Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія сябры КХП БНФ распачалі агітацыйную кампанію супраць парлямэнцкіх выбараў ды рэфэрэндуму


Браніслава Станкевіч, Віцебск Цягам наступнага месяца яны плянуюць правесьці шэраг пікетаў ля “Сіняга дому”, каб агітаваць віцяблянаў ня браць удзелу ў выбарах ды рэфэрэндуме 17 кастрычніка.

Віцебскія сябры КХП БНФ Уладзімер Плешчанка, Аляксандар Салаўян ды Барыс Хамайда выйшлі сёньня да “Сіняга дому” з плякатамі “Не хадзіце на выбары ды рэфэрэндум — усё адно падмануць” і “Пустыя выбарчыя ўчасткі — найлепшы сродак супраць фальсыфікацыяў”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Хамайда, чаму вы лічыце неабходным праводзіць у Віцебску такую агітацыйную кампанію?”

(Хамайда: ) “У нас ужо восем гадоў, як прыпыненая дзейнасьць легітымнай Канстытуцыі — з 1994 году. А калі ў краіне няма Канстытуцыі, то ня можа быць гаворкі ні пра якія выбары. Таму іх трэба байкатаваць. А што тычыцца рэфэрэндуму, то ўсім, здаецца, зразумела, што ён ня мае ніякіх прававых падставаў”.

Міліцыянты колькі разоў рабілі заўвагі пікетоўцам, але нікога не затрымалі. Пасьля трохгадзінавага пікетаваньня ды гаворак зь землякамі ўдзельнікі акцыі зрабілі наступныя высновы:

(Хамайда: ) “Што да рэфэрэндуму, то шмат людзей разумее, што нельга даваць Лукашэнку такіх паўнамоцтваў. А што да выбараў, то зразумела, што будзе выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс і людзей пагоняць на выбары гвалтам”.

Тым ня менш агітацыйную кампанію супраць удзелу ў выбарах ды рэфэрэндуме апазыцыянэры вырашылі працягваць да самага 17 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG