Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак: “Умовы для выбараў жахлівыя”


Аляксандар Лукашук, Прага Хэльсынская камісія Кангрэсу ЗША праводзіла слуханьні ў справах Беларусі й Украіны. Ад Дзярждэпартамэнту перад камісіяй выступаў Майкл Козак, былы амбасадар ЗША ў Менску.

Старшыня Хэльсынскай камісіі Крыстафэр Сьміт заявіў, што справядлівыя і сумленныя выбары – гэта ня тое, што адбываецца ў дзень галасаваньня, а гэта усё тое, што гэтаму дню папярэднічае.

Крыстафэр Сьміт выказаў меркаваньне, што Беларусь ператвараецца ў адну з краінаў з пажыцьцёвым прэзыдэнцтвам і паставіў пытаньне пра наступствы – санкцыі з боку АБСЭ – у выпадку несправядлівых выбараў.

Былы амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак назваў умовы для выбараў жахлівымі. СМІ знаходзяцца пад цяжкім ціскам штрафаў і судовых перасьледаў, палітычных актывістаў саджаюць за краты, кантроль за мэханізмам выбараў цалкам у руках ўладаў, сказаў Майкл Козак.

Ён станоўча ацаніў намаганьні апазыцыі. Паводле соцыялягічных дасьледаваньняў, кандыдаты ад апазыцыі вельмі мала адстаюць ад праўрадавых кандыдатаў – нягледзячы на няроўныя, неспрыяльныя умовы. Сацыялёгія таксама выразна супраць Лукашэнкі на рэфэрэндуме. Каб дасягнуць бальшыні ад усіх выбарцаў, запатрабуецца моцная і відавочная фальсыфікацыя, лічыць Майкл Козак.

Гаворачы пра санкцыі, Майкл Козак адзначыў, што цяжка было б пакараць Беларусь больш, чым яе пакараў Лукашэнка палітыкай самаізаляцыі. Але ёсьць пытаньне адказнасьці намэнклятуры. Намэнклятура баіцца – баіцца страціць працу, баіцца за сем’і. Але калі б яна больш баялася адказнасьці за фальсыфікацыі на выбарах, яна была б больш схільныя выконваць сваю працу сумленна, заявіў Майкл Козак.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG