Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“На рэфэрэндуме беларусы могуць пазбавіць сябе права на выбар улады”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Празь месяц, 17 кастрычніка, грамадзяне Беларусі павінны выказацца наконт таго, ці хочуць яны, каб на працягу найбліжэйшых дзесяцігодзьдзяў у дзяржаве адбывалася зьмена ўлады. Асноўная колькасьць лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя дні – на тэму ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму і ягоных наступстваў для будучыні краіны.

Сёньняшні агляд пачну зь ліста ад Аляксея Жаўняровіча з Наваполацку. Слухач піша:

“Колькі б ні абуралася апазыцыя, усё роўна Лукашэнка пераможа. У іх непараўнальныя сілы і магчымасьці. І кіраваць у Беларусі Лукашэнка будзе колькі захоча – можа, яшчэ гадоў дваццаць. У гісторыі шмат такіх прыкладаў. Вунь, Фідэль Кастра на Кубе ўжо сорак пяць год пры ўладзе. І ўсе з гэтым зьмірыліся.

У Беларусі склаўся нармалёвы таталітарны рэжым – прычым надзейны і трывалы. А трываласьць яго заключаецца ў тым, што апазыцыя не разумее адной простай рэчы: большасьці беларусаў не патрэбныя ні свабода слова, ні права на мітынгі, ні сумленныя выбары. Людзі проста ніколі гэтага ня мелі й ня лічаць гэта за каштоўнасьць. Апазыцыя ж упарта хоча прывабіць кагосьці лёзунгамі аб правах чалавека. А вось Лукашэнка ведае, што ўсё гэта ў вачах простага чалавека – лухта. А цэніць сярэднестатыстычны беларус якраз тое, што абяцае Лукашэнка – парадак, прыціснутых чыноўнікаў, цьвёрдыя заробкі, стабільныя пэнсіі”.

Пагаджуся з вамі, спадар Жаўняровіч, у тым, што сярод вялікай (магчыма, і найбольшай) часткі беларускага грамадзтва няма ўсьведамленьня значнасьці дэмакратычных каштоўнасьцяў, на якіх грунтуюцца дзяржавы на Захадзе і якія абвяшчаюць у якасьці сваіх палітычных мэтаў апазыцыйныя партыі ў Беларусі. Сапраўды, многім людзям бліжэй больш зразумелыя і прыстасаваныя да іх побыту даброты – стабільны заробак, цьвёрдыя кошты, парадак на вуліцах. Ёсьць, аднак, адна непазьбежная залежнасьць, у якой рана ці позна даводзіцца пераконвацца нават самым заўзятым скептыкам і крытыкам апазыцыі. На кубінскай высьпе зь яе жорсткім таталітарным парадкам на сорак пятым годзе будаўніцтва сацыялізму людзям па картках разьмяркоўваюць мяса, масла і вопратку. У Паўночнай Карэі, дзе таксама няма ні апазыцыі, ні свабоды слова, ні антыўрадавых дэманстрацыяў – адначасова няма ні дастаткова ежы, ні тавараў у крамах. Для мільёнаў людзей там мэта жыцьця – пазбавіцца ад штодзённага голаду.

Ліст ад Сьвятланы Багуцкай зь Менску. Слухачка піша:

“Пытаньне рэфэрэндуму такое, што простаму чалавеку можа падацца: Лукашэнка пытаецца толькі дазволу на тое, каб удзельнічаць у выбарах 2006 году. Але ж у сапраўднасьці гэта ня так. Калі людзі прагаласуюць “за”, Канстытуцыя будзе зьменена, і ў далейшым Лукашэнка без усялякіх рэфэрэндумаў можа заставацца прэзыдэнтам да скону. Але ж гэта несумленны прыём. Людзі самі ня ведаюць, за што галасуюць. Па сутнасьці, яны пазбаўляюць сябе ў будучыні права на выбар і на зьмену ўлады. І каб толькі сябе – у дзяцей і ўнукаў яны адбіраюць права на выбар. Бо ўсім жа зразумела (у тым ліку і самым заўзятым прыхільнікам Лукашэнкі) – гэты чалавек сам ня сыдзе. А зыход любых выбараў і рэфэрэндумаў пры такой уладзе прадвырашаны: усе ж бачаць, хто прызначае людзей у выбарчыя камісіі, хто і як лічыць галасы, хто зацьвярджае вынікі...”

Відавочна, Аляксандар Лукашэнка сёлета зрабіў тое, на што неабачліва не зьвярнуў увагу ў 1996 годзе. Ужо тады, карэнным чынам мяняючы Канстытуцыю, можна было скасаваць 10-гадовае абмежаваньне (два прэзыдэнцкія тэрміны). Але на той час беларускаму лідэру, верагодна, падавалася, што 12 гадоў пры ўладзе будзе зусім дастаткова.

Калі б Аляксандар Лукашэнка ня меў намеру заставацца прэзыдэнтам Беларусі пасьля 2011 году, ён мог бы ўнесьці ў Канстытуцыю норму, напрыклад, пра тры прэзыдэнцкія тэрміны; альбо адзначыць, што просіць удзельнічаць толькі ў выбарах 2006 году. Выбраны, аднак, іншы варыянт: скасаваньне любых абмежаваньняў на прэзыдэнцкія тэрміны, пераробка Канстытуцыі “пад сябе”. І гэта, на маю думку, недвухсэнсоўна сьведчыць пра сапраўдныя намеры беларускага лідэра.

Настаўнік сярэдняй школы №4 Нясьвіжу Бярнард Пакульніцкі ў сваім лісьце на Свабоду ўспамінае падзеі верасьня 1939 году й разважае пра наступствы іх для беларускай нацыі. Слухач піша:

“Трэба быць сапраўды нядобразычлівым чалавекам, каб не паставіць знаку роўнасьці паміж тагачаснымі Нямеччынай і Савецкім Саюзам. СССР далучыўся да Другой сусьветнай вайны менавіта 17 верасьня 1939 году як саюзьнік Трэцяга Райху. Ад першых дзён усталяваньня савецкай улады, як толькі прыйшлі так званыя “вызваліцелі”, на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачала дзейнічаць сыстэма рэпрэсій. Без судоў і сьледзтва распачаліся масавыя вывазкі людзей на Ўсход. Усе гэтыя дзеяньні можна назваць толькі масавым забойствам і вынішчэньнем насельніцтва. Сталін з асаблівай жорсткасьцю вынішчаў у асноўным польскую інтэлектуальную эліту. Асаблівае месца тут займае Катынскае злачынства, ахвярамі якога сталі больш як 25 тысяч польскіх вязьняў. Згодна з загадам Сталіна, каты НКВД забілі ў 1940 годзе стрэламі ў патыліцу каля 22 тысяч польскіх вязьняў, узятых у палон у часе агрэсіі СССР супраць Польшчы. Праўду аб катынскім злачынстве камуністычныя ўлады ўтойвалі 50 год. Толькі ў 1990 годзе Міхаіл Гарбачоў прызнаў, што злачынства ўчынена НКВД. А самыя важныя дакумэнты перадаў Польшчы Барыс Ельцын у 1992 годзе.

Пасьля адкрыцьця польскіх могільнікаў у Катыні, Медным і Харкаве дасьледчыкі катынскага злачынства маюць яшчэ шмат што зрабіць. Да гэтай пары невядомы лёс і месца пахаваньня больш як сямі з паловай тысяч польскіх грамадзянаў. Ёсьць вэрсія, што яны пахаваны ў Беларусі. Польскія пошукавыя групы ня маюць поўнага доступу да месцаў, у якіх могуць быць пахаваны грамадзяне Польшчы”.

Заканчвае свой ліст нясьвіскі настаўнік Бярнард Пакульніцкі наступным зваротам да Радыё Свабода:

“Лічу, што на вашых хвалях павінны гучаць перадачы, заснаваныя на праўдзівых дакумэнтах той эпохі. Ёсьць яшчэ жывыя сьведкі тых падзеяў, але іх з кожным годам становіцца ўсё менш. Мне ня раз давялося размаўляць з удзельнікамі тых падзеяў. Майго бацьку бальшавікі везьлі ў лягер у Асташкаве. Сам я ўдзельнічаў у паходзе СССР на Чэхаславакію, каб задушыць “праскую вясну” і “сацыялізм з чалавечым тварам”. І менавіта тады добра ўсьвядоміў і распазнаў агрэсіўны і злавесны твар сталінізму і камунізму”.

Дзякуй вам за цікавы і праўдзівы ліст, спадар Пакульніцкі. Праўда пра Катынь, Меднае і Харкаў стала вядомай найперш таму, што ўсе пяцьдзесят год пасьля вайны польскае грамадзтва, а пазьней і польская дзяржава дамагаліся гэтай праўды ад Масквы, вінаватай у злачынстве. Верагодна, каб гэтак жа настойліва, пасьлядоўна і мэтанакіравана беларускае грамадзтва патрабавала ад беларускіх і расейскіх уладаў праўды пра Курапаты, там ужо даўно быў бы годны мэмарыял з пайменным пералікам тысячаў ахвяраў сталінізму.

Ліст ад Дзьмітрыя Плаксы зь Віцебску. Слухач піша:

“Зь вялікім болем і адчаем пішу гэты ліст. Няможна ўжо цярпець гвалт і зьдзек, якія ўчыняюць расейскія акупанты на чачэнскай зямлі. Прыкра назіраць, як Чачэнію ачышчаюць ад яе ж жыхароў. Нашчадкам будзе сорамна за гэтую нікому не патрэбную вайну. І што застаецца рабіць чачэнцам, калі больш моцны, але нахабны сусед забівае родных, знаёмых, нішчыць паселішчы дый дыктуе нейкія ўмовы. Чачэнія павінна быць і будзе вольным і незалежным краем – такім, як Украіна, Беларусь, Літва. Непрыемна тое, што і амэрыканцы ўсё больш становяцца на бок акупантаў”.

У чачэнскай праблемы, спадар Плакса, шмат аспэктаў. Немагчыма маляваць адной толькі сьветлай ці адной толькі цёмнай фарбай ні тых, хто называе сябе змагарамі за незалежнасьць Чачэніі, ні тых хто сьцьвярджае, што наводзіць у Чачэніі канстытуцыйны парадак. Але сумленныя й спагадлівыя людзі ніколі ня будуць на баку тых, хто нібыта дзеля свабоды Чачэніі ўзрываў школу ў Бэслане, альбо тых, хто, апраўдваючыся барацьбой з бандытамі, паліў чачэнскія вёскі.

На заканчэньне – кароткі ліст ад Андрэя Паско зь Берасьця. Слухач піша:

“Вашы перадачы дапамагаюць атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю. Добра, што вы даяце магчымасьць знаёміцца з рознымі, у тым ліку процілеглымі меркаваньнямі. Валянцін Жданко па-ранейшаму дае дастаткова аргумэнтаваныя камэнтары да лістоў слухачоў. Спадабаліся мне і штодзённыя летнія мэмуары Рыгора Барадуліна. Зычу вам усяго найлепшага”.

Дзякуй, Андрэй, за добрыя словы вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG