Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У скарбонцы беларускіх паралімпійцаў зьявіўся першы мэдаль


Ігар Карней, Менск У сталіцы Грэцыі, Афінах, зноў сабраліся алімпійцы. Гэтым разам на старты выйшлі спартоўцы з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, альбо –паралімпійцы. Ад Беларусі ў ХІІ летніх Гульнях удзельнічаюць 33 спартоўцы, якія, паводле плянаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту, павінны прывезьці на Радзіму 25 мэдалёў – столькі ж, колькі мелася здабыць і асноўная нацыянальная зборная Беларусі.

Што з нагоды такіх плянаў кажуць прадстаўнікі алімпійскай місіі ці, можа, самі спартоўцы? Прынамсі, як і ў выпадку з нацыянальнай камандай, усе кажуць пра гэтую лічбу як цалкам рэальную – нягледзячы нават на тое, што тады замест 25 мэдалёў атрымалася 15. У зьвязку з паралімпійцамі пляны, на думку спартовых функцыянэраў, куды больш рэальныя: у Сыднэі беларускія паралімпійцы здабылі 23 мэдалі, тым часам як асноўная зборная – толькі 17.

Пакуль жа за два першыя дні спаборніцтваў у Афінах беларусы займаюць 23 месца сярод 140 краінаў – дзякуючы срэбнаму мэдалю, заваяванаму ўчора прадстаўніком лёгкай атлетыкі: у штурханьні ядра другое месца заняў Віктар Хілімончык, болей за паўмэтра саступіўшы Фані Ломбарду з Паўдзённай Афрыкі.

Шэф беларускай паралімпійскай місіі Мікалай Шудзейка, якому я напярэдадні затэлефанаваў у Афіны, лічыць, што, нягледзячы на досыць сьціплы старт, мэдалёвыя пляны цалкам рэальныя: спартоўцы падрыхтаваныя выдатна, настрой у камандзе таксама добры, таму застаецца зусім мала – перамагаць.

(Шудзейка: ) “Усе прайшлі мэдычна-спартовую клясыфікацыю, пацьвердзілі свае клясы інваліднасьці, заяўкі спартовыя ўхваленыя, і зараз ідзе мэтанакіраваны трэніровачны працэс. Маральная атмасфэра нармалёвая, усе ірвуцца ў бой, бо крыху ўжо заседзеліся. Адаптацыя, акліматызацыя прайшла, таму хочацца менавіта спаборнічаць”.

Колькасна беларускіх паралімпійцаў у Афінах у пяць разоў меней, чым было месяц таму удзельнікаў нацыянальнай каманды. Кіраўніцтва беларускага паралімпійскага камітэту ў гэтым сэнсе пайшло некалькі іншым шляхам. Калі ў нацыянальную зборную ўключылі практычна ўсіх, хто атрымаў ліцэнзіі, то ў дадзеным выпадку ў Афіны павезьлі толькі рэальных кандыдатаў на перамогу – а такіх, як я ўжо казаў, 33 чалавекі. Усяго ж было атрымана 47 ліцэнзіяў – іншымі словамі, 14 чалавек з алімпійскімі ліцэнзіямі, тым ня менш, будуць назіраць за спаборніцтвамі па тэлевізары. Што да канкрэтных дысцыплінаў, то гэта лёгкая атлетыка, плаваньне, вэляспорт, стральба з луку і сілавое трахбор’е альбо паўэрліфтынг.

Якія матэрыяльныя стымулы прадугледжаныя за пасьпяховыя выступы паралімпійцаў? За першае месца спартовец павінен атрымаць 12 тысячаў даляраў, што ў пяць разоў меней за ганарар чэмпіёна нацыянальнай зборнай. За другое месца прадугледжана 8 тысячаў, за трэцяе –5 тысячаў даляраў.

Канчатковыя вынікі паралімпійскіх Гульняў будуць падведзеныя 28 верасьня.
XS
SM
MD
LG