Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя два ўдзельнікі акцыі ў Салігорску


Міхал Стэльмак, Салігорск Акцыя “Хочам ведаць праўду”, якая адбылася 16 верасьня ў Салігорску, была спыненая мясцовымі міліцыянтамі. Яны затрымалі двух яе ўдзельнікаў Яўгена Валодзьку і Уладзіміра Пятровіча.

Чацьвёра салігорцаў брала ўдзел у акцыі, прымеркаванай да 5-годзьдзя зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага. Яны прыйшлі на цэнтральную плошчу горада з партрэтамі зьніклых і плякатам са зваротам да прэзыдэнта краіны пра неабходнасьць высьвятленьня лёсаў вядомых дзеячоў. Аднак неўзабаве на плошчы зьявіліся міліцыянты. Распавядае адзін з удзельнікаў акцыі Уладзімер Пятровіч:

(Пятровіч: ) “Двое зьбеглі, калі міліцыя прыехала, а мы засталіся. Плякат быў разьвешаны. Я трымаў, і Валодзька Жэня. Каб прэзыдэнт даў адказ, дзе прапалі Красоўскі і Ганчар. І потым міліцыя склала пратакол і сказала зьявіцца заўтра а 11-й гадзіне”.

Паведаміў Уладзімер Пятровіч, які ёсьць сябрам Партыі БНФ. Зазначу таксама, што другі затрыманы удзельнік сёньняшняй акцыі Яўген Валодзька ёсьць сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Як мяркуюць спадары Пятровіч і Валодзька, заўтра ж іхную справу разгледзіць Салігорскі гарадзкі суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG