Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прамове на “Дажынках” Аляксандар Лукашэнка параўнаў краіну з калгасам


Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць 17-18 верасьня у Ваўкавыску адбыліся “Дажынкі-2004” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, які наведаў горад 18-га. На рамонт Ваўкавыску пайшло каля 100 мільярдаў рублёў. Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў нагоду і нагадаў удзельнікам сьвята, што разам з выбарамі адбудзецца рэфэрэндум. Ён сказаў прысутным, што агітаваць іх ня будзе, але падкрэсьліў, як папрыгажэў 1000-гадовы Ваўкавыск ды іншыя гарады і вёскі. Лукашэнка прызнаў, што і міністры, і “простыя рабацягі” – усе стогнуць: цяжка. А пасьля гэтага прэзыдэнт зрабіў выснову: “Але ня стане гэтага напору і ціску з майго боку, гэтай энэргіі, напружаньня – усё змарнее і прыйдзе ў заняпад”.

“Дажынкі” адбываліся на плошчы Леніна, на часовай сцэне – усе там выступалі, і Лукашэнка таксама. А за сцэнай стаяў нябачны гледачам Ленін, якога пафарбавалі да сьвята.

Афіцыйныя мас мэдыя паведамілі, што мерапрыемства наведалі каля 20 тысяч чалавек. Галоўны рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч быў каардынатарам на “Дажынках”:

(Шантаровіч: ) “Нарэзалі многа кішэняў жулікі, а так нічога асаблівага. Увесь горад упіўся. Адпачылі ўсе. Дзесяць тысяч толькі міліцыі было, гэта афіцыйныя дадзеныя ў мяне ў газэце”.

Такія лічбы цяжка ўявіць, хаця... Напярэдадні у Ваўкавыску распаўсюдзіліся чуткі, што на “Дажынках” нібыта зьявяцца і нейкія тэрарысты. Але спэцслужбы грунтоўна падрыхтаваліся. Гаворыць ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, зь якім мы размаўлялі ў першы дзень “Дажынак”:

(Аўтуховіч: ) “Учора быў у мяне масквіч адзін у гасьцях. Ён гаворыць: я ішоў зь сям’ёю па плошчы, гляджу – стаіць міліцыя там і там. Я гавару: чаго ты так сьмяесься? Ты не паверыш, гаворыць, люкі заварвалі каналізацыйныя. Я кажу: ну дык заўсёды так робіцца, калі прэзыдэнт прыяжджае”.

Аляксандар Лукашэнка ў сваёй прамове параўнаў краіну з калгасам, “дзе кожны ведае – ад мэханізатара да прэзыдэнта сваё месца”. Ён паставіў задачы на наступную “пяцігодку” – колькі павінны атрымліваць у 2005-2010 гадох збожжа, бульбы, цукровых буракоў, малака ды іншага.

Што яшчэ такога цікавага сказаў прэзыдэнта на “дажынках”? Да прыкладу, што сапраўдная незалежнасьць – гэта “не балбатня”, а гэта калі ёсьць што пад’есьці і надзець на сябе... Лукашэнка нават аднойчы выклікаў воплескі, пакрытыкаваўшы тых, хто гаварыў, што ня варта было столькі грошай укладаць у рамонт гораду, лепей было б раздаць людзям: “Выпілі б па бутэльцы піва, па чарцы гарэлкі, закусілі б, і ўсё б было добра... Ну выпілі, закусілі, а што заўтра? Апахмяліцца б ужо не было на што”. Публіка зааплядавала.

На здымку: Мэханізатары сядзяць перад сцэнай у часе адкрыцьця фэстывалю. (Фота – photo.promedia.by)
XS
SM
MD
LG