Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў: каля 80 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў не зарэгістраваныя


Валер Каліноўскі, Менск Учора завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Папярэдне некаторыя экспэрты казалі, што будзе татальная нерэгістрацыя кандыдатаў ад апазыцыі. Але татальнай нерэгістрацыі не адбылося – адбылася, так бы мовіць, палавінчатая.

Усяго ад апазыцыйных партыяў было вылучана каля 190 кандыдатаў, паводле апошніх няпоўных зьвестак каля 80 зь іх не зарэгістраваныя. Дакладна вядома, што не зарэгістравана больш за палову кандыдатаў ад АГП. Не зарэгістраваная і група “Рэспубліка” амаль у поўным складзе. Адмоўлена ў рэгістрацыі такім вядомым людзям, як Зінаіда Бандарэнка, Станіслаў Шушкевіч ці Ўладзімер Ганчарык, а таксама многім апазыцыянэрам, якія прабіліся ў мясцовыя саветы і мелі рэальныя шанцы на перамогу.

Лідэры апазыцыі бачаць у гэтых дзеяньнях канкрэтны сцэнар улады: пакінуць зарэгістраванымі частку знакавых фігур – Вячорку, Лябедзьку, Дабравольскага – для ўвагі міжнароднай супольнасьці, не дапусьціўшы пры гэтым большасьць тых, хто меў бы рэальны шанец на перамогу, асабліва ў гарадах.

Чым тлумачаць акруговыя камісіі свае рашэньні аб нерэгістрацыі кандыдатаў? Найбольш пашыраныя прэтэнзіі – да іхных падаткавых дэклярацыяў: там ня ўлічаныя нейкія дадатковыя ганарары, нікчэмныя акцыі беларускіх пардпрыемстваў, за якія ні капейкі не было атрымана, як у Мечыслава Грыба.

Нечакана груба абыйшліся з цэлым шэрагам сябраў АГП, якім мясцовыя органы юстыцыі за дзень-два да рэгістрацыі скасавалі іх партыйныя суполкі на месцах – адпаведна, людзі страцілі магчымасьць партыйнага вылучэньня.

Шмат памылак было знойдзена ў подпісах, часам знаходзілі неадпаведнасьць месца пражываньня месцу прапіскі.

Якой цяпер будзе канкурэнцыя ў выбарчых акругах? Учора я наведаў паседжаньне камісіі Усходняй акругі ў Менску, там засталося ўсяго тры кандыдаты: лідэр БНФ Вінцук Вячорка, сябра Савету Рэспублікі Уладзімір Крук і грузчык Яўген Даронін, сябра ЛДП. Пры такім раскладзе адназначна ўжо ў перым туры будзе вызначаны пераможца. Ва Ўруцкай акрузе з 13 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат засталося тры. Абагульняць рана, але бачна, што даволі шмат зроблена акруговымі камісіямі для выкананьня задачы А. Лукашэнкі правесьці выбары ў адзін тур.
XS
SM
MD
LG