Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыз за лепшы мультфільм для дзяцей на “Анімаёўцы” атрымала Натальля Хаткевіч са студыі “Беларусьфільм”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У выходныя дні ў Магілёве завяршыўся міжнародны фэстываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2004”. Ён праходзіў у абласным цэнтры сёмы раз, і ўпершыню за гэтыя гады ў конкурснай праграме усё ж такі зьявіўся беларускамоўны мультыплікацыйны фільм.

Да апошняга моманту арганізатары сёлетняй “Анімаёўкі” паведамлялі, што ўсе анімацыйныя фільмы, якія прадставіла нацыянальная студыя “Беларусьфільм”, дубляваныя на расейскай мове. Аднак гэта была памылка: стужка “Як Несьцерка знайшоў скарб” рэжысэра Ігара Волчака, старшыні Беларускага саюзу кінэматаграфістаў, зробленая якраз на роднай мове.

Ігар Волчак распавёў, што ў Магілёве была паказана першая сэрыя цыклю пра Несьцерку. Усяго іх павінна быць 8, і кожная будзе ня толькі цікавай гісторыяй, але й расповедам пра Беларусь і яе рамёствы, у першай сэрыі – пра ганчарнае майстэрства.

Дарэчы, сам спадар Волчак лічыць, што агучваньне мульфільмаў на беларускай, а не на расейскай ці ангельскай мове ніяк ня можа паўплываць на пракат стужкі, а посьпех залежыць ад яе зьместу.

Такім жа важным фактарам для вытворчасьці новых мультфільмаў, як і творчасьць аўтараў, застаюцца грошы. У беларускіх аніматараў іх не так шмат, як хацелася б, таму на тэлебачаньні круцяць альбо старыя савецкія, альбо замежныя “мульцікі”. Рэжысэр Ігар Волчак разьлічвае, што сэрыял пра Несьцерку ды іншыя новыя работы ягоных калегаў выклікаюць цікавасьць беларускіх гледачоў.

Якія вынікі ў магілёўскага фэстывалю? Трэба адзначыць, што арганізатары “Анімаёўкі” лічаць галоўным вынікам фэстывалю тое, што больш за 4 тысячы гледачоў (гэта пераважна дзеці) у Магілёве і раённых цэнтрах вобласьці паглядзелі больш за 150 мультфільмаў вытворчасьці студыяў з Беларусі, Расеі, Украіны, Казахстана, Францыі, Літвы і Польшчы.

А што датычыцца прызоў, то адмысловую ўзнагароду за ўнёсак у разьвіцьцё беларускай анімацыі атрымала рэжысэр Ірына Кадзюкова, аўтарка фільма “Легенда пра лэдзі Гадзіву”. Прыз за лепшы мультфільм для дзяцей журы “Анімаёўкі” прысудзіла Натальлі Хаткевіч са студыі “Беларусьфільм”.

А вось галоўны прыз фэстывалю – а гэта ня толькі дыплём, але й крыштальны аловак і пласьцінку золата 10 грамаў – адвёз з сабой у Маскву рэжысэр Алег Ужынаў са студыі “Пілот” за фільм пад назвай “Нядобры хлопчык”. Гэта стужка пра шкадлівасьць і яе наступствы. Сам рэжысэр сказаў, што ўпэўнены ў тым, што сучасных дзяцей нельга зьдзівіць ні тэхнічнымі эфэктамі, ні агрэсіўнымі бойкамі герояў, а простымі расповедамі пра тое, як дабро перамагае зло, і як важна быць добрым чалавекам.
XS
SM
MD
LG