Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто й за што атрымаў першы ордэн у БССР?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Краязнаўцы Бялыніцкага раёну Магілёўшчыны прапануюць паставіць помнік мясцовай гістарычнай падзеі: 80 гадоў таму мэліярацыйнае таварыства з тутэйшай вёскі Васількі атрымала першы ордэн БССР. Помнікам, паводле ідэі краязнаўцаў, павінен стаць вялікі камень, валун у полі, дзе сяляне капалі асушальны канал.

80 гадоў таму бедныя сяляне з вёсак Васількі і Галоўчын Бялыніцкага раёну стварылі таварыства, каб асушыць балота. Зямлі ў гэтай акрузе не хапала, распавядаюць краязнаўцы, таму што пачаўся час НЭПу, і больш заможныя вяскоўцы апрацоўвалі лепшыя кавалкі зямлі. Бедната вырашыла асушыць балота, і за лета людзі пракапалі 4 кілямэтры. Паводле сьведчаньняў таго часу, гэта была катаржная праца ў страшных умовах. Але вынік быў – на асушаных землях сталі ўрэшце касіць і араць.

За такі працоўны энтузіязм мэліярацыйнае таварыства “Васількі” ў 1924 годзе ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага чырвонага сьцяга за нумарам адзін – гэта быў першы беларускі ордэн, і менавіта гэтым праславіліся звычайныя бялыніцкія вёскі Галоўчын і Васількі.

А пры чым тут камень? Чаму менавіта ён стане помнікам гістарычнай падзеі? Справа ў тым, што на гэтам валуне стаяў старшыня ЦВК БССР Аляксандар Чарвякоў, які прыехаў уручыць ордэн. Камень стаў імправізаванай трыбунай, зь якой Чарвякоў заклікаў сялянаў да новых вышыняў калектыўнай працы. Гэты чалавек зрабіў уражаньне на беднату тым, што апрануў гумавыя боты, залез у канаву і зрабіў некалькі сымбалічных капкоў. Атрымліваецца, што за 80 гадоў спосабы заваяваньня сымпатыяў аўдыторыі мала зьмяніліся.

Па-другое, камень ёсьць – сродкі патрэбныя хіба што на шыльду. Гэта, напэўна, будзе сьціплая сума, але яе лягчэй дамагчыся ад уладаў. 80-годзьдзе такой падзеі як уручэньне 1-га ордэну Працоўнага чырвонага сьцягу ў Беларусі, павінна быць адзначанае, упэўнены краязнаўца з Галоўчына Васіль Цыркуноў:

(Цыркуноў: ) “Першае, што гэта беларускі ордэн. Першы беларускі ордэн, і больш не было да 92-га году, калі зьявіліся новыя ўзнагароды. Па-другое, што гэта ордэн за заслугі цэлага калектыву. Гэта калектыўная праца людзей была адзначана такой высокай узнагародай”.

Гэты ордэн Працоўнага чырвонага сьцягу пад нумарам 1, які атрымала сялянскае таварыства, захоўваўся ў сельскім савеце і зьнік за часам акупацыі. Разам з калгаснымі і савецкімі дакумэнтамі яго закапалі ў лесе, аднак нехта знайшоў. Тыя, хто яго бачыў і трымаў у руках, узгадваюць, што нам былі зробленыя надпісы на беларускай, польскай і габрэйскай мове – якраз тады быў пэрыяд беларусізацыі.

На заканчэньне размовы пра камяні я б хацела некалькі словаў сказаць пра яшчэ адзін валун у Бялыніцкім раёне, дзе цяпер, відаць, тэма камянёў стала надзвычай актуальнай. У вёсцы Падзевічы атрымаў вядомасьць камень, які месьціцца каля магілаў папа і пападзьдзі. У яго ёсьць адтуліна, куды зьбіраецца раса, і вось гэтая вадкасьць, так гавораць мясцовыя жыхары, лечыць некаторыя хваробы. У прыватнасьці, дапамагае пазбавіцца бародавак. Гэты валун-лекар ці абярэг стаў яшчэ адной бялыніцкай славутасьцю. І нават больш папулярнай, чым той гістарычны камень, на якім 80 гадоў таму стаяў Аляксандар Чарвякоў.
XS
SM
MD
LG