасаваць яны будуць супраць Лукашэнкі. Калі Лукашэнка выберацца на трэці тэрмін, то пэрспэктыва будзе такая, як і цяпер: будуць закрывацца нармалёвыя навучальныя ўстановы, будуць цяжкасьці з працаю, будзе адпрацоўка пасьля заканчэньня ВНУ”.

Гаворкі пра школьную форму

У кагосьці можа скласьціся ўражаньне, што дзяржаўныя ўстановы зладзілі негалоснае спаборніцтва пад назовам “Хто хутчэй вернецца ў Савецкі Саюз”. Для дарослых адзіныя дні інфармаваньня насельніцтва, а ў школах, гімназіях і вучэльнях — плякаты з выяваю афіцыйнага гербу, тэксту дзяржаўнага гімну й партрэты Лукашэнкі.

Наступны крок — рэанімаваньне школьнай формы. Намесьнік міністра адукацыі спадар Ціцянкоў заявіў, што налета вучні пачатковых клясаў будуць насіць аднолькавае адзеньне. Сям-там вырашылі перавыканаць пляны міністэрства і цэнз у вопратцы ўвялі ад сёлетняга Дня ведаў. Зранку пэдагогі фільтруюць вучняў: хто ў джынсах, банданах, хлопцы з доўгімі валасамі й завушніцамі — калі ласка, да дырэктара. Прыкладна такое здарылася з вучнем 11-е клясы Менскай гімназіі №8 Макарам Ваўчком.

(Ваўчок: ) “Калі я прыйшоў у школу, мяне адразу сустрэў дырэктар: “Чаму ў цябе такія доўгія валасы й чаму ты апрануты так няправільна?” Я быў у джынсах, майцы й кашулі, ну і ў бандане. Я лічу, што гэта вельмі нават стандартна. На гэта я не магу адказаць. Магчыма, джынсы? Калі я прыйшоў у майцы аднаго беларускага гурту, настаўніца падышла да мяне й сказала: “Чалавек у чорнай вопратцы — хворы чалавек”. Нам сказалі, што трэба апранацца больш афіцыйна, больш сур’ёзна. Я лічу, што ўсё гэта проста непатрэбна: я буду апранацца так, як мне зручна. Калі я бачу друга-, трэцяклясьнікаў, якія носяць гальштукі, мне нават сьмешна. Дзеткі такія малыя, партфэлі большыя за іх, а яны ў гальштучках, у піджачках. Я не лічу, што гэта крокі да Эўропы, думаю, што сапраўды гэта вяртаньне ў СССР”.

(Вячорка: ) “Твае асабістыя захады супраць гэтай саветызацыі, стандартызацыі школы?”

(Ваўчок: ) “Я байкатую гадзіны інфармаваньня, якія ў нас праходзяць кожны тыдзень, я ня слухаю настаўнікаў, калі яны мяне прымушаюць пастрыгчыся або перапрануцца ў тое, што ім падабаецца. Я нашу сымбалі беларускай дзяржаўнасьці на партфэлі. У нас былі такія выпадкі, калі прымусова ўсіх заганялі ў члены БРСМ. Я зьдзіраў лістоўкі з агітацыяй уступаць у БРСМ”.

(Вячорка: ) “Але гэта вельмі нагадвае дробнае хуліганства. Сумленьне не турбуе?”

(Ваўчок: ) “Не, не турбуе. Лічу, што гэта няправільна. Гэтыя ўлёткі мне не падабаюцца”.

(Вячорка: ) “Непаслухмянасьць і захады пратэсту чым могуць пагражаць школьніку?”

(Ваўчок: ) “Паставяць нездавальняючую адзнаку ў дзёньнік і ў журнал, з кляснага кіраўніка могуць зьняць прэмію. У выніку ён абурыцца на цябе, і табе будзе проста горш на яго занятках”.

(Вячорка: ) “Вашыя дзеяньні неяк уплываюць на ваш імідж?”

(Ваўчок: ) “Сярод настаўнікаў, гэта, магчыма, нэгатыўна ўплывае, але сярод вучняў, яны мяне больш паважаюць, чым раней. Усе са мной вітаюцца”.

(Вячорка: ) “Гэта значыць, каб заваяваць аўтарытэт у навучэнцаў, трэба быць бунтаром?”

(Ваўчок: ) “Выходзіць, так”.

Па камэнтар што да адзеньня ў школах мы зьвярнуліся да супрацоўніцы Менскага гарадзкога камітэту ў справах адукацыі Вольгі Янкоўскай. Запыталіся: ці мае кіраўніцтва гімназіі права дыктаваць стандарты адзеньня?

(Янкоўская: ) “Калі такое правіла прапісанае ў статуце гімназіі, тады дырэктар мае рацыю патрабаваць, каб вучні хадзілі ў форме. Натуральна, што лепей хадзіць у джынсах, хадзіць непрычасанымі й нястрыжанымі, з завушніцамі. Але яны хлопцы, і яны мусяць быць падстрыжанымі. Я яшчэ не адношу сябе да кансэрватараў, у мяне ў самой ёсьць сын. І я лічу, што хлопчык мусіць быць хлопчыкам, а дзяўчынка павінна быць дзяўчынкай. У вучняў старэйшых клясаў — я гэта кажу вам як псыхоляг — у іх прысутнічае юнацкі максымалізм. Яны жадаюць рабіць толькі так, як ім хочацца. Яны ня слухаюць таго, што ім кажуць бацькі. Маўляў, як я вырашыў, так і будзе, ня трэба прыніжаць маіх правоў. Але трэба лічыцца з правіламі дзяржавы й грамадзтва”.

Вольгу Янкоўскую мы папрасілі пракамэнтаваць выказваньні настаўніцы Макара Ваўчка — маўляў, “чалавек у чорнай вопратцы — хворы чалавек”.

(Янкоўская: ) “Калі чалавек у чорным, нельга сказаць, што ён здаровы? Яна ня мела рацыі, бо яна не псыхоляг. Калі чалавек носіць чорную вопратку, я бы не сказала, што гэта дрэнна. Кожны чалавек выбірае тое, у чым ён пачуваецца камфортна. Але хай ён ходзіць у гэтым на вуліцы. А ў гімназіі ёсьць зацьверджаная форма адзеньня, усталяваныя правілы. Чаму за мяжою ў кожнай навучальнай установы свая форма? Чаму мы павінныя вучыць дзяцей ў зашмальцаваных джынсах і парваных кашулях? Другая праблема — у нас цяпер ідзе расслаеньне грамадзтва. Адныя больш заможныя і могуць набыць дарагія рэчы, а ёсьць людзі зь нізкімі заробкам. А форма ўсіх выроўнівае, і вучні сябе пачуваюць больш спакойна”.

Гаворкі пра інтэрнаты

У студэнтаў больш сур’ёзная праблема — жытло. Каб атрымаць ложак і інтэрнаце, трэба прайсьці некалькі колаў выпрабаваньняў: доўгія чэргі, штурмы інтэрнатаў і дэканатаў. Але часта вынікам усяго гэтага ёсьць адмова. Прыклад Ганны Красновай паказальны. Спачатку дзяўчына была студэнткаю Тэхналягічнага ўнівэрсытэту, а пасьля паступіла ў Лінгвістычны. Зьмяніліся месцы навучаньня, і нават будучая спэцыяльнасьць, а праблема дзе жыць — як была, так і засталася.

(Вячорка: ) “Ты ўжо рэкардсмэнка: тры гады без інтэрнату. Ёсьць нейкае сьвятло ў канцы тунэлю, ці ты так і зьбіраесься давучвацца без сталічнай прапіскі?”

(Краснова: ) “Мая гісторыя пачалася зь першага курсу, калі я зь вялікімі торбамі паперлася да намесьніка дэкану прасіць інтэрнат. Мне яго не далі, я атрымала вялікі адпор. Ён проста сунуў мне кіпу папераў, маўляў, глядзі, колькі ў мяне студэнтаў, бацькі якіх атрымліваюць 30 тысяч на месяц, і гэтыя студэнты проста павінны быць заселеныя першымі ў інтэрнаты. Я наведвалася да гэтага дзядзечкі штотыдзень з надзеяй паднадакучыць яму, што ў выніку ён аддасьць мне адзін з пустых пакояў, якія рэальна існуюць у інтэрнатах. Так адбывалася год. У пачатку сэмэстру я наведалася да дэкана. Ён зразумеў, што япрыйшла пытацца пра месца ў інтэрнатах. Аднак ён зь ветлівай усьмешкай у адказ запытаўся, ці зьяўляюся я сябрам БРСМ, на што я ветліва адказала, што не зьяўляюся. Можна сказаць, на гэтым размова была скончаная. Таму што ён зноў сказаў: чакайце! Сэмэстар… Яшчэ адзін сэмэстар”.

(Вячорка: ) “Вы не атрымалі інтэрнату: далейшыя вашыя дзеяньні?”

(Краснова: ) “Некаторыя часам начуюць на вакзале і пакідаюць свае рэчы ў багажы. А звычайна студэнты арандуюць кватэры ці пакоі, дзе вельмі добра бавяць час, праўда, плацяць за гэта добрыя грошы. Але яны жывуць у добрых умовах, ня мусяць чакаць, калі зьявіцца халодная ці гарачая вада, ці ўвогуле якая, каб зрабіць элемэнтарныя рэчы. Ня мусяць трываць бруду, які ёсьць у інтэрнатах, і адпрацоўваць пасьля заняткаў пэўныя гадзіны ў інтэрнатах”.

(Вячорка: ) “З тваіх словаў відаць, што ў той інтэрнат ты нават ня вельмі імкнесься?”

(Краснова: ) “Калі закранаць натарыяльны бок, то я бы, канечне, вельмі імкнулася ў інтэрнат. А наконт грошай, бо начаваць за 30 даляраў у месяц — гэта занадта шыкоўна для беларускага студэнта”.

Гаворкі пра ўраджай

У абвешчаным спаборніцтве між алімпійцамі й сялянамі перамаглі камбайнэры. Лік сабранага збожжа ідзе на мільёны тонаў. Калі са жнівом калектыўныя гаспадаркі справіліся сваімі сіламі, то з капаньнем бульбы і зьбіраньнем ільну сытуацыя не такая аптымістычная. І тут спатрэбіўся досьвед савецкага часу. На барацьбу з ураджаем кінутыя студэнты й навучэнцы. Пакуль што ў лідэрах Віцебская вобласьць. Тут на вясковыя палеткі дэсантавалі блізу 6 тысяч хлопцаў і дзяўчат.

А ў абласным цэнтры нават стварылі апэратыўны штаб, каб той забясьпечваў студэнтаў харчаваньнем і жытлом. Удзельнік нашай праграмы — навучэнец адной зь віцебскіх ВНУ. Ён пажадаў захаваць ананімнасьць. Мы толькі запыталіся пра дзейнасьць гэтага самага штабу, аж ягоны адказ выліўся ў маналёг:

(Зьміцер: ) “Студэнты ня ведаюць пра існаваньне гэтага штабу. Я пра гэта сам чую ўпершыню. Да нас ніхто не зьвяртаўся і дапамогі не прапанаваў. Назвы вёскі ня памятаю… Мы там зьбіралі лён. Нам прыходзілася вязаць і ставіць снапы. Праца цяжкая й вельмі нудная. Магчымасьці памыць рукі й прывесьці сябе ў парадак не было. З калгасу мы вярталіся бруднымі й вельмі стомленымі. Нам старшыня калгасу выдзеліў харчаваньне. На сто чалавек ён выдаў 2 палкі каўбасы, 4 батоны, 10–15 памідораў і пачак масла, 4 бутэлькі напою. Ён сказаў: “Гэта вам абед”. Такое харчаваньне нам выдавалі раз на тыдзень.

Гэтых харчоў нам не хапала. Ёсьці хочацца кожнаму. І таму мы трацілі свае грошы, хадзілі ў краму ў Шуміліна і закупаліся там ежаю. Некаторыя абураліся “Лепей бы я адвучыўся сёньня да 15 гадзінаў, чым прыеду сёньня дахаты!” Гэта не прыносіць ніякай карысьці, бо студэнты ня могуць працаваць так, як бы яны павінны былі працаваць. Усё гэта было вельмі кепскім. Езьдзілі толькі гарадзкія. А людзі з інтэрнатаў папросту хадзілі ў дэканат і адпрацоўвалі 2–3 гадзіны той тыдзень, якія мы працавалі ў калгасе. З нас ніхто не прыходзіў у дэканат і не запытваўся “Чаму мы павінны туды ехаць?” і “Што будзе, калі мы туды не паедзем? Чаму нас туды накіроўваюць? Таму што там недахоп працоўнай сілы”.

Гаворкі пра “Гісторыку”

Адныя студэнты фізычнай працы спрабуюць пазьбегчы, а іншым добраўпарадкаваньне прыносіць асалоду. Студэнты гістфаку БДУ, захапіўшы рыдлёўкі й граблі, скіроўваюцца ў вандроўку. Гэтым разам дарога ляжала да маёнтку графоў Чапскіх, што у вёсцы Прылукі пад Менскам. Я далучыўся да санітарна-гістарычнага дэсанту. Селі мы на аўтобус у Менску і выбраліся на поўдзень у цудоўнае мястэчка пад назовам Прылукі. Тут стаіць старажытны палац, які калісьці належаў графу Чапскаму. Выбраліся са мной маладыя гісторыкі, які прадстаўляюць ініцыятыву “Гісторыка”.

Прыехалі на месца. На мае пытаньне адказвае адзін з кіраўнікоў “Гісторыкі” Зьміцер Рагачоў:

(Вячорка: ) “Навошта вы тут сабраліся?”

(Рагачоў: ) “Самае галоўнае, што нам вельмі прыемна разам, што мы можам нечым дапамагчы радзіме, а менавіта — гістарычнай памяці. Бо адзін чалавек нічога ня здольны прынцыповага самастойна зрабіць, толькі разам пры нашым жыцьці, аб’яднаўшыся, можна нешта зрушыць зь месца”.

Мы дапамагаем мясцовай адміністрацыі прыбіраць тэрыторыю. Прыйшоў начальнік, які сказаў: хлопцы робяць тое, дзяўчаты — тое. У хлопцаў праца інжынэрна-будаўнічая, ім далі задачу пабудаваць сьцежку, дзе яны самі й інжынэры, і будаўнікі. Трэба цягаць пясок, цягаць плітку. Мы пачынаем нагружаць пясок. Паспрабуем адарваць ад працы Рамана Ляўкоўскага.

(Вячорка: ) “Для чаго ты выехаў сюды?”

(Ляўкоўскі: ) “Я ўжо дапамагаю клапаціцца пра гістарычныя мясьціны гады чатыры, нават больш. Так што гэта ня першы, і, спадзяюся, не апошні досьвед. Трэба за гэтым сачыць, інакш яно згубіцца, і ня будзе ня толькі мінуўшчыны, але й будучыні”.

Плітка кіляграмаў 15, так што пасьля трох пераносаў ужо страшэнна баляць рукі й хочацца адпачываць. Аднак чакаць засталося нядоўга, бо хутка будзе абед, засталося толькі распаліць вогнішча й заварыць варыва. Пакуль рыхтуецца ежа, параспытваем змораных “гісторыкаў”. Зноў пры мікрафоне Зьміцер Рагачоў.

(Вячорка: ) “Добраўпарадкаваньнем тэрыторыі можа займацца той самы БРСМ: выяжджаюць на гістарычны мясьціны, дапамагаць?”

(Рагачоў: ) “Ёсьць выпадкі, калі ініцыятыва зыходзіла ад прадстаўнікоў іншых грамадзкіх ініыятываў, але праз навучальныя ўстановы далучалася прынамсі шыльда БРСМ. Можна зарзумець такіх людзей, бо з гэтай шыльда прасьцей фінансаваньне знайсьці й дабіцца дазволу ўладаў. Вельмі непрыемна з такімі выпадкамі сустракацца”.

Праца зробленая, сьцежка пакладзеная, парк вычышчаны. Мы паціху зьбіраемся дадому. Але цікава, што пра зробленую намі справу думаюць абарыгены.

(Спадарыня: ) “Яны ўжо ня першы раз і ня першы год прыяжджаюць і дапамагаюць прыбіраць вакол палацу, ладзіць канцэрты, і ўвогуле мы зь імі робім агульную справу — займаемся адраджэньнем гістарычнай памяці ў Прылуках”.

Гаворкі пра прыгажосьць

Беларусь шукае свой сымбаль жаночай прыгажосьці. На 24 верасьня плянуецца фінал конкурсу “Міс Беларусі 2004”. Два з паловай дзясятка дзяўчат будуць дэманстраваць сваё хараство перад журы і тэлекамэрамі ў купальніках, у вечаровых строях і ў нацыянальных касьцюмах.

А мы вырашылі закрануць такую глябальную тэму — “Прыгажосьць і ейнае практычнае выкарыстаньне”. Нашая госьця — Кацярына Залатар. Яна адукоўваецца ў адной зь менскіх школаў, нядаўна скончыла курсы прыгажосьці ды падпісала дамову з мадэльнай агенцыяй. Прыгажуня выглядае так: высокая хударлявая бляндынка з пульхнымі вуснамі й зялёнымі вачамі. Ад увагі да сваёй асобы найграна бянтэжыцца, але ахвотна пагадзілася на першае ў сваім жыцьці інтэрвію.

(Кацярына: ) “Мне абсалютна выпадкова выпала прайсьці адну зь менскіх школаў мадэляў. Я хадзіла туды два месяцы. У нас былі там такія курсы, як шэйпінг, дэфіле, макіяж, этыкет”.

(Вячорка: ) “А набытыя табою веды ты дзесьці ўжо выкарыстоўвала?”

(Кацярына: ) “У час заняткаў у нас быў такі курс як акторскае майстэрства, і мне вельмі гэта дапамагло. Бо наагул я вельмі сьціплая, а курс мне дапамог адчуць сябе больш упэўнена. І ў мадэльным бізнэсе гэтая ўпэўненасьць дапамагае. Я лічу, што кожнай дзяўчыне трэба прайсьці гэтыя курсы, бо яны важныя й патрэбныя ня толькі для мадэляў, але наагул для ўсіх дзяўчат. 90-60-90 — гэта ня самае галоўнае: трэба мець мэту ісьці да яе і не здавацца. На гэтыя курсы хадзіў, хто хацеў, а толькі потым ужо выбіралі, хто ў будучыні зможа стаць мадэльлю. У групе нас займалася 15–20 чалавек, але працягнулі мадэльны шлях усяго пяць дзяўчатак”.

(Вячорка: ) “А якая асабіста цябе і тваіх каляжанак чакае пэрспэктыва?”

(Кацярына: ) “Можна зьняцца ў рэклямах, роліках, кліпах. Звычайна замоўца прыходзіць у агенцтва й кажа, якія менавіта дзяўчаты яму патрэбныя. Калі мы адпавядаем гэтым патрабаваньням, нам прапануюць паўдзельнічаць. Звычайныя патрабаваньні: высокі рост ад 175, прыемная зьнешнасьць, колер валасоў, вачэй пэўны. Але гэта таксама залежыць ад таго, што менавіта яму трэба паказваць. Маёй марай не зьяўляецца паказваць імпартовую адзежу ці касмэтыку. Хай маё агенцтва вызначае, у якіх паказах мне ўдзельнічаць. Згаджуся, абы грошы плацілі”.

(Вячорка: ) “Некаторым мадэлям прапануюць зьняцца аголенымі. Асабіста ты гатовая зьняцца аголенай?”

(Кацярына: ) “Не, у такой рэкляме я не здымуся ні за якія грошы! Кожны вызначае для сябе. Некаторым самае важнае — грошы, той здымецца і ў такой рэкляме. А я бы не зьнялася і за самыя вялікія”.

Гэты выпуск “Маладых галасоў” атрымаўся нейкім такім праблемным. А што тут зробіш, калі час не на тое, каб атрымліваць асалоду ад жыцьця, а на змаганьне з часта невырашальнымі праблемамі. Сытуацыю пастараемся выправіць, і наступным разам абяцаем распавесьці пра што-небудзь больш вясёлае.
XS
SM
MD
LG