Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне тыдня: “Што можа зьмяніцца, калі краіну ўзначаліць іншы палітык?”


Алесь Дашчынскі, Менск Аляксандар Лукашэнка папярэджвае, што калі ўлада будзе не ў ягоных руках, сытуацыя ў краіне непазьбежна пагоршыцца. А як лічыце вы: што можа зьмяніцца, калі краіну ўзначаліць іншы палітык? На пытаньне тыдня адказваюць жыхары Менску.

(Спадар: ) “У нас разумных людзей многа ў Беларусі, ня толькі адзін Лукашэнка. Я думаю, што многае можа зьмяніцца ў лепшы бок, эканамічнае становішча ў першую чаргу і дабрабыт людзей”.

(Спадарыня: ) “Ай, я вельмі сумняваюся. Новая мятла па-новаму мяце. Заўсёды так атрымліваецца, калі нехта новы прыходзіць да ўлады, пачынаюцца перамены, і ня ў лепшы бок”.

(Спадар: ) “Цяжка сказаць, але ўлада аднаго чалавека — гэта заўсёды дрэнна. Зьмена лідэра, нейкія перамены, зьмена структураў улады. Больш свабоды ў эканамічнай дзейнасьці, таму што ўсё пад кантролем уладаў знаходзіцца, і гэта стрымлівае разьвіцьцё Беларусі”.

(Пэнсіянэрка: ) “Калі будзе разумны, палепшыцца, калі ня дужа, то хто яго ведае? Мяне клапоцяць грошы, каб трошкі лепш было, ды многа чаго. Я хачу, каб нашай моладзі жылося лепш, чым нам”.

(Юнак: ) “Гледзячы які палітык прыйдзе. Калі прыйдзе арыентаваны на Захад, горш мы, прынамсі, жыць ня станем”.

(Пэнсіянэр: ) “Новая ўлада прыходзіць і пачне красьці, ім жа трэба нажыцца, як нажыўся Гарбачоў і ўсе астатнія”.

(Юнак: ) “Ня будзе так ужо горш, як ён кажа: тут і ўзрываць будуць, і тут рэзка ўсё пагоршыцца. Ня будзе моцна так горш. Можа, што і палепшыцца. Каб больш свабоды было, каб так не ашуквалі адкрыта народ, каб больш сур’ёзна, рэальна адносіліся да палітыкі”.

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнка папярэджвае, што калі ўлада будзе не ў ягоных руках, сытуацыя ў краіне непазьбежна пагоршыцца”.

(Спадарыня: ) “Не ягоная заслуга ў тым, што мы жывём спакойна”.

(Карэспандэнт: ) “А як лічыце вы: што можа палепшыцца, калі краіну ўзначаліць іншы палітык?”

(Спадарыня: ) “Ва ўсякім разе, мы ня будзем сямімільнымі крокамі бегчы назад, да сацыялістычнага грамадзтва. Мы пойдзем наперад, як і Расея, пойдзем шляхам рэформаў і прагрэсу, а ня будзем адкатвацца назад”.

(Спадар: ) “Я за тое, што Канстытуцыю дзесяць разоў не мяняюць, два тэрміны — і ўсё. Трэба верыць у лепшае, што за такія адносіны да жыцьця, што ўсё горш будзе? Павінна быць лепш”.

(Спадарыня: ) “Я баюся, што калі Лукашэнка ня будзе пры ўладзе, то ўсе нашы фабрыкі й заводы пойдуць у прыватныя рукі, а я гэтага не жадаю, я ўжо ведаю, што гэта такое. Потым мала веры, мы настолькі разуверыліся ва ўсім”.

(Спадар: ) “Хто павінен рухаць наперад дабрабыт народу, таго трэба і чакаць, каб прыйшоў да ўлады”.

(Спадар: ) “Я не хацеў бы, каб мы жылі ў краіне, дзе каста Лукашэнкі правіла бы нашай краінай пажыцьцёва”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ўсё неадназначна будзе, але нешта мяняць трэба, а іначай жыць нецікава далей”.

(Дзяўчына: ) “Цяжка сказаць, спачатку патрэбна гэтаму палітыку прыйсьці да ўлады, а потым ужо будзем глядзець, як ён будзе кіраваць. Усё павінна памяняцца, зьнешняя і ўнутраная палітыка”.

(Дзяўчына: ) “Можа быць, культура будзе больш разьвівацца, усякае астатняе будзе лепш, мабыць, насельніцтву будзе лягчэй жыць”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG