Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За месяц махляр зарабіў на кампаніях мабільнай сувязі 100 000 даляраў


Любоў Лунёва, Менск Кампаніям мабільнай сувязі ў Беларусі махляры нанесьлі істотную матэрыяльную шкоду на сотні тысячаў даляраў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў упершыню сутыкнуліся з махлярствам такога кшталту. Удалося арыштаваць аднаго з іх – грамадзяніна Пакістану. У чым палягала сутнасьць гэтага махлярства?

Як, увогуле, можна скрасьці грошы ў апэратараў сотавай сувязі, дзе такая моцная сыстэма бясьпекі? Насамрэч, як высьветлілася, што зрабіць гэта не так і складана. Махляры знаходзілі людзей, давалі ім грошы, каб тыя аформілі дамовы з кампаніямі сотавай сувязі, набылі там sim-картку і заплацілі 100 000 рублёў за такую паслугу, як канфэрэнц-сувязь і роўмінг.

А потым усё проста: махляры ехалі ў Польшчу, ці ў Нямеччыну і там прапаноўвалі грамадзянам былых савецкіх рэспублік на перамоўных пунктах пакарыстацца сваім тэлефонам. Добра апрануты чалавек тлумачыў, што дасьць патэлефанаваць у Нью-Ёрк, ці ў Маскву, ці ў Парыж (каму куды трэба) за меншыя грошы, бо часова трапіў у цяжкае фінансавае становішча. Казаў: “Вы асабіста мне заплаціце грошай менш, чым у касу за паслугу”. Людзі з задавальненьнем пагаджаліся паразмаўляць з замежжам за меншыя грошы, а махляр браў грошы сабе ў кішэню. За дзень ён мог атрымаць больш за 1000 даляраў, а sim-картка каштавала яму меней чым 50 даляраў.

Але незразумела: калі абанэнт выйшаў за межы той сумы, якую заплаціў за роўмінг, то чаму яму папросту не адключалі тэлефон? Справа ў тым, што такая апэрацыя, калі абанэнт знаходзіцца ў замежжы, пакуль яшчэ не адпрацаваная. Замежным кампаніям выгодна, калі мы карыстаемся тэлефонам усё часьцей і часьцей. Яны потым дасылаюць рахунак беларускім кампаніям, зь якімі заключылі дамовы. Апэратары пакуль ня могуць адсачыць, колькі грошай засталося ў абанэнта. Усё трымаецца на даверы. Калі прыходзіць неверагодны рахунак, прадстаўнікі “Velcome” ці “МТС” ідуць да абанэнта, які нагаварыў на такую суму, а той нічога ня ведае. Кажа, што папрасілі яго добрыя людзі набыць картку, далі старэнькі мабільнік і яшчэ грошай ды бутэльку. Пасьля гэтага кампаніям нічога не застаецца, як зьвяртацца ў праваахоўчыя органы.

Такіх махляроў ужо шмат, але затрымалі пакуль аднаго. Гэта грамадзянін Пакістану. Арыштавалі яго ў Санкт-Пецярбургу, дзе ён таксама набываў карткі, ужо расейскіх кампаніяў. У яго знайшлі 85 sim-картак беларускіх апэратараў мабільнай сувязі, а таксама некалькі картак – расейскіх. Гэты чалавек з 2 красавіка па 3 траўня “зарабіў” сабе 100 000 амэрыканскіх даляраў. Толькі за адзін месяц! Так што можна сабе ўявіць лічбы стратаў ад махляроў.

Дырэкцыі кампаніяў адмовіліся назваць мне канкрэтную лічбу стратаў, спаслаўшыся на камэрцыйную таямніцу, але казалі, што гэта сотні тысячаў даляраў і вялікая праблема для кампаній. Так што махляры прыстасоўваюцца да новых тэхналёгіяў значна хутчэй, чым распрацоўваюцца сыстэмы бясьпекі.
XS
SM
MD
LG