Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Таталітарнай дзяржаве патрэбная толькі адна рэлігія, ёй не патрэбна шмат розных рэлігіяў”


Альгерд Невяроўскі, Менск Шэраг цэркваў поўнага Эвангельля правялі 18 верасьня ў Менску мітынг пратэсту. Яго ўдзельнікі патрабавалі ад уладаў перагляду Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў ды адмены найбольш недэмакратычных яго артыкулаў.

У дазволеным гарадзкімі ўладамі мітынгу на плошчы Бангалор, арганізаваным пратэстанцкімі цэрквамі “Новае жыцьцё”, “Царква Ісуса Хрыста”, “Слова веры” й “ Божая сям’я”, удзельнічала некалькі сотняў вернікаў зь Менску, Горадні, Гомеля, Вілейкі, Барысава ды іншых гарадоў Беларусі. У руках яны трымалі транспаранты з надпісамі: “Блаславёны народ, у якога Госпадам ёсьць Бог”, “Чыноўнік не закон, а слуга”, “Свабоду распаўсюду Эвангельля” ды іншыя.

Сябры поўнаэвангельскіх цэркваў пратэставалі супраць прынятага ў 2002 годзе Закону аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыяў і практыка яго прымяненьня. Паводле лідэраў пратэстанцкіх цэркваў, у выніку яно прывяло да сыстэматычнага й грубага парушэньня права эвангельскіх хрысьціянаў на свабоду веравызнаньня. Гаворыць адзін з арганізатараў мітынгу пратэсту, пастар менскай “Царквы Ісуса Хрыста” Барыс Чарнаглаз:

(Чарнаглаз: ) “Гэтая дзяржава аўтарытарная, гэтая дзяржава хоча стаць таталітарнай. А таталітарнай дзяржаве патрэбная толькі адна рэлігія, ёй не патрэбна шмат розных рэлігіяў. Ёй не патрэбныя такія вернікі з ведамі, ідэямі, думкамі, якімі нельга маніпуляваць. Улады бачаць у пратэстантах людзей, якія самастойна думаюць, самастойна падыходзяць да веры, маюць сваю думку. Але мы хочам сказаць, што мы маўчаць не зьбіраемся. Пакуль нашыя правы будуць парушацца”.

Людзі, што выступалі на мітынгу, казалі, што ўлады не дазваляюць пратэстантам здымаць для Багаслужбаў грамадзкія памяшканьні, патрабуюць прапаведаваць толькі па месцы рэгістрацыі абшчыны, чыняць перашкоды ў справе запрашэньня ў Беларусь замежных пастараў. А таксама забараняюць зьбірацца на малітву на прыватных кватэрах ды перасьледуюць за гэта вернікаў у адміністратыўным парадку. Усе пратэсты й прапановы з боку пратэстантаў чыноўнікі звычайна пакідаюць без увагі.

Вось, што сказала ў інтэрвію беларускай Свабодзе адна з удзельніцаў мітынгу:

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта мой абавязак як грамадзянкі сваёй краіны – быць тут, прысутнічаць тут. Гэта ўсё, што я магу зрабіць. Я лічу, што я не павінна заставацца ўбаку й сядзець удома”.

Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем да ўладаў перагледзець Закон аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыяў ды адмяніць найбольш рэпрэсіўныя яго артыкулы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG