Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У “Жывым ланцугу неабыякавых людзей” стаялі сваякі зьніклых і апазыцыйныя палітыкі


Юры Сьвірко, Менск У пятую гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага, на Кастрычніцкай плошчы Менску адбылася чарговая акцыя “Хочам ведаць праўду”. Яе ўдзельнікі, трымаючы кветкі й партрэты зьніклых, утварылі “Жывы ланцуг неабыякавых людзей”.

Акцыя доўжылася гадзіну, ад 6 да 7-й вечара. Пасьля яе заканчэньня з Кастрычніцкай плошчы зьехалі тры пустыя міліцэйскія аўтобусы, падрыхтаваныя для затрыманых, якіх не было. У ланцугу стаялі каля ста чалавек – яны трымалі партрэты Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага, а таксама Юрыя Захаранкі й Зьмітра Завадзкага. Маці апошняга, Вольга Завадзкая, сказала Радыё Свабода:

(Завадзкая: ) “Улады нічога ня робяць. Яны зусім не зацікаўленыя ў тым, каб увесь гэты пласт неверагодных злачынстваў, за якімі ўсё-ткі стаіць вярхушка нашай дзяржавы, каб гэтыя справы былі раскрытыя”.

Вольга Завадзкая паведаміла, што будзе падаваць у суд на пракуратуру, якая дагэтуль не адказала на яе запыт у зьвязку зь ліпеньскай заявай Аляксандра Лукашэнкі.

Апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту будуць нагадваць выбарцам пра зьніклых у часы прэзыдэнцтва спадара Лукашэнкі, сказаў падчас акцыі зарэгістраваны кандыдат ад Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які балятуецца ў менскай Чыжоўцы.

(Янукевіч: ) “Я буду выкарыстоўваць і тэму зьніклых, шмат буду таксама гаварыць пра рэфэрэндум і заклікаць казаць Лукашэнку “Не”. Падчас агітацыі за сябе як кандыдат я буду мець больш магчымасьцяў данесьці да людзей гэтую інфармацыю”.

У ланцугу стаялі таксама Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Багданкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Юры Хадыка ды іншыя вядомыя асобы. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў пра патрабаваньні “Хочам ведаць праўду” наступнае:

(Лябедзька: ) “Гэта такі беларускі “сакрэт Полішынэля”: усе ўсё ведаюць – хто за гэтым стаіць, хто нясе адказнасьць. Выносіць прысуд – вось што насамрэч лягічна было б 5 гадоў пасьля таго, што адбылося, каб мы сёньня бачылі. Гэтага няма – гэта значыць, што ёсьць матывацыя ісьці і на трэці, і на дзесяты тэрмін, калі ніткі гэтых злачынстваў вядуць вунь у той будынак, насупраць якога адбываецца акцыя”.

Нагадаю, што ўдзельнікі ланцугу стаялі тварам да будынку адміністрацыі прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG