Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не чалавек для нядзелі, а нядзеля для чалавека


Кастусь Бандарук, Прага Разам з сэкулярызацыяй грамадзтва паступова зьнікае паняцьце сьвята. Нядзеля ў якасьці падаўжэньня суботы ператварылася ў выходныя, або “ўікэнд”, і паступова губляе свой сакральны характар Гасподняга дня. Заміж храму людзі праводзяць нядзелю перад тэлевізарам альбо на пакупках. Як Царква ставіцца да гэтай новай тэндэнцыі? Ці павінны ў нядзелю працаваць супэрмаркэты? Ці можна прымірыць прыхільнікаў і праціўнікаў гандлю ў нядзелю шляхам пабудовы ў вялікіх крамах капліцаў?

“Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго. Шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, а дзень сёмы – субота – Госпаду, Богу твайму. Не рабі ў гэты дзень ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх, бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора, і ўсё што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў. Таму дабраславіў Гасподзь дзень сёмы і асьвяціў яго”. ( Вых. 20, 8-11)

У Бібліі выразна гаворыцца: “ шануйце суботу, бо яна сьвятая для вас. Хто апаганіць яе, той хай будзе аддадзены сьмерці. Хто будзе ў суботу рабіць працу, тая душа павінна быць зьнішчаная з асяродзьдзя народу свайго”. ( Вых. 31, 14) У Старым Запавеце субота павінна была быць днём спачынку ў часе пасеву і жніва, у суботу нельга было распальваць ў хатах агонь, пячы і варыць, забаранялася нешта пераносіць, купляць і прадаваць.

Парушэньне суботы лічылася цяжкім грахом. У Кнізе Лічбаў ( 15, 32) згадваецца пра выпадак, калі чалавек, які зьбіраў дровы ў суботу быў забіты камянямі. Зь цягам часу фарысэі, духоўная эліта габрэйскага народу, давяла зьнешняе сьвяткаваньне суботы да абсурду і крайнасьці. Фарысэі вялі ажыўленыя дэбаты, колькі крокаў можна прайсьці ў суботу, або ці можна зьесьці яйка, зьнесенае ў суботу. Яны асудзілі Хрыста за тое, што той аздараўляў у суботу, на што Хрыстос адказаў: “Субота для чалавека, а не чалавек для суботы” ( Мац. 2,27), “лепш у суботу зрабіць нешта добрае, чым дрэннае, жыцьцё выратаваць, чым зьнішчыць”. “Субота – дзень Гасподні, дзень міласэрнасьці і шанаваньня”.

З найдаўнейшых часоў хрысьціяне заміж суботы адзначалі “дзень Гасподні”(гэ Кырыякэ гэмэра, Дыес Доміні) у памяць Уваскрэсеньня Хрыстовага, якое адбылося на наступны дзень пасьля габрэйскай суботы. У канцы 1-га стагодзьдзя Пліній Малодшы, намесьнік Віфініі, пісаў імпэратару Траяну: “хрысьціяне маюць звычай сустракацца ў канкрэтны дзень да ўсходу сонца, сьпяваюць песьні Хрысту, як Богу, і ўрачыста клянуцца не рабіць нічога заганнага”. Юстын Пакутнік расказвае, што “ў Дзень гасподні ўсе хрысьціяне ў гарадах і вёсках зьбіраюцца разам, бо гэты дзень зьяўляецца днём Уваскрэсеньня нашага Госпада. Мы чытаем Сьвятое Пісьмо, пасьля чаго прасьвітар прамаўляе да прысутных, і заклікае іх выконваць пачутае. Затым усе мы аб’ядноўваемся ў малітве, адпраўляем сакрамэнт Эўхарыстыі і зьбіраем ахвяраваньні на патрэбы бедных”.

Паводле катэхізісу асноўных хрысьціянскіх канфэсіяў, “дзень Гасподні” трэба прысьвяціць сямейнаму жыцьцю, добрым учынкам, адпачынку, і найперш – ўдзелу ў багаслужбе. У каталікоў удзел у нядзельнай Імшы – абавязковы. Хто тры разы запар бяз важнай прычыны прапускае нядзельную Імшу – той цяжка грашыць і павінен з гэтага спавядацца.

Нядзельны адпачынак дазваляе чалавеку вырвацца з рытму будзённых заняткаў, сабраць сілы, перадумаць сэнс сваіх штодзённых паводзінаў. У некаторых славянскіх мовах (па-беларуску, польску, украінску й чэску) назоў “Гасподняга Дня” – “нядзеля, нэділя, нэдэлэ” – выразна падкрэсьлівае, што гэта дзень, у які нельга працаваць. Зразумела, гэта значыць, што нельга рабіць таго, ад чаго можна ўстрымацца, і што можна выканаць у астатнія дні тыдня. У сучасных рэаліях лекар, салдат, паліцыянт, журналіст, артыст, кіроўца і шмат хто яшчэ мусяць працаваць і ў нядзелю. Аднак паводле большасьці хрысьціянскіх цэркваў, вернікі павінны патрабаваць ад уладаў і працадаўцаў, каб нядзеля і сьвяточныя дні былі выходнымі.

У абарону нядзелі як “ сьвятога дня” шмат разоў выступаў Папа Ян Павал ІІ. Ён часта з сумам канстатуе, што вернікі ўсё радзей удзельнічаюць у нядзельнай Імшы, што субота зьлілася зь нядзеляй і ператварылася ў “уікэнд”, прысьвечаны спорту і забавам. “Цяжка гаварыць пра сакральны характар нядзелі, калі многія праводзяць яе перад тэлевізарам”, кажа рэлігіязнаўца Ўладзімір Паўлючук. Да прыкладу, усяго кожны шосты немец ў нядзелю наведвае храм. 26% ідуць у суботу на дыскатэку або праводзяць час на іншых забавах, каб непраспаную ноч адаспаць у нядзелю. 12% немцаў удзельнічаюць у спартовых мерапрыемствах, 8% выяжджаюць за месца жыхарства або займаюцца хатнімі працамі, якія не пасьпелі выканаць цягам тыдня.

У шэрагу эўрапейскіх краінаў раз-пораз ажыўляюцца спрэчкі наконт гандлю ў нядзелю. З 25 краінаў Эўразьвязу толькі ў 6 краінах гандаль дазволены поўнасьцю альбо часткова. Каталіцкая Царква ў Італіі не заклікае перастаць гандляваць у нядзелю, але Папа Ян Павал ІІ часта перасьцерагае перад маніяй пакупак і спажывецкім ладам жыцьця.

Сынод Англіканскай Царквы заявіў, што “нядзеля – гэта дзень духоўнага абнаўленьня, адпачынку й сямейнага жыцьця”. Дзьве найбуйнейшыя цэрквы Нямеччыны, каталіцкая і пратэстанцкая, дамагліся забароны гандлю ў нядзелю. Канстытуцыйны Суд ФРГ прыняў рашэньне: “абарона выхадных дзён мае ня толькі рэлігійны сэнс, але служыць сьвецкім мэтам – адпачынку, зьняцьцю напружанасьці й сямейнаму жыцьцю. Прынцып нядзельнага і сьвяточнага супакою – непарушны”, падкрэсьлілі судзьдзі. Былы старшыня Рады Эвангельскіх Цэркваў Манфрэд Кок назваў гандаль ў нядзелю “танцам вакол залатога цяльца”.

Аднак апытаньні ў розных краінах паказваюць, што, паводле большасьці людзей, вялікія крамы павінны працаваць і ў нядзелю. Для шмат каго гэта адзіны дзень адпачынку і пакупак, бо сярод тыдня людзі занятыя. Зрэшты, яны і так не зьбіраліся ісьці ў храм.

А што думаюць беларусы пра гандаль у нядзелю? Ці ў гэты дзень павінны быць адкрытыя вялікія магазыны. Кароткае апытаньне сярод вернікаў правяла Галіна Жарко, і вось якімі былі іхныя меркаваньні:

“Пажадана, каб працавалі ў выхадныя. Як жа інакш? Людзі свабодныя. Яна павінны пахадзіць па крамах. Гэта ж адпачынак. Разам уся сям’я, дык можна пахадзіць па крамах”.

“Хай будуць зачыненыя. Усё роўна да абеду ўсе выяжджаюць на вёску”.

“Не. Крамы павінны працаваць і ў нядзелю. Інакш і ня можа быць. У царкву і касьцёл ходзяць зранку, на ютрань, або ўвечары на вячэрню, а днём трэба ж нешта рабіць”.

“Я лічу, што яны павінны працаваць поўныя сем дзён у тыдзень і пры тым 24 гадзіны ў суткі. Чалавек жа ніколі ня ведае, што спатрэбіцца яму ўначы альбо зранку. Тым болей што невялікія крамы зачыняюцца вельмі рана, дык я лічу, што вялікія крамы, супэрмаркеты, павінны працаваць проста пастаянна”.

“Я лічу, што вялікія крамы трэба ў нядзелю закрываць”.

Адзін зь менскіх вернікаў, Сяргей Дайнэка, лічыць, што калі хто хоча, дык для ўдзелу ў багаслужбе ён заўсёды знойдзе час, а вялікія крамы павінны быць адкрытыя і ў нядзелю, бо на пакупкі ў буднія дні людзі ня маюць часу.

(Сяргей Дайнэка: ) “Чалавек, які хоча пайсьці ў храм, ён знойдзе на гэта час і пойдзе. Мне здаецца, тут увогуле няма такой праблемы. Імша ў касьцёлах распачынаецца а 8-ай – 9-ай, дык да 10-й гадзіны чалавек ужо свабодны. Безумоўна, што гэта дзень адпачынку. Але вы ж бачыце, што ў нас у Менску будаўнікі працуюць на будоўлях каля самых храмаў і ў нядзелю. Як мне здаецца, сыстэма гандлю ў супэрмаркетах у гэтым і палягае, каб людзі маглі якраз у выходныя дні набыць тавары. Вялікія крамы павінны працаваць у выходныя, ня буднія дні. Інакш хіба няма й наагул сэнсу адкрываць гіпэрмаркеты, бо ў будні дзень ніхто ня кіне працу й не паедзе ў краму”.

Нязгодная з гэтым верніца зь Менску Галіна Калевіч. Ейная аргумэнтацыя амаль поўнасьцю супадае з афіцыйнай пазыцыяй Царквы:

(Галіна Калевіч: ) “Мабыць, я апынуся ў меншасьці, але я за тое, каб і рынкі й крамы ў нядзелю былі закрытыя. Справа ў тым, што людзі мала часу прысьвячаюць сям’і, яны зрэдку бываюць разам. Да таго ж, у нашым грамадзтве – бездухоўнасьць. Бог сказаў: “шэсьць дзён працуй, у сёмы дзень адпачывай”. Нашы многія беды адбываюцца па той прычыне, што мы за многае хапаемся, мітусімся, парушаем і сёмы дзень. Хопіць шасьці дзён. Трэба толькі так заплянаваць свой працоўны тыдзень, каб прынамсі адзін дзень заставаўся свабодны, прысьвечаны сям’і. Для мяне ўжо гадоў дзесяць нядзеля – гэта дзень, у які я абавязкова наведваю храм. На гэта хапае менш як паўдня, а пасьля згатаваць абед – не праблема. Зразумела, што ўсе людзі не пачнуць хадзіць у храм, але калі б яны правялі экспэрымэнт з разьмеркаваньнем часу, то яны многае зразумелі б”.

Спробу прымірэньня праціўнікаў і прыхільнікаў гандлю ў нядзелю зрабіў вядомы архітэктар Эрык Кунэ. Ён лічыць, што ў супэрмаркетах павінна знайсьціся месца на капліцы й пастырскую апеку. Кунэ апрацаваў праект такой капліцы для хрысьціян, будыстаў, індуістаў і мусульманаў у Вялікабрытаніі.

У гандлёвым цэнтры ў Дубаі стане мячэць. Вядома, што капліцы ўжо існуюць на шматлікіх лётнішчах, у прыватнасьці, у Рыме і ў Варшаве. Людзі напалоханыя тэрактамі, і многія хочуць памаліцца за шчасьлівы палёт. Царква ў прынцыпе ня супраць гэтай ідэі. Вось, што сказаў на гэты конт прафэсар тэалёгіі з Варшавы айцец Міхал Чайкоўскі:

(Чайкоўскі: ) “У мяне трохі мешаныя пачуцьці. Па-мойму, калі будуць адкрытыя такія капліцы, то практыка пакажа, ці гэтая карысная ініцыятыва, ці не. Мае засьцярогі тэалягічнага, літургічнага характару. Важна, каб удзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі разам з усёю супольнасьцю. З другога боку, кліенты супэрмаркетаў маглі б спалучыць пакупкі з выкананьнем свайго абавязку ўдзелу ў нядзельнай багаслужбе. Тым болей што ў нядзелю ў вялікія крамы накіроўваюцца цэлыя сем’і. Па-мойму, капліцы ў супэрмаркетах ня будуць прафанацыяй ні рэлігіі, ні Бога, калі гандаль будзе болей этычны, калі там будзе меней эксплюатацыі супрацоўнікаў, меней ашуканства на цэнах і таварах. У прынцыпе я лічу, што нядзеля павінна быць для Бога, для сям’і, для адпачынку. Я быў бы шчасьлівы, каб супэрмаркеты былі ў нядзелю закрытыя, і гэта ня толькі з прычыны прадаўцоў, якія ня маюць выходных і ня маюць часу для сваіх сем’яў. З другога боку, ня ўсе людзі веруючыя. Для некаторых пакупкі ў нядзелю вельмі выгадныя. Таму я лічу, што патрэбнае кампраміснае рашэньне. Адкрытыя павінны быць толькі некаторыя крамы ў некаторы час”.

Выглядае, што пры сучасным ладзе жыцьця кампраміс у пытаньні сьвяткаваньня нядзелі – неабходны. Царква ня можа адмовіцца ад таго, што ў адпаведнасьці з запаведзьдзю нядзеля застаецца “Гасподнім днём”. З другога боку, перафразуючы словы Хрыста, трэба прызнаць, што “не чалавек для нядзелі, але нядзеля для чалавека”.
XS
SM
MD
LG