Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адно, што Лукашэнка добрае зрабіў – што не злучыўся з Расеяй”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 17 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Харытон Ягоравіч: ) “Ведаеце, чаму я не пайду на рэфэрэндум і на выбары? Бо на Беларусі стварылі ўсе ўмовы для фальсыфікацыі выбараў. Апазыцыі не даюць выказацца па тэлебачаньню, камісіі складзеныя так, што апазыцыя ня мае права праверкі бюлетэняў, сацыяльнае апытаньне на выхадзе выбарчага ўчастку таксама забароненае. Калі я прыйду, то яны пазначаць колькасьць, а як я там прагаласую, яны намалююць згодна з адсоткам, які ім паведамяць зьверху. Таму ў гэтыя гульні ня варта гуляць, я і не гуляю, і іншым ня раю. А калі да бабулькі-пэнсіянэркі прыйдуць з урнай, дык не адчыняйце ім дзьверы! Ня трэба гуляць у гэтыя гульні! Хай яны самі гуляюць у гэтыя гульні. Бывайце здаровы!

Наконт таго, што будзем жыць горш, калі Лукашэнку ня выберуць альбо ён адмовіцца ад рэфэрэндуму і г.д. Прапаную сабраць інфармацыю пра тое, як людзі жывуць пры дыктатуры і пры нармальным дэмакратычным рэжыму. Ёсьць жа статыстыка, што дыктатуры – рэжым Лацінскай Амэрыкі, сталінскі наш рэжым, гітлераўскі рэжым – яны звычайна вядуць свае народы да краху. А дэмакратыя… Я вось нешта ня чуў: няўжо ўсё так дрэнна ў Прыбалтыцы, няўжо там людзі пакутуюць, што ў іх дэмакратыя? Ці ў Румыніі альбо Польшчы, ці Чэхіі? Трэба ж людзям казаць! А то ж ня ведаюць і лічаць, што калі Лукашэнкі ня будзе, то мы як бы развалімся ўсе”.

(Міхаіл Леках, Рыга: ) “Хачу сказаць, што вы вельмі справядліва робіце, даючы розныя меркаваньні ў эфір. Хаця прама скажу, што перакос ёсьць, вельмі моцны, бо каля 85 адсоткаў – водгукі нэгатыўныя ў адносінах да прэзыдэнта Беларусі. Але я разумею, што вы па іншаму і ня можаце, бо вы радыёстанцыя, якую фінансуе Амэрыканскі кангрэс.

А цяпер больш па сутнасьці. Шмат хто тэлефануе і кажа толькі пра голую палітыку, але чамусьці не дакранаюцца вельмі важнага пытаньня гаспадарчай дзейнасьці. Улада ж павінна людзей накарміць, даць спакой і г.д. І ў гэтым пляне становішча на Беларусі значна лепшае, чым у суседніх краінах.

Цяпер, наконт гаданьня, ці палепшыцца жыцьцё да лепшага, калі будзе іншы прэзыдэнт альбо не. Ня трэба варажыць! Канкрэтна трэба разглядаць людзей, дык скажыце, каго судзіць! Альбо гэта дэбільная размова, нейкая зусім абстрактная? Канечне, калі будзе чалавек тыпу Гэрхарда, які быў канцлерам у Нямеччыне, то будзе лепей, таму што гэта геніяльны чалавек, геніяльны эканаміст. Але я такіх ня бачу ў Беларусі! Таму давайце ставіць канкрэтныя пытаньні, спадары, тады будуць і канкрэтныя адказы! А то атрымліваецца дэмагогія!

Калі вас цікавяць вынікі рэфэрэндуму – калі ласка, напішыце, у вас ёсьць мой адрас, 2-3 чалавекі мы прыедзем, і я вам дакладна з памылкай у 5 % скажу вынік. У мяне ёсьць вопыт працы. Больш таго, калі мы памылімся больш як на 8%, мы вернем вам грошы.

Цяпер давайце па справе. За паўгады да мінулых выбараў я спэцыяльна быў адзін на Беларусі некалькі месяцаў. І я зрабіў дасьледаваньне, выбарка невялікая была, каля 100 чалавек у розных рэгіёнах Беларусі. І я атрымаў вынік 65%, што будзе выбраны прэзыдэнтам А.Г.Лукашэнка. Так гэта й атрымалася. Калі я сваім калегам, зусім ня простым людзям, назваў лічбу, яны казалі: “Ня можа быць!” А праз паўгады, калі сюды прыехаў, яны пыталі: “Адкуль ты ведаў?” Гэта элемэнтарна вызначаецца, для спэцыяліста, канечне. Такім чынам, ня трэба будзе гадаць. Дзякуй. Усяго добрага”.

(Жыхар Менску: ) “Шаноўная Свабода! Перамога лукашэнкаўскага рэжыму ў выбарах пажаданага парлямэнту пачала зьдзяйсьняцца. Не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты вядомыя змагары за дэмакратыю і народнае шчасьце: Бандарэнка, Грыб, Скрабец, Парфяновіч, Шушкевіч і іншыя на Беларусі. Няма ніводнага дурня, які б паверыў, што ў гэтых незарэгістраваных былі парушэньні ў дакумэнтах. Гэта прыдуманая лухта! Не дакумэнт павінен у гэтым, а загад зьверху! Гэтак адбудзецца і з рэфэрэндумам. Ну і што ж цяпер рабіць дэмакратам і сумленным людзям? Выйсьце адно – ісьці па грыбы, а не на выбары!

Сёньня жанчына, якая патэлефанавала на Радыё Свабода, якая ўхваляла дасягненьні Лукашэнкі і якая зь дзікім абурэньнем крытыкавала Шушкевіча, Грыба і іншых, навяла мяне на ўспаміны. Як адна даярка ў газэце “Известия”, калі не памыляюся, зьдзекліва і непрыстойна крытыкавала Андрэя Дзьмітрыевіча Сахарава ў момант яго цкаваньня савецкім рэжымам. Тое ж падобнае адбываецца і пры гэтым рэжыме ў адносінах да непажаданых рэжыму, бачных змагароў!”

(Віктар Бутто: ) “На пытаньне тыдня: ці палепшыцца жыцьцё, калі будзе іншы прэзыдэнт. Гэта калі прыйдзе такі як генэрал Фралоў, прыстойны, які жадае выконваць абавязкі прэзыдэнта перад любым законапаслухмяным грамадзянінам Беларусі. Адказ просты: такі грамадзянін нарэшце будзе добра сябе адчуваць нават у Менску, які зьяўляецца пасьля 1991 году найбольш крымінальным і небясьпечным горадам у Эўропе для жыцьця. Але толькі, калі такія як Шушкевіч, Кебіч, Лукашэнка, Пазьняк і падобныя то… Гэта проста гаваруны, якія не заўважаюць чалавечнасьць, яе безабароненасьць перад уладамі і іх прадстаўнікамі. Дзякуй. Шкада, што такое не перадаецца ў эфіры, бо гэта сапраўдная рэчаіснасьць, паважаныя супрацоўнікі Беларускай службы Радыё Свабода”.

(Спадар: ) “Ленін, правадыр сусьветнага пралетарыяту, быў прыхільнікам самага жорсткага тэрору, дзяржаўнага тэрору. Ленін – галоўны тэрарыст, якому пастаўленыя помнікі, названыя вуліцы, плошчы. Хто гэтага ня ведае! Чаму Леніна не называюць, як ён заслугоўвае, тэрарыстам і бандытам, яго пасьлядоўнікі? А таму, што ярлыком “тэрарыст” гуляюць як мячом кіраўнікі краінаў СНД у сваіх асабістых мэтах. Дураць нас, простых грамадзян! Ня быў Канстанцін Заслонаў тэрарыстам, а быў партызанам, падпольшчыкам. Чачэнскую вайну трэба спыніць, каб не было тэрарызму ў нашага ваяўнічага саюзьніка Расеі. Дзякуй.

Задачка для падручнікаў у беларускіх школах. Вядома, што па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якую пад сябе стварыў прэзыдэнт Лукашэнка з дапамогай юрыста Абрамовіча, адна асоба мае права займаць вышэйшы пост у краіне два тэрміна па пяць год. Прэзыдэнцкія выбары былі ў 1994 годзе. Пытаньне задачкі: калі, у якім годзе гэты прэзыдэнт павінен сысьці ў адстаўку? Дзякуй.

Пытаньне да Юрася Бушлякова. Што азначаюць словы “гібеюць на мізэрныя грошы”, “цівун”, “бадзяк”, “зух”, “вочы сьведчылі, што ён зух”, “рахуба”, “пызаны”, “абрэнчык”? Дзякуй”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добрай раніцы, Свабода! Праслухаў ранішні паўтор праграмы Свабода наконт рэгістрацыі дэпутатаў і мушу адзначыць адно, што гэта павінна было быць, і невядома на што разьлічвалі усе гэтыя лідэры нашай сёньняшняй апазыцыі. Яны дакладна ведалі, што менавіта гэтак і будзе, але амбіцыі пхалі іх туды, куды зараз яны прыйшлі, то бок у багну. І самае шкоднае тое, што яны цягнулі за сабой народ, цягнулі тых, хто яшчэ падтрымлівае іх, цягнулі тых, хто сапраўды жадае нейкіх пераменаў. А зараз што атрымалася? Атрымалася поўная параза, калі яшчэ не распачалася кампанія. Засталіся тыя, якіх перамагчы надзвычай лёгка, засталіся дзеці, прабачце. І гэта было вядома. І, можа быць, нават Лукашэнку ня трэба было гэта рабіць, каб толькі перамагчы: не! Яму гэта трэба было зрабіць, каб яшчэ больш прынізіць апазыцыю, яшчэ больш піхнуць яе ў тое балота, дзе яна зараз знаходзіцца. Нашая апазыцыя, на жаль, заблукала, мне гэта з горыччу прыходзіцца казаць. А перамагчы яе ён і так пераможа!

Людзі даражэнькія! Ды прайдзіце вы вуліцы, шаноўныя спадары апазыцыянэры! Да папытайце вы ў людзей, за каго яны. І яны вам скажуць, што калі і супраць Лукашэнкі, то іншага на сёньня няма! Бо наш народ ашалеў, яму патрэбен нейкі пастух, а пастуха яны бачаць у асобе спадара Лукашэнкі. Вось і ўсё. А вас яшчэ раз піхаюць у тое балота і запіхваюць канчаткова, каб больш вы нават і галаву не паднялі напярэдадні абраньня на трэці тэрмін спадара Лукашэнкі. Таму тэрмінова выпраўляйце свае памылкі!”

(Спадар: ) “Добрай раніцы, Беларусь! Я хачу выказаць свае думкі наконт вашага пытаньня, а ці ёсьць замена для Лукашэнкі. Я чалавек ужо сталага ўзросту і памятаю, як памёр Сталін, як тады плакалі людзі, асабліва тыя, калі гаварыць паводле Лукашэнкі, якія рохкалі ля карыта Сталіна. Як яны плакалі! Здавалася, замены ўжо й не было. Але зьявілася замена, зьявіліся новыя людзі, новыя парадкі. Так што замена ёсьць! Чаму не замена генэрал Фралоў, Клімаў, Марыніч, Статкевіч, Чыгір, Вячорка і т.д. Яны ўсе вартыя, каб быць прэзыдэнтамі, толькі трэба іх выбраць. Так што ёсьць гэтыя людзі ў нас. Другая справа, што большая частка ня ведае іх, прапаганда не дае інфармацыі. Гэта другая справа. А людзі ёсьць!

Што ж тычыцца Лукашэнкі, дык ён добрага ж нічога не зрабіў. Адно, што ён добрае зрабіў – што не злучыўся з Расеяй. Хаця дурыў, дурыў галаву расейцам 10 гадоў, калі імкнуўся заняць там пасаду прэзыдэнта,але не атрымалася – і гэта добра. А так ён нічога добрага й карыснага не зрабіў. І па сутнасьці ён тры тэрміны адбыў, бо па Канстытуцыі 94-году, там на чатыры гады абіраліся. А ён зрабіў маніпуляцыі з Канстытуцыяй”.

(Слухачка: ) “Я вельмі ўзрушаная, што гэта за рэпартажы вы даеце! Што гэта вы даеце такія выказваньні на расейскай мове нейкіх шасьцёрак гэбісцкіх! Мы што, мала чуем гэтыя выказваньні па афіцыйным радыё? Самі мы ня можам патэлефанаваць на гэтае афіцыйнае радыё выказаць свае погляды, ніхто ж не агучыць іх па радыё. Дык што ж вы робіце! Я ўспрымаю гэта як гвалт! Разумееце, вы гвалтуеце мяне! Прымушаеце слухаць такія рэчы, абразы прыстойным людзям. Для чаго вам гэта трэба? Які тут можа быць фраерызм, які?! Нас гвалтуе ўвесь час гэтае радыё афіцыйнае, а вы дапамагаеце! Я проста патрабую, каб такія выказваньні, апошнім часам якія пачасьціліся на расейскай мове, абразьлівыя такія, у падтрымку нашай улады, каб гэтага не было па радыё!”

(Уладзімер: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Адносна меркаваньня вельмі эмацыйнай жанчыны. Пажадаю такім жанчынам і ўсім так званым сумленным грамадзянам прыглядзецца да свайго кіраўніцтва, што яно вырабляе, пра прыхватызацыю і іншыя рэчы. І ўсё стане зразумела.

Па-другое, міт наконт таго, што калі жанчына стане прэзыдэнтам, то ў нас будзе лепшае жыцьцё, разбураны. У нас ужо ёсьць Лідзія Ярмошына, якая вельмі добра кіруе выбарамі. Так сама будзе кіраваць і жанчына-прэзыдэнтка”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная Свабода! Вітаю цябе, што ты ёсьць. І перш-наперш хачу сказаць вось што. Не ўключайце пахабных баб і нават мужчын, калі яны пахабныя, бо брыдка іх слухаць! Яна валіць на Шушкевіча, на Багданкевіча – яны пабылі бяз году тыдзень. А вось чалавек 10 год пабыў і, лічу, што зрабіў ня лепш, а толькі горш!”

(Спадар: ) “Ёсьць нейкі чалавек, які пастаянна выступае на расейскай мове па Радыё Свабодзе. І ён пастаянна робіць нападкі на Шушкевіча, Лябедзьку, Вячорку і зараз на Севярынца, які да зуброўцаў, мне здаецца, ня мае ніякіх адносінаў. А тое, што зуброўцы пішуць на дамах, я гэтага ня бачыў. Я бачыў іх надпісы на такіх заборах, якія і бяз надпісаў павінныя быць зьніштожаныя! І дадам, што ў Мазыры ўлады гарадзкія зьнішчылі памятны знак ахвярам фашызму. Вось гэта ў тысячы разоў больш злачынна, чым тыя надпісы, якія зуброўцы зрабілі.

І яшчэ, я хачу задаць яму пытаньне. Хай скажа, хто бацька ў Лукашэнкі і дзе ён. І яшчэ, зь якіх крыніц набраў грошы прэзыдэнцкі фонд Лукашэнкі і якая сума там ёсьць? Вось так. Усяго добрага, Свабода!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG