Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дазваляюць выказвацца супраць рэфэрэндуму беларуская Канстытуцыя і законы?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністэрства юстыцыі абвінавачвае Беларускі Хэльсынскі камітэт у парушэньні Канстытуцыі, закону аб грамадзкіх арганізацыях і ўласнага статуту за заклік да грамадзянаў “сказаць “не” рэфэрэндуму”. Ці напраўду гэта забаронена?

Цалкам неабгрунтаванымі лічыць прэтэнзіі да БХК былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў. Ён кажа, што закон нікому не забараняе агітаваць супраць рэфэрэндуму.

(Фадзееў: ) “У нас грамадзяне і грамадзкія арганізацыі могуць выказваць свае меркаваньні, у тым ліку і паводле пытаньняў, якія выносяцца на рэфэрэндум. Таму, калі БХК выказаў свае меркаваньні, што ў гэтым процізаконнага? Справа іншая, што могуць прычапіцца да нейкіх фармулёвак і гэтак далей. Нельга абражаць, нельга скажаць фактаў, заклікаць да зьвяржэньня ўлады. Але ўсім вядома, што можна агітаваць як за, гэтак і супраць кандыдатаў у дэпутаты і пытаньняў, якія выносяцца на рэфэрэндум”.

Пры гэтым Валер Фадзееў адзначыў нераспрацаванасьць мэханізму забесьпячэньня роўнасьці ў агітацыі за і супраць. Паводле Валера Фадзеева, праціўнікам рэфэрэндуму не даводзіцца разьлічваць, што ім дадуць эфір на дзяржаўным тэлебачаньні й радыё, а таксама ў дзяржаўных газэтах, якія кантралююць пераважную большасьць мэдыйнага рынку. Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду лічыць гэты парадак недасканалым. На ягоную думку, гэта ёсьць сапраўдным парушэньнем Канстытуцыі, якая дэкляравала роўнасьць правоў на выказваньні для ўсіх грамадзянаў.

Заклапочанасьць спробамі ліквідаваць БХК выказала вядомая адвакатка Вера Страмкоўская, якая ўзначальвае грамадзкую арганізацыю Цэнтар правоў чалавека. Вера Страмкоўская нагадала пра лёс больш як пяцідзесяці грамадзкіх арганізацыяў, закрытых беларускімі ўладамі цягам апошніх двух гадоў:

(Страмкоўская: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што ў нас няма магчымасьці выказваць свае думкі, калі гэтыя думкі не супадаюць з поглядамі ўлады”.

Гл. таксама • Улады адмовілі ў рэгістрацыі ста вылучэнцам апазыцыйных партыяў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG