Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 верасьня 1903 году нарадзілася Натальля Арсеньнева


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 19 і 20 верасьня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

Дзень 19 верасьня ў Беларусі традыцыйна называлі “Цуда”. Па-царкоўнаму – гэта дзень успаміну пра цуд Архістраціга Міхаіла. У гэты дзень забаранялася запальваць сьвятло ў гаспадарчых пабудовах.

19 верасьня 1883 году ў Бярозаўцы Лідзкага раёну быў заснаваны шклозавод “Нёман”. У гэтых мясьцінах людзі спрадвеку займаліся вырабам шкла, і спрадвеку тут дзейнічалі невялікія гуты.

19 верасьня 1943 году пачалася партызанская апэрацыя “Канцэрт”, калі па ўсёй тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі падрываліся цягнікі. “Канцэрт” распачынаў другі этап рэйкавай вайны. У часе “Канцэрту” партызаны падарвалі 90 тысяч рэек, 1000 эшалёнаў, 800 паравозаў і 72 чыгуначныя масты. Прапускная здольнасьць чыгункі зьменшылася на 40 адсоткаў.

Цяпер – пра памятныя сёньняшнія памятныя даты.

20 верасьня 1903 году прыйшла на сьвет слаўная беларуская паэтка Натальля Арсеньнева. Дзяцінства і маладосьць спадарыня Натальля правяла ў Вільні, дзе і стала паэткай, якой вялікую будучыню прарочыў сам Максім Гарэцкі. Вайною Арсеньнева была ў акупаваным немцамі Менску, а рэшту жыцьця правяла на эміграцыі ў Амэрыцы. Праз усё сваё жыцьцё пранесла яна гарачую любоў да Беларусі. Яе верш “Магутны Божа” ўважаецца цяпер за адзін зь беларускіх гімнаў.

“Магутны Божа! Уладар сусьветаў, Вялікіх сонцаў і сэрц малых, Над Беларусяй, ціхай і ветлай, Рассып праменьні свае хвалы”.

20 верасьня 1945 году ў Менску пачаў працаваць музэй Янкі Купалы, а 20 верасьня 1950 году ў ЗША пабачыў сьвет першы нумар газэты “Беларус”, якая выдаецца там і сёньня.

20 верасьня 1937 году ў вёсцы Машчаліна на Ігуменшчыне нарадзіўся Аляксей Каўка, выдатны беларускі гісторык і літаратуразнавец. Хоць жыве ён у Маскве, але дасьледуе гісторыю Беларусі эпохі Адраджэньня, і ў першую чаргу – творчасьць і біяграфію Францішка Скарыны.

Таксама 20 верасьня, але ў 1943-м годзе, у вёсцы Нівы на Бярозаўшчыне нарадзілася Нiна Мацяш, выдатная перакладчыца й паэтка. Дзякуючы яе перакладам беларусы адкрылі для сябе багата твораў францускае літаратуры. Паэтка Ніна Мацяш вядомая як майстар інтымнае лірыкі й дзіцячае літаратуры. Яе п’есы для менскага тэатру лялек сталі ўжо нацыянальнай клясыкай.
XS
SM
MD
LG