Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства юстыцыі спрабуе праз суд закрыць Беларускі Хэльсынскі камітэт


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністэрства юстыцыі Беларусі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі найбуйнейшай праваабарончай арганізацыі краіны — Беларускага Хэльсынскага камітэту. У міністэрстве лічаць, што праваабаронцы БХК парушылі закон, калі ў нядаўнім звароце да грамадзянаў краіны заклікалі “сказаць “не” рэфэрэндуму”. Між тым, у БКХ кажуць, што дзейнічалі згодна са статутам арганізацыі.

Ліквідацыі Беларускага Хэльсынскага камітэту дамагаецца Міністэрства юстыцыі Беларусі, якое лічаць, што праваабаронцы парушылі закон, калі заклікалі грамадзянаў краіны “сказаць “не” рэфэрэндуму”.

(Бондар: ) “Гэтым БХК парушыў Канстытуцыю, закон і свой асабісты статут”, — сказала Тацяна Бондар зь Міністэрства юстыцыі, якая кантактуе з журналістамі.

Аднак Тацяна Бондар не патлумачыла, у чым канкрэтна бачаць гэтыя парушэньні.

Зварот БХК адносна рэфэрэндуму быў агалошаны 8 верасьня. Праваабаронцы палічылі ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб рэфэрэндуме неканстытуцыйным. У прыватнасьці, у звароце было сказана: “Беларускі Хэльсынскі камітэт заклікае грамадзянаў краіны з усёй адказнасьцю паставіцца да лёсу краіны і свайго асабістага лёсу і сказаць “не” рэфэрэндуму”.

Старшыня БХК Тацяна Процька ня згодная з абвінавачаньнямі Мінюсту. Яна кажа, што праваабаронцы маюць права выказаць сваю пазыцыю што да рэфэрэндуму, а ўлады спрабуюць ліквідаваць БХК, каб запалохаць іншых.

(Процька: ) “Калі раней хоць неяк маскаваліся пад законнасьць, то цяпер гэты фігавы лісток дэмакратычнасьці адкінуты”.

Цяпер у БХК няма папярэджаньняў аб парушэньні закону, але паводле закону аб грамадзкіх арганізацыях, магчыма ліквідаваць арганізацыю нават за адно парушэньне, калі яно будзе прызнанае грубым. Зь мінулага году ў Беларусі было зьліквідавана больш за 50 няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку праваабарончыя арганізацыі “Вясна”, “Прававая дапамога насельніцтву”, “Незалежны цэнтар прававых дасьледаваньняў” ды іншыя. Калі адбудзецца працэс па справе БХК, пакуль невядома.

Гл. таксама • Ці дазваляюць выказвацца супраць рэфэрэндуму беларуская Канстытуцыя і законы
XS
SM
MD
LG