Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

17 верасьня 1794 году каля Крупчыцаў адбыўся бой між касінерамі Серакоўскага й карнымі аддзеламі Суворава


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 17 і 18 верасьня

17 верасьня 1794 году – важная дата беларускай гісторыі – Крупчыцкі бой, найбуйнейшая бітва той вайны за незалежнасьць. Расейскімі войскамі кіраваў Аляксандар Сувораў, а беларускімі – Кароль Серакоўскі. На дапамогу Серакоўскаму прыйшлі тры тысячы сялян-касінераў, гэта значыць – ваяроў, што былі ўзброеныя косамі. Усяго ў бітве з абодвух бакоў удзельнічала больш за 20 тысяч чалавек. Дзея адбывалася каля вёскі Крупчыцы цяперашняга Жабінкаўскага раёну.

17 верасьня 1939 году адбылося ўзьяднаньне дзьвюх частак Беларусі, так званы вызваленчы паход Чырвонай арміі на Польшчу, пад уладай якой на 20 гадоў перад тым апынулася Заходняя Беларусь. Фармальны матыў узьяднаньня краіны дагэтуль блытае многіх аматараў гісторыі. Сапраўды, беларуская нацыя апынулася ў адной дзяржаве, але ўзьяднаная краіна была пры гэтым зьменшаная па пэрымэтры. Беларусь страціла Беласточчыну, Віленшчыну, Дзьвіншчыну, заходнюю Смаленшчыну й Браншчыну, паўночную Чарнігаўшчыну. Словам, замест дзьвюх палавінак засталася сэрцавінка. У выніку “вызваленчага паходу” сотні тысяч мірных насельнікаў Заходняй Беларусі былі забітыя альбо вывезеныя ў Сібір, а па ўсёй краіне запанавала атмасфэра дзяржаўнага тэрору і русыфікацыі.

17 верасьня 1857 году нарадзіўся расейскі тэарэтык космасу Канстанцін Цыялкоўскі. Беларускія гісторыкі зьвяртаюць увагу на ягонае паходжаньне са старога шляхецкага роду Цялкоўскіх.

17 верасьня 1891 году прыйшоў на сьвет Антон Баліцкі – адзін з плеяды беларускіх нацыянал-камуністаў, міністар асьветы БССР, які за сваю дзейнасьць быў засуджаны на 10 гадоў турмы, а ў 1937-м – расстраляны.

17 верасьня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускія літаратары Сяргей Дзяргай, Максім Танк і Ўладзімер Калесьнік. Таксама ў такі дзень у 1949 годзе нарадзіўся адзін з найбольш прыкметных беларускіх палітыкаў сучаснасьці Генадзь Карпенка.

Цяпер пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

18 верасьня 1851 году выйшаў першы нумар адной з найбуйнейшых газэтаў сьвету “Нью-Ёрк Таймс”. Каштаваў той нумар 2 цэнты. Цяперашні нумар гэтай газэты каштуе даляр.

18 верасьня 1991 году кіраўніком беларускага парлямэнту быў абраны Станіслаў Шушкевіч, на той час – фактычны кіраўнік краіны. Гэтую пасаду Шушкевіч страціў у 1994 годзе.

А 18 верасьня 1995 году на загад новага кіраўніцтва Беларусі самалёт-зьнішчальнік беларускіх ВПС зьбіў паветраны шар, які пралятаў над краінай па ўзгодненым маршруце міжнароднага мірнага мерапрыемства. Экіпаж шара – 2 чалавекі – загінуў пры падзеньні. Адным з падарожнікаў быў амэрыканскі вэтэран вайны з гітлераўскай Нямеччынай.
XS
SM
MD
LG