Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьціць, завяршыць


Юрась Бушлякоў, Менск Аляксандар Лукашэнка рэфэрэндум абвясьціў ці абвесьціў – якая зь дзьвюх ужываных у сёньняшнім маўленьні формаў нарматыўная?

Вядома ж, першая. Абвясьціў – форма прошлага часу ад дзеяслова абвясьціць. Я абвяшчу, яна абвясьціла, мы ці яны абвясьцілі – у названых формах нарматыўны націск на трэцім складзе – таксама як і ў пачатковай форме – інфінітыве. У будучым часе, з выняткам формы першай асобы адзіночнага ліку, націск пераходзіць на другі склад: ты абвесьціш, ён або яна абвесьціць, мы абвесьцім, вы абвесьціце, а яны абвесьцяць.

Таксама паводзіць сябе націск і ў такіх, напрыклад, дзеясловах, як апрануць, вярнуць, дасягнуць, завяршыць. Мы завяршылі, а ён пазьней завершыць, я вярну сёньня, а яны вернуць заўтра, мы дасягнулі, а ён ці дасягне, я апрану, а ты не апранеш.

Праілюстраваныя й шматлікія аналягічныя ім дзеясловы маюць рухомы націск. Ненарматыўныя формы тыпу абвесьціў, завершылі – ня што іншае, як вынік перанясеньня на ўсе іншыя формы (у тым ліку на інфінітыў) націску формаў будучага часу. Пры такім перанясеньні парушаецца традыцыйнае формаўжываньне дзеясловаў. Не замахваючыся на яго, скажам па-беларуску: мінулым тыднем раённы суд у Горадні завяршыў працэс над Валер’ем Леванеўскім, асуджаны на двухгадовае зьняволеньне Леванеўскі абвясьціў галадоўку, праз колькі дзён акруговыя камісіі завершаць рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты, Цэнтравыбаркам абвесьціць вынікі рэгістрацыі.
XS
SM
MD
LG