Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адмовілі ў рэгістрацыі ста вылучэнцам апазыцыйных партыяў


Валер Каліноўскі, Менск Апазыцыйныя кандыдаты, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, за рэдкім выключэньнем зьбіраюцца абскарджваць рашэньні акруговых камісіяў у Цэнтарвыбаркаме і Вярхоўным судзе. Пра статыстыку вылучэньня і рэгістрацыі сяброў апазыцыйных партыяў паведамляе наш карэспандэнт.

Апазыцыйныя палітычныя партыі ў суме вылучылі 224 кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту. На гэты час вядома, што акруговымі камісіямі адмоўлена роўна 100 зь іх — лічба можа вырасьці, бо некалькім актывістам тэрмін рэгістрацыі адкладзены на пяць дзён.

Найбольшыя страты панесла АГП, было адмоўлена больш як палове яе вылучэнцаў — 32 з 60. З 55 вылучаных сябраў БНФ адмоўлена 21, з 52 прэтэндэнтаў на мандат дэпутата з “Народнай грамады” на гэтым этапе вымушана сышлі з выбарчай гонкі 24. У БСДГ з 19 кандыдатаў не зарэгіставаныя 9. З 38 апазыцыйных камуністаў адмоўлена ў рэгістрацыі 14 кандыдатам. Амаль усе яны зьбіраюцца абскарджваць гэтае рашэньне ў ЦВК і Вярхоўным судзе.

У іншых партыях таксама рыхтуюцца скаргі на большасьць выпадкаў нерэгістрацыі. У БСДГ і “Народнай грамадзе” паведамілі таксама, што некаторыя іх вылучэнцы самі зьнялі свае кандыдатуры пад ціскам уладаў альбо адміністрацыяў прадпрыемстваў.

Лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч ахарактарызаваў гэты этап выбарчай кампаніі як недэмакратычную праяву няроўнасьці ў падыходах камісіяў да вылучэнцаў апазыцыі і ўладаў.

(Статкевіч: ) “Вялікі працэнт нерэгістрацыі, але дастатковы працэнт рэгістрацыі дзеля таго, каб апазыцыя магла правесьці кампанію ў большасьці акругаў, абапіраючыся на выбарчыя штабы кандыдатаў”, — зазначыў Мікола Статкевіч.
XS
SM
MD
LG