Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольш пэрспэктыўныя вылучэнцы ад апазыцыі не дапушчаныя да ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў гарадзкіх акругах


Валер Каліноўскі, Менск Завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Акруговыя камісіі не зарэгістравалі кандыдатаў ад апазыцыі выбарачна, пераважна найбольш моцных. У шэрагу акругаў колькасьць кандыдатаў дазваляе разьлічваць на перамогу аднаго зь іх у першым туры, як хацеў А. Лукашэнка.

Паводле папярэдніх зьвестак, прыблізна палова вылучаных ад апазыцыйных партыяў кандыдатаў не зарэгістраваная. Напрыклад, у чацьвер увечары ў Народнай грамадзе ведалі пра 15 незарэгістраваных і 19 зарэгістраваных, у АГП гэтыя лічбы складалі адпаведна 31 і 23. У БНФ колькасьць незарэгістраваных вылучэнцаў складае 20.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі са зьдзіўленьнем заўважылі, што вельмі шмат адмоваў у Гомельскай вобласьці. Прадстаўніца выбарчага штабу АГП Кацярына Ткачэнка тлумачыць гэта тым, што на Гомельшчыне былі вельмі моцныя кандыдаты, якіх улады не дапусьцілі да выбараў. Не змаглі прайсьці сіта рэгістрацыі й найбольш актыўныя дэпутаты групы Рэспубліка, якія лічыліся прахаднымі. У цэлым лідэры апазыцыі зазначаюць, што іх найбольш пэрспэктыўныя вылучэнцы не дапушчаныя да ўдзелу ў выбарчай кампаніі у гарадзкіх акругах.

У шэрагу акругаў колькасьць кандыдатаў зьведзеная да двух-трох: напрыклад, ва Ўруцкай акрузе ў Менску з 13 прэтэндэнтаў зарэгістравалі толькі трох. Такім чынам, там магчымы вынік у першым туры галасаваньня.

Зь лідэраў партыяў Пяцёркі не зарэгістравалі Аляксандра Бухвостава і Станіслава Шушкевіча. Лідэраў БНФ, АГП і ПКБ зарэгістравалі, усе яны балятуюцца ў Менску.
XS
SM
MD
LG