Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзьвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць... Рака ў беларускай прасторы


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае археоляг Ніна Здановіч. (эфір 16 верасьня)

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Старажытнагрэцкія філёзафы, што займаліся пошукам першарэчываў, зь якіх паходзіць усё на Зямлі, называлі сярод іх ваду. Сэнт-Экзюпэры склаў сапраўдны гімн вадзе, апяваючы яе ўласьцівасьці. Недахоп прыдатнай для харчаваньня вады — сапраўдная кара людзям і дзяржавам. І шчасьлівы той народ, што жыве на зямлі, не зважаючы на такую праблему. Трэба думаць, Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала?”

(Ніна Здановіч: ) “Пэсыміст можа пажаліцца на адсутнасьць у тутэйшых насельнікаў мора і марскіх пляжаў. Але зірніце на мапу Беларусі: Бог заключыў нашу радзіму ў сіні квадрат рэк, як у калыску. І кожная з чатырох волатаў — Дняпро, Нёман, Дзьвіна, Прыпяць — у нечым галоўная”.

(Ракіцкі: ) “Рака — гэта перадусім вада. Але ня толькі. Нават у геаграфічным пляне гавораць ня толькі пра вытокі, рэчышча, дэльту ракі, але ўвогуле пра рачны басэйн. У гэтым адчуваецца яе ўсеабдымнасьць і ня толькі геаграфічная, а і ва ўспрыманьні людзей. Ці ня так, спадарыня Ніна?”

(Здановіч: ) “Я сказала бы, што адчуваецца яе прыцягальная сіла. У пэўным сэнсе пацьверджаньнем таму — паэтычныя і празаічныя творы-прысьвячэньні рэкам. Згадайма, прыкладам, “Нёманаў дар” Якуба Коласа, дзе створаны вобраз волата-Нёмна. Дзіва што ён мае 1300 прытокаў, а яго сукупная даўжыня разам з гэтымі прытокамі складае 8 тысяч кілямэтраў. Згадайма таксама вершы “Нёману” Анатоля Астрэйкі й “Краю мой Нёман” Дануты Бічэль-Загнетавай. Ці прысьвячэньні Дняпру ў Аляксея Зарыцкага, Алеся Жаўрука. Зразумець, чым ёсьць рака ў жыцьці творцы найлепш дапамогуць радкі Ўладзімера Караткевіча:

“Але другой ракі за маю раку, за мой сонечны, за мой суровы і шырокі, за мой старажытны Дняпро — другой такой ракі на сьвеце няма… Ён — бацька. Ён — калыска наша. Ягоная душа — наша душа, усё яшчэ нястрыманая, язычаская, вераломна-праўдзівая, цыганская. Ён і сапраўдны язычнік, мнагажонец, і ўсе жонкі ягоныя ня чуюць у ім душы. І Друць, і Прыпяць, і Дзясна… Бо гэты ня выдасьць. Бо ён верны сябар, які не заложыць цябе ўсякай сьвіньні”.

(Ракіцкі: ) “Ня толькі вялікія, а і малыя рэкі былі й ёсьць натхняльніцамі. Згадайма “Над ракой Арэсай” Янкі Купалы, “Маю Бяседзь” Аркадзя Куляшова, “Маю Ўшачку” Пятруся Броўкі ці “Над Шчарай” Сяргея Новіка-Пяюна”.

(Здановіч: ) “Ня толькі паэты, творцы маюць права на свой вобраз ракі. У кожнага, хто бачыў хоць бы чатыры нашыя вялікія ракі, нараджаюцца свае асацыяцыі. Для мяне, напрыклад, Нёман — хуткаплынны, камяністы. Нёман і Дняпро — найперш рэкі-абаронцы Беларусі. Дзьвіна — вялікая працаўніца. Асабліва востра я адчуваю гэта ў Полацку, калі ў час летняй засухі агаляюцца шматлікія слупы старажытных прыстаняў”.

(Ракіцкі: ) “Ствараць вобразы — гэта, так бы мовіць, суб’ектыўная роля рэк. І давайце згадаем народныя ўяўленьні пра беларускія рэкі”.

(Здановіч: ) “Трэба паглядзець, чаго хацелі людзі ад ракі. Згадайма: “Ой, рэчанька-рэчанька, чаму ж ты ня поўная, зь беражком ня роўная?” Вада — гэта крыніца жыцьця. І рака павінна быць поўнаю, каб гэтае жыцьцё ня скончылася”.

(Ракіцкі: ) “А аб’ектыўна — чым былі і ёсьць рэкі для Беларусі?”

(Здановіч: ) “Найперш, рака — гэта шлях”.

(Ракіцкі: ) “Ёсьць яшчэ выраз: рака — гэта Божая дарога”.

(Здановіч: ) “Слушна. Мне ўспамінаецца эпізод сустрэчы зь Міхасём Чарняўскім, калі ён намаляваў вобраз нэалітычнай Беларусі. Ён сказаў, што ў час нэаліту Беларусь была суцэльна пакрыта лясамі вышынёй зь дзевяціпавярховыя дамы, і паміж імі былі нітачкі рэк. Прабіцца праз гэтыя лясы, акрамя як па рэках, было немагчыма. Рака сутнасна была першапраходцам у гэтым моры непраходнага лесу. Людзі ішлі за ёю, ці па ёй. Пройдуць цэлыя тысячагодзьдзі, перш чым чалавек адважыцца аддаліцца ад ракі”.

(Ракіцкі: ) “І тады ён засвоіць міжрэччы. Але як далёка? Да якой мяжы?”

(Здановіч: ) “Ізноў жа да ракі. Тут мы бачым раку ў іншай іпастасі: рака як мяжа, як значная перашкода. Клясычны прыклад — Дняпро, што падзяліў дрыгавічоў і радзімічаў на дзьве часткі. Археолягі ў час дасьледаваньняў пахаваньняў на левым беразе Дняпра адзначаюць радзіміцкія курганы, а ўжо на правым — дрыгавіцкія. Часам такая рака-мяжа бывае вельмі канкрэтнай і нават пачварнай. Прыкладам, мяжа паміж Расейскай і Рэччу Паспалітай 1793 году. Гэтая мяжа прайшла па Дзьвіне і падзяліла Полацак на дзьве часткі: адна частка была ў Расеі. А другая — у Рэчы Паспалітай”.

(Ракіцкі: ) “Ведаеце, спадарыня Ніна, адным з самых моцных уражаньняў апошніх гадоў былі для мяне некалькі гадзінаў, якія я правёў на Ніле — на найвялікшай, наймагутнейшай рацэ. Тады я адчуў, што Ніл вызначыў жыцьцё цэлага народу, эгіпцянаў, на тысячагодзьдзі. Ці можна сказаць пра нейкую раку, якая была лёсавызначальнай для беларусаў? Хай і ня так глябальна, як Ніл”.

(Здановіч: ) “Вядома, у нас няма гор ці сэзону дажджоў, што вызначылі бы такія вялікія разьлівы, як на Ніле. Але ў нас ёсьць вясновыя паводкі. І найбольш адчувальныя гэтыя балотныя паводкі на балотных рэках. І самая вялікая з такіх балотных рэк — гэта Прыпяць. Яе ўзьдзеяньне на палескі рэгіён і на лад жыцьця палешукоў ня меней значнае, чым узьдзеяньне Нілу на жыцьцё эгіпцянаў. Гэтак сама, як і Ніл, разьлівы Прыпяці вызначылі цыклічнасьць жыцьця насельнікаў, найперш рамесьнікаў. Разьліву Прыпяці спакон веку чакалі прыпяцкія ганчары, каб нагрузіць свае стругі посудам да самага верху і затым разам з вадою плыць да населеных пунктаў, каб там прадаваць свае вырабы. Вось вам і вызначэньне жыцьця Прыпяці”.

(Ракіцкі: ) “Палесьсе — гэта зьнітаванасьць дзьвюх стыхіяў: ракі й балота. Яны падсілкоўваюцца адна адною. Які галоўны вынік іх узаемадзеяньня ў этнакультурным пляне?”

(Здановіч: ) “Разам яны сталі своеасаблівым культурным ізалятарам, стварылі ўнікальны этнакультурны запаведнік. У гэтым пераконваюцца археолягі. У часе вывучэньня мазырскай керамікі я адкрыла для сябе ўнікальную рэч: арнамэнт на мазырскім посудзе дакладна паўтарае малюнкі на арнамэнце ў 12 стагодзьдзі й малюнкі на арнамэнце ў 19 стагодзьдзі. Пазьней, калі мне давялося пабываць у гэтак званым чарнобыльскім фондзе Музэю старажытнабеларускай культуры, і я пабачыла збор рэчаў штодзённага ўжытку 80-х гадоў 20 стагодзьдзя — ступы, драўляныя сельскагаспадарчыя прылады, я пераканалася, што яны амаль нічым не адрозьніваюцца ад тых рэчаў, якія знаходзяць археолягі ў прапластках 12–14 стагодзьдзяў на тым жа Палесьсі”.

(Ракіцкі: ) “У Беларусі вызначаюцца пяць адметных рэгіёнаў, а Заходняе і Ўсходняе Палесьсі — гэта толькі два зь пяці…”

(Здановіч: ) “Так, але і ў назвах астатніх рэгінаў таксама замацаваная прысутнасьць ракі: Падзьвіньне, Падняпроўе, Панямоньне. І пры карпатлівым аналізе культуры Цэнтральнага рэгіёну мы заўважым, што яна ўяўляе сабою відазьмененыя скрайнасьці паміж Панямоньнем і Падняпроўем, або Падзьвіньнем і Палесьсем”.

(Ракіцкі: ) “Верагодна, вада ці водная паверхня была першым люстэркам для чалавека, менавіта там ён упершыню ўбачыў і ацаніў сваё аблічча. Ці выконвае ролю люстэрка рака ў наш час?”

(Здановіч: ) “Насамрэч рэкі адлюстроўваюць многае ў нашым жыцьці. Назвы іх раскажуць пра этнічную прыналежнасьць тых, хто жыў тут даўней, выявяць балцкія, славянскія ці фіна-вугорскія карані народу. Некалькі назваў, пад якімі ведалі ці ведаюць раку, сьведчаць пра яе прыналежнасьць да розных дзяржаваў. Прыгадаем гістарычныя і этнічныя назвы ракі Нёман. Літоўцы гэтую раку называюць Нямунас, немцы — Мэмэль, расейцы — Неман. І ніхто, акрамя спэцыялістаў ды краязнаўцаў, ня ведае, што раней Нёман называўся Кронанам. Рака, як лякмусавая паперка, адлюстроўвае стаўленьне чалавека да біясфэры і адначасна да ўсяго жывога і сябе самога”.
XS
SM
MD
LG