Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Washington Post”: Буш павінен зьвярнуць увагу на Беларусь і Ўкраіну


Алеся Сёмуха, Вашынгтон У рэдактарскай калёнцы сёньняшняя “Washington Post” аналізуе апошнія ўнутрыпалітычныя карэкціроўкі Крамля і ўсё большую залежнасьць Беларусі і Ўкраіны ад Масквы. Прапануем вашай увазе пераклад артыкулу ў “Washington Post” на беларускую мову.

“Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш асудзіў нядаўнія крокі Пуціна да згортавньня дэмакратыі ў Расеі. Мы вітаем гэтую пазыцыю прэзыдэнта Буша, і маем параду ў працяг гэтай пазыцыі: спадар Буш мусіць таксама зьвярнуць увагу на Беларусь і Украіну, двух эўрапейскіх суседзяў Расеі, спадзяваньні насельніцтва якіх ідуць насуперак нэасавецкім праектам Пуціна”.

“Беларусь і Ўкраіна гэтай восеньню паўстануць перад выбарам паміж дэмакратыяй і вольным рынкам заходняга ўзору ці падпарадкаваньні эканамічнай сфэры Крамля і пуцінскай кіраванай дэмакратыяй. Беларусь, краіна з 10-ці мільённым насельніцтвам, ужо амаль зьнікла: прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка апярэдзіў Пуціна ва ўстанаўленьні фактычнага дыктату выбарчага працэсу, перасьледу апанэнтаў, кантролю над інфармацыяй, а наступным годам яго краіна, якая і без таго ўжо залежная ад расейскіх субсыдый, пераходзіць на расейскі рубель”.

“У той жа ж час беларуская дэмакратычная апазыцыя не здалася і знаходзіцца напярэдадні бою: да парлямэнцкіх выбараў Лукашэнка дадаў канстытуцыйны рэфэрэндум, які дазволіць яму заставацца пры ўладзе пасьля 2006 году, калі ягоны дванаццацігадовы тэрмін павінен скончыцца. Апазыцыя мае ня больш шанцаў на гэтых парлямэнцкіх выбарах, чым расейская апазыцыя на леташніх выбарах у Пуцінскую Думу. Аднак незалежныя апытаньні паказваюць, што бальшыня беларусаў супраць лукашэнкаўскай спробы ўзурпаваць уладу. Крэмль, натуральна, за гэта, таму што Лукашэнка, якога ня прымаюць на Захадзе, гарант таго, што Беларусь будзе і надалей здаваць свой сувэрэнітэт Пуціну”.

“Ва Ўкраіне стаўкі нашмат вышэйшыя, і змаганьне больш раўнаважнае. Аднак кантраляваныя дзяржавай сродкі масавай інфармацыі адкрыта падтрымліваюць афіцыйнага кандыдата, сёньняшняга прэм’ера Віктара Януковіча, паўсюдна практыкуюцца брудныя прыёмы супроць апазыцыі, і заходнія назіральнікі лічаць, што ёсьць усе падставы баяцца, што ўрад, пры падтрымцы Пуціна, скрадзе вынікі выбараў у апазыцыйнага Юшчанкі на карысьць Януковіча”.

“Параўнальна з Расеяй, сродкі, якія выдаткоўваюцца ЗША на Беларусь і Украіну мізэрна малыя. Літаральна некалькі афіцыйных асоб ЗША наведалі Ўкраіну і настойвалі на свабодных выбарах, у той жа ж час Пуцін сустракаўся з Кучмам 10 разоў толькі сёлета і нядаўна запэўніў, што адносіны з Украінай перша-прыярытэтныя ў ягонай замежнай палітыцы”.

“Нягледзячы на гэта адміністрацыя Буша мае магчымасьці ўплыву. Яна можа паспрыяць стварэньню кантактных груп суседніх краін, як Швэцыя, Польшча, Славаччына, каб паспрыяць справе дэмакратыі; адміністрацыя можа супрацоўнічаць з Эўразьвязам, каб ціснуць на прысутнасьць міжнародных назіральнікаў і даць зразумець, што падробленыя выбары прынясуць аб’яднаны цьвёрды адпор. Нарэшце, спадар Буш можа сказаць наўпрост беларусам і украінцам, што ён падтрымлівае сапраўдную дэмакратыю для гэтых краінаў, і што ў гэтым пытаньні яго палітыка разыходзіцца з палітыкай Пуціна”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG