Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія мэдыі пра выбарчую кампанію ў Беларусі


Ул. інф. Нямецкія СМІ паведамляюць пра пачатак выбарчай кампаніі ў Беларусі. Паводле газэты “Handelsblatt”, дзясяткі апазыцыйных кандыдатаў выбылі з выбарчай барацьбы ўжо на самым першым яе этапе — зборы подпісаў і рэгістрацыі. Паводле нямецкага радыё “Deutsche Welle”, цяперашняя праца міжнародных назіральнікаў ад АБСЭ ня будзе лёгкай.

Як піша “Handelsblatt”, літаральна на самым пачатку кампаніі ўлады адхілілі ад далейшага ўдзелу ў выбарах 26 з 58 кандыдатаў ад АГП, 30 з 55 кандыдатаў ад БНФ, 20 з 30 сацыял-дэмакратаў. Рэжым робіць усё, каб апазыцыя ня трапіла ў парлямэнт, цытуе “Handelsblatt” словы колішняга кіраўніка Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. У сваю чаргу, Цэнтральная выбарчая камісія падкрэсьлівае, што не выкарыстоўвала ніякіх захадаў супраць апазыцыі, уся справа нібыта ў памылках, якія ўтрымліваюцца ў дакумэнтах. Аднак, задае пытаньне газэта “Handelsblatt”, ці можна назваць бездакорнымі тыя выбары й галасаваньне, у выніку якіх да ўлады прыйшоў сам Лукашэнка?

Паводле нямецкіх аглядальнікаў, адрозна ад іншых эўрапейскіх краінаў, у Беларусі ў часе выбарчай кампаніі цяжка знайсьці нейкія вонкавыя прыкметы таго, што тут менш чым празь месяц будуць абіраць парлямэнт. Праўда, апошнім часам ладзяцца розныя сьвяточныя шоў. Таксама прэзыдэнт, які прызначыў рэфэрэндум на той жа дзень, што і парлямэнцкія выбары, паабяцаў насельніцтву падвысіць заробкі. Усю гэту кампанію, лічыць радыё “Deutsche Welle”, Лукашэнка праводзіць дзеля сябе самога. Што тычыць выбараў у парлямэнт, то нават на вуліцах беларускай сталіцы цяпер не сустрэнеш ні адпаведных плякатаў, ні рэклямных стэндаў, якія бы нагадвалі пра 17 кастрычніка.

Але чаму ім быць? — задае пытаньне журналістка Утэ Шэфэр. Цягам апошніх год беларускі парлямэнт знаходзіцца ў стане клінічнай сьмерці. Калі дзейнічае, то выключна дзеля таго, каб легітымізаваць рашэньні Лукашэнкі.

“У беларускага парлямэнту ёсьць права і абавязак падтрымаць альбо адхіліць загады кіраўніка. Апошняе калі і здараецца, то надзвычай рэдка”, — сьведчыць у размове з “Deutsche Welle” Пэтэр Лізэганг, колішні прадстаўнік унівэрсытэту Віядрына пры ЭГУ, а цяпер назіральнік АБСЭ за парлямэнцкімі выбарамі.

Паводле нямецкага радыё, цяперашняя праца міжнародных назіральнікаў у Беларусі ня будзе лёгкай.

Паводле аглядальніцы нямецкай тэлерадыёкарпарацыі, будучыня Беларусі выглядае вельмі цьмянай. Лукашэнка даволі пасьпяхова “зачыняе” сваю краіну. Інтэрнэт-старонкі й электронная пошта кантралююцца рэжымам, адначасна зачыняюцца незалежныя выданьні, навучальныя установы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG